Што рабіць, каб ваш чатырохногі сябар не ствараў нязручнасцей навакольным

Людзей, якія гуляюць з сабакамі, зараз можна сустрэць, бадай, у кожным двары. Гаспадары двойчы на дзень выводзяць жывёл на прагулку, каб тыя маглі пабегаць і справіць натуральныя патрэбы. А робяць гэта чатырохногія на бліжэйшай зялёнай зоне, кветніку, здараецца, і дзіцячай пляцоўцы.
Сабака, як вядома, сябар чалавека. Але не ўсім прыемна назіраць вынікі жыццядзейнасці суседскіх сябрукоў каля ўласнага ганка ці побач з кветкамі, што расцвілі на клумбе. Акрамя эстэтычнай нязручнасці, такія прагулкі псуюць санітарны стан гарадскіх тэрыторый.
Звернемся да нарматыўных дакументаў. Згодна з “Правіламі ўтрымання хатніх сабак, кошак, а таксама адлову безнаглядных жывёл у населеных пунктах Рэспублікі Беларусь”, зацверджанымі Саветам Міністраў краіны 4 чэрвеня 2001 г. № 834, уладальнікі жывёл павінны строга захоўваць санітарна-ветэрынарныя нормы, забяспечваць бяспеку людзей і не дапускаць забруджвання агульнадаступных месцаў. Законам “Аб адказным абыходжанні з жывёламі” ад 1 красавіка 2024 г. № 361-З прадугледжваецца “неадкладна забяспечваць уборку прадуктаў жыццядзейнасці жывёлы (за выключэннем сабакі-павадыра) падчас знаходжання з жывёлай у месцы, якое не з’яўляецца месцам яго пастаяннага знаходжання”.
Дакументам забараняецца выгульваць сабак на прыдамавой тэрыторыі і ў месцах з таблічкамі “Выгул сабак забаронены”.
Нельга прыходзіць з жывёлай у грамадскія месцы: магазіны, кафэ і рэстараны, школы і дзіцячыя сады, грамадскія будынкі, паркі і скверы, стадыёны, рынкі, фермы, а таксама іншыя аб’екты, дзе ўстаноўлена забарона на наведванне з жывёламі.
Куды ж можна ісці з чатырохногім? На спецыяльна адведзеныя месцы і пляцоўкі, якія вызначаюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.
У нашым райцэнтры такія знаходзяцца ў раёне спецыяльнай школы-інтэрната, побач з жылым домам № 26 на вуліцы Сацыялістычнай і на пустцы каля перакрыжавання вуліц Юбілейнай і Крыловіча.
Нехта спытае, чаму так мала месцаў выдзелена для гадаванцаў? Справа ў тым, што колькасць пляцовак залежыць ад пагалоўя жывёл. У службе “адно акно” райвыканкама паведамілі, што з чэрвеня 2023 г. у горадзе зарэгістравана 239 сабак. Рэальна ж іх значна больш. Вось і атрымліваецца, што гаспадары жывёл і іх гадаванцы церпяць з-за несумленнасці асобных землякоў.
Тым не менш закон трэба выконваць. І калі да спецыяльнай пляцоўкі дабрацца часам праблематычна, то захапіць на прагулку пакецік і савок па сілах кожнаму. Не ўбіраць за сваёй жывёлінай дазваляецца толькі невідушчаму гаспадару, якога суправаджае сабака-павадыр.
А яшчэ ў апошні час усё часцей даводзіцца сустракаць у магазінах сетак “Еўраопт” і “Дабраном” пакупнікоў, якія перабіраюць тавар, трымаючы на руках сабаку. Чамусьці прадаўцы не рэагуюць на такія паводзіны, хаця не павінны пускаць чатырохногіх у гандлёвы аб’ект, бо знаходжанне жывёл побач з прадуктамі забаронена. А самім гаспадарам лепш забаўляцца з гадаванцамі дома, а не ў гандлёвай зале.
Утрыманне сабакі — справа адказная. Таму, перш чым прывесці ў кватэру жывёліну, трэба добра падумаць, хто і як будзе яе даглядаць, і толькі потым прыняць рашэнне. Спадзяёмся, правільнае.
Инна Заскевич
