Разносят подписчикам хорошее настроение…

Паштовая сувязь
Разносяць падпісчыкам добры настрой
Рэдакцыя газеты падтрымлівае цеснае супрацоўніцтва з вузлом паштовай сувязі, бо займаюцца абедзве арганізацыі па сутнасці адной справай — забяспечваюць насельніцтва друкаванымі выданнямі.
Толькі мы газету ствараем, а паштальёны дастаўляюць яе чытачам. І вельмі прыемна, калі работнікі аддзяленняў сувязі зацікаўлены ў падпісцы сваіх наведвальнікаў на раённую газету. Самых актыўных рэдакцыя стараецца заахвоціць. Вось і на мінулым тыдні журналісты ўручылі Падзячныя лісты калектыву Вязаўніцкага аддзялення сувязі, а таксама паштальёну з Вяззя Надзеі Цвырко. Ахвотна наведалі або-два населеныя пункты, якія знаходзяцца па адзін бок ад райцэнтра.
У Вязаўніцы сустрэлі загадчыка АПС Аліну Гацуліну, якая працуе ў гэтай галіне 2 гады. Вопыт работы таваразнаўцам у сталіцы паспрыяў наладжванню стасункаў з насельніцтвам і якаснаму забеспячэнню яго пакетам паслуг, што ўваходзяць у кампетэнцыю аддзяленняў сувязі. А ён даволі шырокі і ўключае як выдачу пенсій, аплату камунальных паслуг, страховак і крэдытаў, унясенне платы за харчаванне дзяцей ва ўстановах адукацыі і наведванне гурткоў, так і атрыманне грошай з картак, бо банкаматаў у акрузе няма. І хоць вясковая пошта ХХІ стагоддзя нагадвае хутчэй універсам, бо набыць тут можна ўсё — ад цукерак і кавы да камбікорму, дывана ці коўдры, — але асноўная функцыя гэтай установы, аб чым сведчыць і назва, — падтрыманне сувязей паміж людзьмі, гарадамі і краінамі. А гэта перасылка пісем, каштоўных адпраўленняў, атрыманне навін праз газеты і часопісы. 54 жыхары Вязаўніцы выпісваюць “раёнку”. Многія выбіраюць яшчэ і “СБ”, “Друг пенсионера”, “Четверг”, “Сельскую газету”. Ахвотна набываюць розныя крыжаванкі. Ёсць кліенты, якія не здраджваюць звычкам і да кожнага свята адпраўляюць родным паштоўкі.
Аліна Гацуліна разам з паштальёнам Галінай Чалавай актыўна супрацоўнічаюць з насельніцтвам па падпісцы.
Не адстае ад старэйшых калег і маладая паштарка з Вяззя Надзея Цвырко. Толькі індывідуальная падпіска на “раёнку” ў яе складае 85 экзэмпляраў. Яшчэ дзясятак да агульнай колькасці дадае ведамасная. А такіх падпісчыкаў, як Уладзімір Дастанка і Іван Бурак, дзяўчына лічыць ганаровымі, бо, акрамя “раёнкі”, атрымоўваюць яны яшчэ каля дзясятка іншых выданняў кожны.
Надзея разносіць сваім кліентам не толькі газеты, але і латарэйныя білеты, канверты, некаторыя прадукты харчавання. А яшчэ добры настрой. Вельмі ж шчырая ўсмешка ў вяззеўскага паштальёна!