Шопінг па-ялізаўску
Жыхары большасці сельскіх паселішчаў не маюць магчымасці выбіраць, дзе набываць неабходныя тавары, бо гандаль тут прадстаўлены ў выглядзе аўталаўкі, што наведваецца згодна з графікам, або адзінага магазіна Глускага райста.
Насельніцтву ж Ялізава ў гэтым плане пашанцавала больш: напрыклад, карэспандэнтам раёнкі спатрэбілася некалькі гадзін, каб абысці ўсе гандлёвыя кропкі гэтага рабочага пасёлка. Тым больш што справа была ў аўторак — базарны дзень, калі ўсе мясцовыя жыхары дружна выбіраюцца на шопінг.
Каб уявіць гандлёвыя перавагі ялізаўчан і жыхароў навакольных вёсак, бо ў Ялізаве на шклозаводзе працуе нямала жыхароў Углаты, Свіслачы, Слабады, Шэйпічаў, пагутарылі з людзьмі, якіх сустрэлі на пасялковай вуліцы.
Ганна Азаронак:
— Мой выбар — “Капеечка”. Там усе тавары больш танныя ды яшчэ пенсіянерам прадастаўляецца зніжка дзесяць працэнтаў. Гэта не галаслоўная выснова: часта езджу да сына ў Мінск, дык ведаю, што ў сталічных крамах цэны вышэй. А значыць, няма патрэбы ісці ў іншыя магазіны — толькі ў “Капеечку”. У суседняй “Карзінцы” таксама прадастаўляецца пяціпрацэнтная скідка пенсіянерам, але толькі да адзінаццаці гадзін, а я люблю вы–спацца, не спяшаючыся сабрацца і пайсці ў магазін. Паслугамі крам райста наогул не карыстаюся, таму нічога пра іх казаць не буду.
Леанід Кніга:
— На цэны асаблівай увагі не звяртаю. Асноўны крытэрый — ежа павінна садзейнічаць здароўю. Таму набываю прадукты ў розных гандлёвых аб’ектах: “Еўраопце”, “Капеечцы”, магазінах райста. На базары вось набыў грэцкіх арэхаў, сала тут смачнае. І наогул жадаю, каб нічога ў краіне не мянялася, бо цяперашні ўзровень жыцця цалкам задавальняе.
Віктар Тупік:
— У магазіны райста прынцыпова не заходжу: яны не даюць пакупнікам права выбару па некаторых таварных пазіцыях. Неаднаразова звяртаўся да кіраўніцтва адной з гандлёвых кропак і ў Глуск тэлефанаваў, але ніхто мне так і не растлумачыў, чаму сюды не могуць прывозіць найсмачнейшы асіповіцкі хлеб, а вымушаюць насельніцтва набываць глускі, які мы есці не хочам. Які сэнс у тым, каб за 120 кіламетраў вазіць нежаданую прадукцыю? Хаця ў райста ёсць і свае перавагі, напрыклад падабаецца, як арганізаваны гандаль свежым мясам. Так што нашы магазіны ў сукупнасці цалкам здавальняюць мой пакупніцкі запыт.
Юлія Жук і Дар’я Батура:
— Па якасці і цане тавараў перавагу аддаём магазіну “Капеечка”. Абслугоўванне таксама падабаецца. Тут набываем усё неабходнае. А вось садавіну, агародніну і сёе–тое для апрацоўкі раслін можам выбраць на мясцовым рынку, дзе таксама прадстаўлена шмат відаў тавараў. А чаго не дастае — купім у Мінску.
Зоя Віткіна:
— Жыву ў цэнтральнай частцы Ялізава, таму ўвесь гандаль адбываецца, так бы мовіць, у крокавай даступнасці ад майго дома. Але мне, акрамя прадуктаў харчавання, бадай нічога болей не трэба. А іх — на любы попыт: хочаш — ідзі ў адзін з магазінаў, хочаш — на рынак. Набыць можна ўсё. Прапаноўваемыя тавары, іх цэны, работа прадаўцоў — мяне ўсё задавальные. Заўваг ніякіх няма. А купляю тавары ў розных магазінах: то ў адным, то ў другім, дзе што спадабаецца.
Дарэчы, у рабочым пасёлку налічваецца пяць гандлёвых аб’ектаў. Райста прадстаўлена магазінамі “Родны кут” і “Цэнтральны”. І калі ў асартыменце першага з названых пераважную долю займаюць прадукты харчавання, а тавары гаспадарчага прызначэння прадстаўлены меншай колькасцю найменняў, то другі гандлюе толькі нехарчовымі таварамі, што даволі адметна, бо ў іншых населеных пунктах практычна немагчыма набыць будаўнічыя тавары, кухонныя рэчы, адзенне, канцылярскія і некаторыя іншыя групы тавараў, а ў Ялізаве такая магчымасць прадастаўлена. Сярод прадуктаў танная грэчка, пшано — іх пакупнікі бяруць ахвотна, чаго не скажаш пра цукар, ён тут даражэй. Што найбольш здзівіла: у абодвух магазінах стаяць рознай ёмістасці слоікі для кансервавання. Гэта добра — запатрабаваны сезонны тавар, але ж этыкетка паведамляе: выраблены ён… у Расіі. Інтэрнэт падказаў, што адлегласць ад горада-вытворцы да ялізаўскіх мага-зінаў складае 725 кіламетраў. А за некалькі дзясяткаў метраў чакаюць свайго спажыўца такія ж слоікі, вырабленыя на мясцовым шклозаводзе. Як паведамілі ў Беларускай шкляной кампаніі, за апошнія два гады Глускае райста айчынную шклатару ў іх не набывала. Пра хлебабулачныя вырабы, у тым ліку торты, ужо было вышэй сказана: на паліцах ніводнага віду прадукцыі асіповіцкага хлебазавода! Затое з фабрыкай “Сонца” ў глушчан адносіны склаліся, відаць, цудоўныя, бо яе прадукцыя на райстаўскіх прылаўках прадстаўлена максімальна шырока. І, як паведамілі прадаўцы, карыстаецца попытам.
У магазінах “Карзінка” і “Капеечка” было шматлюдна, што пацвярджае словы папярэдніх суразмоўцаў. Тавары акуратна раскладзены на паліцах, адны прадаўцы абслугоўваюць пакупнікоў на касах, іншыя хуценька папаўняюць стэлажы новымі таварамі. Загадчык “Капеечкі” Алена Камінская дапамагае сваім работнікам, калі асаблівы наплыў пакупнікоў. Яна расказвае, што ў магазіне назіраецца дэфіцыт кадраў, але кожнай з дванаццаці падначаленых яна задаволена, а сваю работу лічыць няхай і цяжкай, але вельмі цікавай.
Акрамя пералічаных магазінаў, у рабочым пасёлку працуе “Дамавы” ПБУП “ДэльтаПрафБуд”, які забяспечвае пасялкоўцаў сантэхнічнымі, будаўнічымі і іншымі гаспадарчымі таварамі. Прадаўцы гэтай крамы таксама не сумуюць без наведвальнікаў, бо летам іх хапае.
А на рынку, які карыстаецца вялікай папулярнасцю ў пасялкоўцаў, можна набыць як садавіну-агародніну, так і саджанцы, мёд, мясныя вырабы, дары лесу. У дзень нашага візіту, нават нягледзячы на дажджлівае надвор’е, гандаль ішоў даволі бойка. Каля аўталаўкі “Чырвонага харчавіка” ўвесь час стаяла чарга, людзі набывалі мясныя вырабы, кветкі, агуркі. Як расказала старшыня сельсавета Вольга Юшкевіч, яна неяк паспрабавала палічыць, колькі прадаўцоў з рознай перыядычнасцю прапаноўваюць на базары свой тавар — атрымалася больш за 70. Дарэчы, кіраўніка мясцовай улады сустрэлі з паперай, у якой пералічваліся крытэрыі праверкі гандлёвых аб’ектаў, што ў той жа дзень і праводзілася. Ад Вольгі Барысаўны даведаліся, што яна бывае ў магазінах нярэдка, іх работа знаходзіцца на пастаянным кантролі, а наконт рыначнага гандлю ў прадстаўніка ўлады ёсць канкрэтныя планы. Справа ў тым, што рынак раней знаходзіўся воддаль ад дарогі, у парку. Там размяшчаліся гандлёвыя рады, але на нейкі час базар перастаў існаваць, а затым узнавіў сваю работу ўжо ў новым фармаце на вуліцы Леніна, практычна перакрываючы дарожны рух. І рынак гэты стыхійны. Прадаўцы прапаноўваюць тавары з машын, размяшчаюць на захопленых з сабой сталах, лаўках, табурэтах. Пры такой арганізацыі справы падатак яны, безумоўна, не плацяць. Ялізаўскі сельвыканкам зараз займаецца пошукамі шляхоў вяртання рынку на былое месца. Гэта няпроста, бо трэба стварыць зручныя для ўсіх умовы, а з прыватнымі прадпрымальнікамі і прадпрыемствамі заключыць адпаведныя дагаворы. Калі будуць паступаць нейкія сродкі ад аб’ектаў гандлю, стане магчымым усталяваць гандлёвыя месцы, паставіць кантрольныя вагі, увесці ў штат прыбіральшчыка, што вельмі актуальна, бо, нягледзячы на просьбы, нярэдка пасля ад’езду машын застаецца смецце.
Гандлёвая прывабнасць Ялізава не выклікае сумненняў. Вядома, населены пункт другі па колькасці жыхароў пасля райцэнтра, побач нямала вёсак, нядрэнныя шляхі зносін. Радуе тое, што гандаль у рабочым пасёлку развіваецца, а мясцовая ўлада зацікаўлена, каб рабілася гэта ў інтарэсах жыхароў.