Разам з жыхарамі Асіповічаў разважалі аб тым, якім можа быць наш райцэнтр праз 10, 20, а то і 60 гадоў

Разам з жыхарамі Асіповічаў разважалі аб тым, якім можа быць наш райцэнтр праз 10, 20, а то і 60 гадоў

Дзень горада — добрая нагода не толькі наведаць усялякія цікавыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да агульнага свята, але і паспрабаваць зазірнуць у будучыню любімага населенага пункта. Разам з жыхарамі Асіповічаў разважалі аб тым, якім можа быць наш райцэнтр праз 10, 20, а то і 60 гадоў. І вось што атрымалася.

Тамара Бараноўская, выхавальнік д/с № 8 “Чабурашка”, з унучкамі Арынай
і Міланай:

— Зразумела, горад будзе пашыраць свае межы. Не раз чула, што ў перспектыве галоўным вектарам гарадской забудовы стане напрамак у бок Цяплух, што і лагічна. Добра было б, каб з цягам часу з’явіліся канцэптуальна новыя прадпрыемствы. Можа быць, не прамысловыя, а, напрыклад, ІТ-кампаніі. Увогуле, можна было б стварыць такі дзелавы цэнтр, куды б маглі хадзіць на працу людзі розных прафесій. Зараз нямала землякоў ездзіць на работу ў сталіцу, а тут будзе ўсё на месцы. У нас ёсць каледж, добра было б яшчэ мець і якую-небудзь вышэйшую навучальную ўстанову. На самастойную прэтэндаваць наўрад ці варта, а вось філіял вну — тое, што трэба. Лепш тэхніч­най, раз у нас горад прамысловы.

Марына Даўжэнка, настаўнік фізічнай культуры і здароўя СШ № 1 імя Б.М. Дзмітрыева:

— У школе працую ўжо не адзін дзясятак гадоў, таму і думкі мае будуць у адпаведным кірунку. Бачу ў будучым рэалізацыю такой ідэі: адзін агульны стадыён для першай школы і гімназіі з выкарыстаннем самых сучасных тэндэнцый: бегавая дарожка, сектар для кідання мяча і штурхання ядра, скачковая яма, гульнявыя пляцоўкі, усялякія трэнажоры, абавязкова — адпаведнае светлавое аснашчэнне, каб і ў цёмны час сутак аб’ект быў выразным.

А што датычна агульных інтарэсаў землякоў, то хацелася б, каб у Асіповічах прасцей стала вырашаць пытанне з арэндным жыллём. Адпаведна, яго патрабуецца больш: і для маладых спецыялістаў, і для педагогаў, і для медработнікаў, і ўвогуле ўсіх, у каго ёсць патрэба. Калі ў наяўнасці добрая кватэра, згадзіцеся, значна прасцей па завяршэнні тэрміну адпрацоўкі прыняць рашэнне застацца менавіта ў гэтым горадзе.

Вадзім Крот, маляр УКП ЖКГ:

— Асіповічы — горад стабільны. І нават цяжка ўявіць, як яго ўдасканаліць. Можа быць, больш усялякай інфраструктуры для моладзі. Магчыма, нейкі цэнтр вольнага часу, дзе будуць і спартыўныя залы, і дыскатэкі, і сектары для развіцця творчасці, і кафэ. А яшчэ я бачу іншым наш гарадскі парк: тут можна павялічыць колькасць цікавых аб’ектаў, мадэрнізаваць структуру, дабавіць зону фантанаў. З падсветкай і музычным афармленнем!

Можна пашырыць і магчымасці тэрыторыі каля вадасховішча. Зараз пляж добра абсталяваны, нічога не скажаш, аднак, бывае, вада пачынае забруджвацца — зацвітаць і гэтак далей. А хочацца, каб было, як на моры. Можа, у хуткім часе і прыдумаюць пэўныя ўстаноўкі для ачысткі вады ў адкрытых прасторах. Марыць пра гэта пэўна нішто не перашкаджае.

Валерыя Рыжкова, малады спецыяліст:

— Асіповічы — мой родны горад. Мне падабаюцца яго няспеш­ны, але дакладны рытм, спакой і ўтульнасць. Зручнае геаграфічнае становішча і развітая транспартная інфраструктура дазваляюць хутка і з камфортам дабрацца ў сталіцу, абласны цэнтр, іншыя гарады.

Уяўляю, як з цягам часу Асіповічы стануць развітым турыстычным цэнтрам — магчымасці для гэтага існуюць. Давайце на хвіліну перанясёмся ў культурна-турыстычны хаб, дзе будуць пераплецены і гісторыя, і ўсялякія інтэрактывы. Хочаце ў падарожжа па Асіповіччыне, якая была 100, 500 гадоў таму назад? Калі ласка, тэхналогіі ў дапамогу.

А задача ў нас, маладога пакалення, развіваць і памнажаць усё тое, што зроблена нашымі папярэднікамі.

Таццяна Лісай (у дэкрэтным адпачынку) і Андрэй Лісай, аператар ТАА “КАНН ПРАЕКТ”, з дзецьмі Маркам і Дзмітрыем:

— Так як падрастаюць хлопчыкі, хочацца, каб быў свой лядовы палац, дзе можна было б круглы год займацца хакеем, ладзіць усялякія спаборніцтвы. Даспадобы фігурнае катанне? Калі ласка.

 Думаем, мара многіх асіпаўчан — сучасны медыцынскі цэнтр, дзе б можна было хутка рабіць усе неабходныя абследаванні, здаваць разнастайныя аналізы. Ну а калі на аснове гэтага электронны доктар выдасць рэкамендацыі, то і ўвогуле цудоўна. Асабліва пры вердыкце “Здаровы!”

З задавальненнем малюецца карціна, як мы гуляем, ужо хутчэй з унукамі, у парку дзіцячых забаў — вялікім, яркім, незвычайнай формы. Нескладана ўявіць і новыя мікрараёны з прыгожымі высокімі дамамі, каб было дзе жыць дзецям і ўнукам.

Як бачым, асіпаўчане — людзі не столькі рамантычныя, як практычныя, будучыню ацэньваюць рэальна і не адмаўляюцца яе будаваць. Было б здорава, каб гадоў праз паўсотні хтосьці з нашых нашчадкаў звярнуўся да архіваў раённай газеты, паглядзеў, аб якіх Асіповічах марылі жыхары ў далёкім 2026-м. І пры гэтым падумаў: “А ўсё атрымалася нават лепш, чым калісьці хацелі продкі!”

Валянціна КОРБАЛЬ.

Последние новости

Общество

На Асіповіччыне ўручылі «Бацькаву кашулю»

17 сентября 2026
Читать новость
Общество

Горячая линия по вопросам соблюдения нанимателями требований законодательства об охране труда

17 сентября 2026
Читать новость
Власть

Лукашенко: День народного единства символизирует национальное достоинство и историческую справедливость

17 сентября 2026
Читать новость
Здравоохранение

О профилактике острых респираторных инфекций

17 сентября 2026
Читать новость
Общество

Гороскоп для всех знаков на 17 сентября

17 сентября 2026
Читать новость
Общество

«Вместе мы — сила: осиповичане о значении Дня народного единства

17 сентября 2026
Читать новость

Рекомендуем