Што робіць звычайны прадмет сямейнай рэліквіяй?

Што робіць звычайны прадмет сямейнай рэліквіяй?
Што робіць звычайны прадмет сямейнай рэліквіяй?
Па-першае, час, па-другое, звязаныя з ім успаміны пра дарагіх людзей. Такім прадметам у сям’і асіпаўчанкі Ірыны Жук стаў стары дзядулеў патэфон, які ў сваю чаргу перайшоў у спадчыну ад таты Анатоля Уладзіміравіча Тамашэўскага — чалавека, якога добра ведаюць землякі як былога галоўнага рэдактара раёнкі, выдатнага паэта.
Патэфон можна назваць часткай савецкай культуры. Прычым менавіта савецкай, але аб гэтым крыху ніжэй.

Прыбор для праслухоўвання грамзапісаў не быў вялікай рэдкасцю, аднак захавалася іх няшмат, і сёння падобны рарытэт уяўляе значную цікавасць.

У 20-50-я гады мінулага стагоддзя выпуск грамафонаў і патэфонаў быў нала-джаны на шэрагу прадпрыемстваў, існавала нямала розных мадэляў, якія з цягам часу ўдасканальваліся і станавіліся больш зручнымі ў выкарыстанні.

Трэба падкрэсліць, што паміж грамафонам і патэфонам існуе прынцыповая розніца ў сістэме запісу гуку (у першых яна, умоўна кажучы, гарызантальная,

у другіх — вертыкальная), таму грамафонныя пласцінкі не сумяшчальныя

з патэфонамі і наадварот.

Абедзве сістэмы ўзніклі амаль адначасова і досыць доўга канкурыравалі ў свеце, пакуль не перамагла “гарызантальная”. У СССР для механічнага гуказапісу быў прыняты грамафонны стандарт, але партатыўныя грамафоны называліся “патэфонамі”.

Патэфон мадэлі ПТ-3, што захоўваецца ў сям’і Жук, зроблены ў 50-х гадах мінулага стагоддзя на Маскоўскім патэфонным заводзе Міністэрства мясцовай прамысловасці РСФСР. Механізм яго прыводзіўся ў дзеянне з дапамогай спружыны. Поўнага заводу хапала на праслухоўванне аднаго боку пласцінкі (каля пяці хвілін), і галоўным правілам карыстання было не пераціснуць спружыну, каб яна не лопнула. Гук быў дастаткова моцным, а яго ўзровень не рэгуляваўся. Здымаўся запіс з дапамогай спецыяльнай іголкі. Яны, дарэчы, хутка тупіліся. Замяніць іголку было нескладана, а прадаваліся гэтыя прыстасаванні на вагу і каштавалі танна. Тым не менш гаспадары патэфонаў умелі самастойна заточваць іголкі — лішнім такое майстэрства не было.

Што ж тычыцца гісторыі з’яўлення патэфона ў сям’і Тамашэўскіх, то яна незвычайная і цікавая.

Справа ў тым, што некалі дзядуля Ірыны Уладзімір Андрэевіч працаваў начальнікам Ляснянскага аддзялення сувязі на Кругляншчыне. У тыя часы на вёсцы мала хто выпісваў газеты і часопісы. У пераважнасці сваёй вяскоўцы афармлялі абанементы на “Калгасную праўду” (зараз “Сельская газета” — аўт.). У тыя няпростыя для беларускай вёскі гады “сяльчанка” своечасова даносіла да аграрыяў і аператыўную навіну, і абагульняла перадавы вопыт вядзення сельскагаспадарчай вытворчасці. Зразумела, начальнік пошты вельмі турбаваўся за падпіску на перыядычныя выданні. Ён часта сустракаўся з вяскоўцамі па месцы іх жыхарства і работы. І гэта было выніковым: падпісны тыраж “Калгаснай праўды” ў акрузе дынамічна ўзрастаў. І якім было здзіўленне сям’і, калі ў адным з нумароў “сяльчанкі” ўбачылі фотаздымак таты: фотакарэспандэнт газеты адлюстраваў яго з веласіпедам на пашы сярод даярак і пастухоў Ляснянскай малочнатаварнай фермы калгаса “Кастрычнік”. Тая пажаўцелая ад часу выразка захоўваецца ў сям’і Тамашэўскіх і сёння. А хутка Уладзіміра Андрэевіча запрасілі ў Мінск, у рэдакцыю галоўнай сялянскай газеты рэспублікі. Вярнуўся ён адтуль з новенькім патэфонам і адзінай пласцінкай да яго — “Цірольскі вальс”. А на патэфоне красавалася металічная пласціна з выгравіраваным надпісам “Лепшаму распаўсюджвальніку «Калгаснай праўды»”. Было гэта ў 1958 годзе…

Патэфон паўплываў на культурнае жыццё вескі, дзе жылі Тамашэўскія. Па вечарах яго выносілі на вуліцу і круцілі пласцінкі, якія куплялі ў складчыну і якіх станавілася ўсё больш. Музыку слухалі ўсе — ад старога да малога. Пад яе вучылася танцаваць моладзь, якая часам заседжвалася ля патэфона да першых пеўняў. Уладзімір Андрэевіч пры гэтым любіў паўтараць, што дадзены прыз, які дастаўся яму, — узнагарода ўсёй вёсцы за прыхільнасць яе жыхароў да “сяльчанкі”.

Засталіся ў сям’і і архіўныя фотаздымкі, дзе ля патэфона дзеці Ірыны — Анюта і Мацвей. А зараз прыйшоў час пазнаёміць і сфатаграфаваць з дзіўнай рэччу — прызам прапрадзеда — ужо сваю ўнучку Варвару. Яна яшчэ маленькая, так што “рэч з гісторыяй” пакуль вабіць яе бліскучымі  часткамі ды нязвыклымі формамі.

Але дзяўчынка падрасце і абавязкова ўсвядоміць сапраўдную каштоўнасць сямейнай рэліквіі!

 

 

Последние новости

Год благоустройства

Скорректированы Правила благоустройства и содержания населенных пунктов

20 июля 2025
Читать новость
Общество

В преддверии Дня металлурга корреспондент АК побывала в цехе алюминиевого литья Осиповичского завода автомобильных агрегатов

20 июля 2025
Читать новость
Общество

20 июля – День металлурга

20 июля 2025
Читать новость
Общество

От мечты — к успеху. Специалист по работе с молодежью отдела кадров и технического обучения ОЗАА встретилась с ребятами в воспитательно-оздоровительном лагере “Родник”

19 июля 2025
Читать новость
Общество

Гороскоп на 19 июля для всех знаков зодиака

19 июля 2025
Читать новость
Власть

“Действуйте, не глядя ни на что!” Что Лукашенко потребовал от главы Минсельхозпрода

18 июля 2025
Читать новость

Рекомендуем