Рэпартаж з вёскі Ставішча: як жывуць людзі за горадам

Рэпартаж з вёскі Ставішча: як жывуць людзі за горадам

Каля населенага пункта дарожны ўказальнік з назвай “Ставішча”. Калі ўдумацца, яна даволі незвычайная. Магчыма, звязана са словамі “стаў”, “ставок”. Так раней называлі штучны вадаём. Ракі паблізу няма, але без вады жыццё вёскі немагчыма, таму мясцовыя жыхары выкопвалі сажалкі.
Можа, ад гэтага і пайшла назва?

Адзіная ў вёсцы вуліца носіць назву Садовая, што даволі лагічна, асабліва ўвосень, калі ў кожным агародчыку аж гнуцца ад ураджаю яблыні і грушы, а гаспадары заканчваюць збор буракоў ды морквы.

Першай сустракаем на падворку Валянціну Еўдакімовіч — мясцовую жыхарку, якая шмат гадоў працавала начальнікам участка і ветурачом у сельгаспрадпрыемстве. Яна ўжо даўно на пенсіі, займаецца агародам, вышывае прыгожыя карціны, у яе доме і падворку шмат кветак. Зацікавіла гісторыя сям’і гэтай жанчыны. Яе матуля Еўдакія ў час Вялікай Айчыннай вайны выратавала ад смерці яўрэйку: схавала яе ў дрывах, а затым дапамагла дабрацца да партызан. Пасля вызвалення іх сем’і сябравалі — Валянціна з матуляй не раз ездзілі ў Слуцк да Эсфіры Найбург.

Валянціна Аляксандраўна расказвае, што калісьці ў Ставішчы працавалі школа, магазін, клуб. Зараз з усёй інфраструктуры засталася адна толькі ферма. Важным паказчыкам колькасці насельніцтва ў вёсцы лічыўся дойны статак. На памяці жанчыны ён налічваў 62 галавы — у кожным хлеўчуку стаяла свая карміцелька. Сёння ж іншыя рэаліі: малаком, як і іншымі прадуктамі, сяльчан забяспечваюць дзве аўталаўкі.

Да дома аднавяскоўкі пад’язджае на веласіпедзе мужчына. Знаёмімся з ім. У маладосці Анатолій Булгак жыў у райцэнтры, аднак са Ставішчам яго жыццё звязана даволі трывала.

— Тут я нарадзіўся, але не ў самой вёсцы, а па дарозе ў бальніцу, на калёсах, — усміхаецца мужчына. — Пасля школы служыў у адной з ваенных часцей, затым у ахове, працаваў на сёмай пляцоўцы і нават у Каўгарах на заводзе па выпуску дэзсродкаў. А як выйшаў на пенсію, перабраўся ў родную вёску. Займаюся хатняй гаспадаркай. Сёлета наспела шмат журавін. Нанасіў і сабе, і сёстрам. І гарбузы таксама ўдаліся на славу.

У двары Анатолія Вячаслававіча паважна прагульваюцца індыкі і куры, а ў хлеўчуку пішчаць кураняты. Ён наогул з асаблівай павагай ставіцца да птушак, аб гэтым сведчаць і выявы лебедзяў на франтоне гаспадарчай пабудовы, і шпакоўня, прыбітая проста да сцяны яго хаты побач з акном. Відаць, летам шпакі забаўляюць гаспадара спевамі. Насупраць дома, на грушы, раней жылі буслы, а калі дрэва загінула, Анатолій прыбіў на слуп, што стаіць побач, кола: няхай птушкі перабіраюцца на новае месца жыхарства.

Самая маладая гаспадыня Ставішча Алеся Аўдзеева. У гэту вёску яна перабралася з Крычава. Так сталася, што хутка аўдавела, а потым лёс паслаў ёй яшчэ адну сустрэчу. Цяпер пражывае разам з Ігарам Куліным. Сын Сямён вучыцца ў восьмым класе СШ № 3. Пасля хваробы Алеся нейкі час не працавала, а зараз уладкавалася ў магазін “Дабраном” у райцэнтры. Былая гараджанка прыстасавалася да сельскага жыцця і знаходзіць у ім нямала станоўчых момантаў.

Задаволена ім і сямейная пара Навіцкіх. Для Наталлі і Валерыя дом у Ставішчы раней быў дачай, а апошнія гады тры яны не пакідаюць яго нават у моцныя маразы. Правялі электраацяпленне, ёсць вада і каналізацыя. Разам апрацоўваюць зямельны ўчастак, разам разгадваюць крыжаванкі, ходзяць у лес.

Наталля Іванаўна шмат гадоў працавала ў райспажыўтаварыстве. Кааперацыя ў той час квітнела, ды і калектыў падабраўся цудоўны, таму работу сваю заўсёды любіла.

 — Часта ўспамінаю і гады дзяцінства, — дзеліцца жанчына. — А праходзіла яно весела, дзетвары было шмат. Мы ладзілі сумесныя гульні на вясковай вуліцы. Для нас не існавала дрэннага надвор’я. Нават зімою, калі перамятала дарогу і засыпала платы, беглі гуляць, каталіся на санках, стваралі пабудовы са снегу. У пачатковую школу хадзілі ў сваёй вёсцы, а потым працягвалі вучобу ў Дзераўцах. Чатыры кіламетры туды і столькі ж назад. Калі-нікалі падвозілі спадарожныя машыны.

Як падраслі, сталі хадзіць у клуб. Прыносілі ўласныя пласцінкі, пад якія заўзята танцавалі. Ставішчанскія дзяўчаты ў хлопцаў з нашай і навакольных вёсак былі ў пашане. Многія стваралі сем’і, гулялі вяселлі. Потым большасць паз’язджала ў горад.

Пра маладое пакаленне жыхароў Ставішча зараз нагадвае толькі будынак школы, які стаіць на ўскрайку населенага пункта. Заходзім у памяшканне. Будынак пусты — адзін толькі вецер гуляе па класах, нібы гарэзлівы вучань, якога пакінулі пасля ўрокаў…

 За школай — поле і дарога, якая вядзе ў Заручэўе і далей у райцэнтр. Вяртаемся ў горад, а думкі яшчэ там, у сціплым Ставішчы — паселішчы, дзе не сустрэнеш шыкоўных катэджаў і яркіх ландшафтных ансамбляў, а з малых архітэктурных форм можна вылучыць толькі калодзежы, якія размешчаны бадай што ля кожнай хаты. Архітэктура іх даволі розная: відаць, што не адзін майстар ствараў. Адна са студняў кідаецца ў вочы яркім колерам афарбоўкі і надпісам “Баржомі”. Напэўна, дасціпны жарт. Але ж чамусьці верыцца, што тая вада незвычайная. Хто ведае, якія таямніцы хаваюць зямныя нетры?

Іна Заскевіч.



Последние новости

Благоустройство

В Осиповичском районе проходит Неделя благоустройства

27 октября 2026
Читать новость
Год белорусской женщины

Каб дзень прайшоў эфектыўна, важна ісці на работу з пазітыўным настроем, пераканана аператар расфасовачна-ўпаковачнага апарата касметычна-парфумернай фабрыкі “Сонца” Таццяна Брыцько

27 октября 2026
Читать новость
Культура

В Липеньской школе прошла выставка живописи местного художника Анатолия Калугина

27 октября 2026
Читать новость
Спорт и туризм

ФК “Осиповичи” — ФК “Гомель-2” — 1:4

27 октября 2026
Читать новость
Общество

Гороскоп для всех знаков на 27 октября

27 октября 2026
Читать новость
Общество

Погода на неделю в Могилевской области: мало дождей, около +10°С днем и ночные заморозки к выходным

26 октября 2026
Читать новость

Рекомендуем