Разам з жыхарамі Асіповічаў разважалі аб тым, якім можа быць наш райцэнтр праз 10, 20, а то і 60 гадоў

Дзень горада — добрая нагода не толькі наведаць усялякія цікавыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да агульнага свята, але і паспрабаваць зазірнуць у будучыню любімага населенага пункта. Разам з жыхарамі Асіповічаў разважалі аб тым, якім можа быць наш райцэнтр праз 10, 20, а то і 60 гадоў. І вось што атрымалася.
Тамара Бараноўская, выхавальнік д/с № 8 “Чабурашка”, з унучкамі Арынай
і Міланай:

— Зразумела, горад будзе пашыраць свае межы. Не раз чула, што ў перспектыве галоўным вектарам гарадской забудовы стане напрамак у бок Цяплух, што і лагічна. Добра было б, каб з цягам часу з’явіліся канцэптуальна новыя прадпрыемствы. Можа быць, не прамысловыя, а, напрыклад, ІТ-кампаніі. Увогуле, можна было б стварыць такі дзелавы цэнтр, куды б маглі хадзіць на працу людзі розных прафесій. Зараз нямала землякоў ездзіць на работу ў сталіцу, а тут будзе ўсё на месцы. У нас ёсць каледж, добра было б яшчэ мець і якую-небудзь вышэйшую навучальную ўстанову. На самастойную прэтэндаваць наўрад ці варта, а вось філіял вну — тое, што трэба. Лепш тэхнічнай, раз у нас горад прамысловы.
Марына Даўжэнка, настаўнік фізічнай культуры і здароўя СШ № 1 імя Б.М. Дзмітрыева:

— У школе працую ўжо не адзін дзясятак гадоў, таму і думкі мае будуць у адпаведным кірунку. Бачу ў будучым рэалізацыю такой ідэі: адзін агульны стадыён для першай школы і гімназіі з выкарыстаннем самых сучасных тэндэнцый: бегавая дарожка, сектар для кідання мяча і штурхання ядра, скачковая яма, гульнявыя пляцоўкі, усялякія трэнажоры, абавязкова — адпаведнае светлавое аснашчэнне, каб і ў цёмны час сутак аб’ект быў выразным.
А што датычна агульных інтарэсаў землякоў, то хацелася б, каб у Асіповічах прасцей стала вырашаць пытанне з арэндным жыллём. Адпаведна, яго патрабуецца больш: і для маладых спецыялістаў, і для педагогаў, і для медработнікаў, і ўвогуле ўсіх, у каго ёсць патрэба. Калі ў наяўнасці добрая кватэра, згадзіцеся, значна прасцей па завяршэнні тэрміну адпрацоўкі прыняць рашэнне застацца менавіта ў гэтым горадзе.
Вадзім Крот, маляр УКП ЖКГ:

— Асіповічы — горад стабільны. І нават цяжка ўявіць, як яго ўдасканаліць. Можа быць, больш усялякай інфраструктуры для моладзі. Магчыма, нейкі цэнтр вольнага часу, дзе будуць і спартыўныя залы, і дыскатэкі, і сектары для развіцця творчасці, і кафэ. А яшчэ я бачу іншым наш гарадскі парк: тут можна павялічыць колькасць цікавых аб’ектаў, мадэрнізаваць структуру, дабавіць зону фантанаў. З падсветкай і музычным афармленнем!
Можна пашырыць і магчымасці тэрыторыі каля вадасховішча. Зараз пляж добра абсталяваны, нічога не скажаш, аднак, бывае, вада пачынае забруджвацца — зацвітаць і гэтак далей. А хочацца, каб было, як на моры. Можа, у хуткім часе і прыдумаюць пэўныя ўстаноўкі для ачысткі вады ў адкрытых прасторах. Марыць пра гэта пэўна нішто не перашкаджае.
Валерыя Рыжкова, малады спецыяліст:

— Асіповічы — мой родны горад. Мне падабаюцца яго няспешны, але дакладны рытм, спакой і ўтульнасць. Зручнае геаграфічнае становішча і развітая транспартная інфраструктура дазваляюць хутка і з камфортам дабрацца ў сталіцу, абласны цэнтр, іншыя гарады.
Уяўляю, як з цягам часу Асіповічы стануць развітым турыстычным цэнтрам — магчымасці для гэтага існуюць. Давайце на хвіліну перанясёмся ў культурна-турыстычны хаб, дзе будуць пераплецены і гісторыя, і ўсялякія інтэрактывы. Хочаце ў падарожжа па Асіповіччыне, якая была 100, 500 гадоў таму назад? Калі ласка, тэхналогіі ў дапамогу.
А задача ў нас, маладога пакалення, развіваць і памнажаць усё тое, што зроблена нашымі папярэднікамі.
Таццяна Лісай (у дэкрэтным адпачынку) і Андрэй Лісай, аператар ТАА “КАНН ПРАЕКТ”, з дзецьмі Маркам і Дзмітрыем:

— Так як падрастаюць хлопчыкі, хочацца, каб быў свой лядовы палац, дзе можна было б круглы год займацца хакеем, ладзіць усялякія спаборніцтвы. Даспадобы фігурнае катанне? Калі ласка.
Думаем, мара многіх асіпаўчан — сучасны медыцынскі цэнтр, дзе б можна было хутка рабіць усе неабходныя абследаванні, здаваць разнастайныя аналізы. Ну а калі на аснове гэтага электронны доктар выдасць рэкамендацыі, то і ўвогуле цудоўна. Асабліва пры вердыкце “Здаровы!”
З задавальненнем малюецца карціна, як мы гуляем, ужо хутчэй з унукамі, у парку дзіцячых забаў — вялікім, яркім, незвычайнай формы. Нескладана ўявіць і новыя мікрараёны з прыгожымі высокімі дамамі, каб было дзе жыць дзецям і ўнукам.
Як бачым, асіпаўчане — людзі не столькі рамантычныя, як практычныя, будучыню ацэньваюць рэальна і не адмаўляюцца яе будаваць. Было б здорава, каб гадоў праз паўсотні хтосьці з нашых нашчадкаў звярнуўся да архіваў раённай газеты, паглядзеў, аб якіх Асіповічах марылі жыхары ў далёкім 2026-м. І пры гэтым падумаў: “А ўсё атрымалася нават лепш, чым калісьці хацелі продкі!”
Валянціна КОРБАЛЬ.
