Сэрцам адданыя роднай зямлі: свята, прысвечанае Дню Незалежнасці, ў Асіповічах

Распачаўся святочны дзень з урачыстага мітынгу на Алеі Герояў — месцы, дзе землякі традыцыйна збіраюцца для самых важных сустрэч. Першым асіпаўчан павіншаваў старшыня райвыканкама Андрэй Дубінчык.
Ён адзначыў, што Дзень Незалежнасці — дані-на павагі многім пакаленням беларусаў, якія коштам вялізных намаганняў і ахвяр заваявалі свабоду сваёй краіны. Гэта — сімвал нацыянальнага гонару, адзінства, агульнай адказнасці за сучаснасць і будучыню нашай Радзімы. Сёння Беларусь — незалежная, суверэнная дзяржава, якую мы будавалі разам — сваімі шчырымі намаганнямі.
3 ліпеня — свята, якое яднае ўсіх, хто паважае родную зямлю. Наша галоўная задача — зберагчы і павялічыць усё добрае і каштоўнае, што назапасілі старэйшыя пакаленні дзеля будучыні і шчасця дзяцей.
Адна з галоўных маральных каштоўнасцей нашага народа — захаванне памяці аб славе герояў-воінаў Чырвонай арміі, партызан і падпольшчыкаў, якія прынеслі свабоду роднай зямлі, вызвалілі яе ад нямецка-фашысцкай акупацыі і перамаглі ў Вялікай Айчыннай вайне. У гонар знакавага юбілею Андрэй Дубінчык уручыў медалі “80 лет Победы в Великой Отечественной войне 1941-1945 годов” старшыні райарганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” палкоўніку ў адстаўцы Сяргею Яцэнку, падпалкоўнікам у адстаўцы Сяргею Яфімчыку і Аляксандру Руліну.

Таксама землякоу павіншавала з Днём Незалежнасці член маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віялета Аляшкевіч.
Асабліва ўрачыста гучаў у гэты дзень гімн нашай краіны. У пранізлівай цішыні прайшла мінута маўчання. Да стэлы ляглі жывыя кветкі…

Экспрэсіі мерапрыемству дадалі патрыятычныя песні, літаратурна-музычныя і харэаграфічныя кампазіцыі.
Асноўнай прасторай, дзе разгарнулася праграма святочнага дня, стаў гарадскі парк. Працавалі выстава ваеннай тэхнікі, разнастайныя інтэрактыўныя — тэматычныя ды спартыўныя пляцоўкі, выставы карцін мясцовых мастакоў і вырабаў народных умельцаў, дзе можна было ўбачыць і набыць розны самабытны эксклюзіў. Традыцыйна парадавалі гасцей свята салдацкая каша і багаты выязны гандаль — прапановы былі, як кажуць, на кожны густ і кашалёк.



Спадабалася прысутным і разнастайнасць тэматычных фотазон, сярод якіх трэба ўзгадаць аформленую ў нацыянальным стылі пляцоўку “Я беларус”. На ёй можна было сфатаграфавацца, апрануўшыся ў народны строй .

Своеасаблівым мосцікам, які аб’яднаў два святы — Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і юбілей Перамогі, — стала пляцоўка Дараганаўскага школьнага краязнаўчага музея. Сярод іншых цікавых экспанатаў на ёй былі прадстаўлены некалькі гатункаў ваеннага хлеба, якія можна было пачаставаць. Пад кіраўніцтвам дырэктара музея Антаніны Сцяпанавай вучні Дараганаўскай СШ узнавілі гістарычную рэцэптуру і выпяклі аўтэнтычныя вырабы.

Праз смак хлеба ваеннага часу, дакладней, праз параўнанне са складам, выглядам, пахам і смакам сучасных гатункаў, найлепш адчуваюцца ўсе дасягненні нашай краіны. Сёння яны звыклыя і неад’емныя, а ў гады ваеннага ліхалецця здаваліся такімі недасягальнымі.
Сцэна гарадскога парку была задзейнічана на працягу ўсяго дня. Адна канцэртная праграма змянялася другой: музыка і песні, вершы, харэаграфічныя і тэатралізаваныя пастаноўкі, падрыхтаваныя самадзейнымі артыстамі, дэманстрацыя кінафільмаў пад адкрытым небам — усё прыцягвала ўвагу гледачоў.

Аднак цікавыя падзеі адбываліся і ў іншых лакацыях. Заўзятары футболу сабраліся на стадыёне “Лакаматыў”, дзе праходзіў турнір сярод аматарскіх каманд з гарадскога пасёлка Карма, Старых Дарог і Асіповіч (афіцыйны вынік: Карма — першае месца, Асіповічы — другое, Старыя Дарогі — трэцяе, хаця на самой справе перамагла дружба).


Прыхільнікаў тэхнічных відаў спорту чакала цікавая дзея на паркоўцы каля Свята-Уведзенскага храма. Выхаванцы мясцовай РАС ДТСААФ правялі тут паказальныя заезды на матацыклах і картах.

А дзеці былі ў захапленні ад знаёмства з сапраўдным службовым сабакам, які служыць у праваахоўных структурах, з вялікім інтарэсам знаёміліся з сучасным вайсковым рыштункам, прымяралі форму ратавальнікаў, спрабавалі ўправіцца з вогнетушыцелем.


Вечарам канцэрт народнага духавога аркестра “Як добра жыць пад мірным небам” працягнуў фестываль песеннай творчасці “У сэрцы маім Беларусь”.

Завяршылася свята сімвалічна: асіпаўчане далучыліся да рэспубліканскай акцыі “Спяём гімн разам”.

А фіналам радаснага і насычанага дня стаў прыгожы феерверк.

Шматлікія гледачы не спяшаліся вяртацца дадому. Свята пакінула след у душах. Усе былі пад уражаннем яго галоўнага пасылу: Беларусь — наш агульны дом, а мы ў ім — вялікая, дружная сям’я!

