Семья из Осиповичей отмечает “золотую” свадьбу

Залатое вяселле
Інжынер і ткачыха сканструявалі жыццё і выткалі на ім яркія ўзоры
“Пад вакном шырокім”
Бадай, кожнаму, хто ў маі наведае гэту вязаўніцкую сядзібу, успомніцца песня пра вішню беласнежную, што цвіце ля хаты і прываблівае хлопца, які марыць прыйсці ў сваты.
Але вішня тут не адна: мноства дрэўцаў, нібы ў вясельным карагодзе, выстраіліся абапал хаты, ухутаўшы яе ў вэлюм пяшчотнай квецені. І якраз своечасова: менавіта ў маі дружная пара Багдановічаў адзначае 50-годдзе сумеснага жыцця.
Як Валянцін заляцаўся да Ніны, муж і жонка расказваюць з уласцівым ім гумарам. Голас гаспадыні разліваецца веснавым ручайком — мілагучна, напеўна: нездарма ж многа гадоў спявае ў хоры, гаспадар немнагаслоўны, затое кожная яго рэпліка гучыць трапна і дасціпна. А разам утвараюць своеасаблівы сямейны дуэт.
Здавалася б, простая гісторыя лёсу, але цікава расказаная, з мноствам дэталей, філасофскіх разважанняў, пацверджаная фотаматэрыялам і нават артэфактамі — і вось перад намі цэлая аповесць. Пра каханне і вернасць, працавітасць і пастаянства, павагу да спадчыны і адданасць справе.
“Гэтыя вочы насупраць”
Выраслі Ніна з Валянцінам у Вязаўніцы. Ён на гады два старэйшы. Калі дзяцінства засталося за плячамі і абое пачалі бегаць на танцы, хлопец неяк па-іншаму стаў паглядаць на весялушку Ніну, якая ніводнага танца не прапускала. Пад гармонік ці пласцінкі, якія толькі сталі з’яўляцца ў продажы. Іх дзяўчына прывозіла з Баранавіч, дзе вучылася на ткачыху.
Калі ў вёску прыязджалі салдаты, каб дапамагчы калгасу ўбіраць ураджай, і вечарамі наведвалі культурныя мерапрыемствы ў мясцовым клубе, яны па чарзе кружылі Ніну ў вальсе ды польцы, бо лепшую партнёршу для танцаў знайсці было цяжка.
Але яна выбрала мясцовага хлопца. Прыгожага, працавітага, а галоўнае — надзейнага. Толькі не так проста было завесці выбранніцу пад вянец. Для гэтага спатрэбілася тры гады сустрэч і разважанняў.
“Колькі ў небе зорак, цяжка падлічыць”
Пасля вяселля маладыя атабарыліся ў роднай вёсцы. Абзавяліся траімі дзецьмі. Валянцін скончыў акадэмію ў Горках і, як сапраўдны гаспадар, усё жыццё працаваў у адным сельгаспрадпрыемстве. Ніна рабіла ў клубе, магазіне, установах адукацыі. Да ўсяго ставіліся адказна, бездакорна выконваючы свае пасадавыя абавязкі. Тату дома бачылі толькі позна ўвечары ці на золку. Затое і паказчыкі ў калгасе былі цудоўныя. А сын ды дочкі, гледзячы на бацькоў, таксама спасцігалі вясковую працу. І карову Рамашку маглі падаіць, і грады папалоць ці дроў накалоць, разам апрацоўвалі і ўчастак буракоў у калгасе. Кожны знайшоў сваю сцяжыну ў жыцці, але бацькоўскую навуку памятаюць добра.
“Домік вокнамі ў сад”
Акрамя родных, Ніна Арцёмаўна ад душы любіць песню. Хораша спявалі яе бацькі. Відаць, гэта перадалося і дачцэ. Напеўныя лірычныя песні і прыпеўкі, творы эстрадных артыстаў і пачутыя на вясковай вуліцы — усе яны гучаць суладна з песняй уласнай душы. Жанчына многа гадоў удзельнічае ў народным калектыве “Чыстыя крыніцы” Вязаўніцкага сельскага Дома культуры. Бяжыць туды як на ўрачыстасць, бо сустрэча з песняй і ёсць самае сапраўднае свята. Выступаюць самадзейныя артысты на розных сцэнах раёна. Здаралася пець у полі для хлебаробаў, а на Дзень Перамогі Ніна Арцёмаўна традыцыйна выступала ля помніка з песняй “Мой мілы, калі б не было вайны”. Дарэчы, ваенная тэматыка ёй блізкая: з ворагам змагаліся многія родныя, тата без слёз не мог успамінаць тыя жахлівыя падзеі, меў баявыя ўзнагароды.
Багдановічы захавалі многа рэчаў сваіх бацькоў. Нямала аддалі дачцэ ў клуб, дзе яна працуе. Але ёсць і тыя, што беражліва захоўваюць. Напрыклад, боцікі, у якіх матуля Антаніна Іванаўна Карнеева пайшла замуж у 1938 (!) годзе. Падбітыя дзядулем, захаваліся напамінкам дзецям. Як і бялюткая сукенка, якую Ніна Арцёмаўна апранала на выпускны вечар у 1968 годзе.
“Сэрца маё не камень”
Многаму Ніна навучылася ад бацькі. Яна наогул умее атрымліваць урокі ад усіх, з кім звяло жыццё. Любіць разважаць. Напрыклад, аб тым, як зараз ня- проста моладзі, разбэшчанай інтэрнэтам і бяздзейнасцю, будаваць сем’і. “Жыццё пражыць — не поле перайсці, — зазначае суразмоўца, якая наогул перасыпае сваю сакавітую беларускую мову прымаўкамі, метафарамі, выслоўямі; кажа, што гэта ад бацькоў. — Хочацца, каб маладыя зберагалі пачуцці, з якімі браліся шлюбам, на ўсё жыццё. Яно будзе розным, але трэба вучыцца саступаць адно аднаму, дараваць. Не замяняць партнёра на іншага пры першым жа рознагалоссі, а старацца зразумець яго, падтрымаць. Хатнія абавязкі дзяліць на дваіх, паводзіць сябе так, каб пасля не было сорамна. Маладым бацькам больш часу аддаваць дзецям, а тым — паважаць бацькоў. Маладыя ўвесь час некуль спяшаюцца, да таты ды маці завітаць няма часу. А потым, калі захочацца прыехаць у родную хату, яна стрэне цёмнымі вокнамі”…
Разважанні можна слухаць бясконца. Жыццёвая філасофія ці жыцейская мудрасць, якая дапамагае ісці па жыцці ў ладзе з сабой і іншымі.
Гэта сям’я — даўні сябар “раёнкі”. Выпісваюць і чытаюць яе колькі памятаюць. Для іх кубачак духмянага чаю і газета — сродак падняцця настрою. А мы, у сваю чаргу, цэнім надзейных падпісчыкаў і расказваем пра іх землякам.