Сяргей Ганчаронак сёння прымае віншаванні ад самых родных — дваіх сыноў і дзвюх дачушак

Месцам сустрэчы і знаёмства Сяргея і Алены стала Мар’іна Горка, дзе ён служыў у арміі, а яна вучылася і працавала ў магазіне. Дарэчы, у той гандлёвы аб’ект салдат стаў наведвацца пры кожным зручным выпадку, каб убачыць красуню, якая закранула яго душу.
Але не так проста было заваяваць яе сэрца. Спатрэбілася амаль два гады, каб дзяўчына пераканалася, што гэты хлопец не выпадковы знаёмы, ён можа стаць надзейным спадарожнікам жыцця.
Пасля дэмабілізацыі Сяргей прыехаў у Асіповічы і стаў працаваць фармоўшчыкам на заводзе жалезабетонных канструкцый. Сюды ж перабралася і Алена. Першым яе рабочым месцам было кафэ «Юность».
Калі закаханыя стварылі сям’ю, адразу і не задумваліся, што пройдзе час і яна набудзе статус шматдзетнай.
Спачатку нарадзіліся сыны Мікалай і Канстанцін. А праз некалькі гадоў Сяргей даведаўся, што будзе папаўненне, і прыняў навіну з радасцю, якую ўзмацніла паведамленне доктара аб тым, што сям’я павялічыцца адразу на дваіх чалавек і абедзве — дзяўчынкі. Дарэчы, гэта не першыя двайняты ў іх раду. А стаць бацькам дачушак Сяргей у глыбіні душы даўно марыў.
Цяпер у іх вялікая і дружная сям’я. Мікалай вучыцца ў Мар’інагорскім аграрна-тэхнічным каледжы, захапляецца тайландскім боксам, нават быў прызёрам рэспубліканскіх спаборніцтваў. Сябруе са спортам і яго малодшы брат. Дванаццацігадовы Канстанцін паспявае не толькі рабіць урокі (вучыцца ён у СШ № 4), але і наведваць секцыю гандбола, прычым таксама вынікова, не раз удзельнічаў у абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Хлопчыкі любяць і апякаюць шасцігадовых Крысціну і Аліну, дапамагаюць ім рыхтавацца да школы, куды сёстры пойдуцьу наступным годзе.
Збірацца ўсёй сям’ёй удаецца нячаста. У такія хвіліны бацькі з дзецьмі адпраўляюцца ў басейн або на велапрагулку, каб набрацца сіл, карысна правесці час. У мужчынскай часткі сям’і ёсць яшчэ адна важная агульная справа: яны будуюць дом.
Бацька наогул лічыць, што вучыць неабходна на ўласным прыкладзе.
Хлопцы бачаць, што тата заняты справай, і стараюцца раўняцца на яго. Да працы дзяцей трэба прывучаць з маленства, упэўнены Сяргей Міхайлавіч. Напрыклад, Мікалай ужо двойчы на канікулах працаваў у будаўнічай брыгадзе УКП ЖКГ. Гэтым летам клаў плітку на вуліцах 60 год Кастрычніка і Першамайскай. Умее касіць, упэўнена трымае ў руках іншыя інструменты. Расказвае Сяргей сынам і пра прафесіі, якія яны могуць асвоіць, каб у будучым адчуваць сябе ўпэўнена. Да дачушак жа іншы падыход. Тата песціць дзяўчынак, чытае ім перад сном казкі, а яшчэ ён удзельнік многіх іх гульняў і забаў: хіба ж можна адмовіць, калі гарэзы просяць? У такія хвіліны бацька можа ператварыцца хоць у прывід, хоць у іншага мультыплікацыйнага героя. Без праблем зробіць з дзецьмі падзелку ці сходзіць на бацькоўскі сход. Абавязкі таты для мужчыны не ў цяжар, бо хоць работа — працуе Сяргей Ганчаронак начальнікам транспартнага цэха УКП ЖКГ, — і прыносіць фінансавую стабільнасць і сацыяльны статус, але менавіта сям’я і дзеці даюць яму эмацыянальную падтрымку. А яна неабходна і прадстаўнікам моцнага полу.
Заглядаючы наперад, шматдзетны бацька загадвае: «Хачу бачыць сыноў паспяховымі бізнесменамі, дочак — творчымі работнікамі. А калі сур’ёзна: галоўнае, каб усе яны рэалізаваліся ў жыцці і былі шчаслівымі”.
Верыцца, што так яно і будзе, бо расквечанае яркімі колерамі дзяцінства стварае трывалую аснову для дарослага жыцця і ўмову для паспяховасці і дабрабыту ў будучым.
