Першае працоўнае месца стала асаблівым для старшага майстра вытворчага ўчастка сухіх малочных прадуктаў філіяла “Асіповіцкі” ААТ “Бабушкина крынка” Анастасіі Ананіч

Усё, што ні робіцца, — толькі да лепшага. Анастасія ў гэтым проста пераканана. Таму некалі юную магіляўчанку факт размеркавання ў Асіповічы пасля завяршэння вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце харчовых і хімічных тэхналогій (так сёння называецца ўстанова) ніколькі не засмуціў. Прадпрыемства, дзе распачынала працоўны шлях у якасці зменнага майстра, спадабалася: сучасна, высокатэхналагічна, перспектыўна. Літаральна праз два гады, у 2017-м, была прызначана старшым майстрам. Лёсавызначальным філіял стаў і яшчэ па адной прычыне: менавіта тут сустрэла свайго суджанага. Яўгеній працаваў аператарам лініі ў вытворчасці харчовых прадуктаў. З цягам часу стварылі сям’ю, нарадзілася дачушка Ева.
Анастасія мяркуе, што цікава працаваць на прадпрыемстве, калі яно развіваецца. Нават за апошнія гады на падначаленым участку адбылося нямала станоўчых змяненняў. Напрыклад, асвоілі вытворчасць малочных цукерак, якіх зараз вырабляецца восем відаў. Дарэчы, самой найбольш падабаюцца проста малочныя альбо са смакам кавы. У любым выпадку, гэта навінка прывабная для гурманаў, а яе папулярнасць хутка ўзрастае, упадабалі яе нават кітайцы.
Акрамя цукерак, участкам вырабляецца сыроватка сухая дэмінералізаваная, сухое абястлушчанае малако. У агульным пад началам Анастасіі працуе пяць аддзяленняў, тры дзясяткі чалавек.
Кожная рабочая змена распачынаецца з абмеркавання спраў са зменным майстрам. Потым ідзе размеркаванне задач на дзень. Дакладнасць у пастаноўцы мэт — гэта важна. Ну і на працягу дня даводзіцца працаваць з шэрагам абавязковых дакументаў, праводзіць маніторынгі. Словам, арганізоўваць і кантраляваць вытворчы працэс.
— Самае цікавае для мяне — вырашаць складаныя задачы, — дзеліцца Анастасія. — Такія, якія адразу здаюцца невырашальнымі, аднак, прыклаўшы намаганні, аналізуючы сітуацыю, выйсце знаходзіцца. Вось тады атрымліваеш сапраўднае задавальненне — і ад сваіх дзеянняў, і ад сябе.
Увогуле, работа займае нямала месца ў думках і сэрцы круглыя суткі. Абавязкова звяртаеш увагу на сваю прадукцыю ў гандлёвых кропках. Напрыклад, нядаўна ў фірменным магазіне ў Мінску нават захацелася пагутарыць з пакупніком, які набыў некалькі ўпаковак малочных цукерак, і расказаць, што робяць такія ў Асіповічах. Думаецца пра справы, калі гатуеш ежу дома на кухні, гуляеш з дзіцём на вуліцы альбо праглядаеш навіны ў інтэрнэце.
Сярод “зямных” задавальненняў старшага майстра — бываць на дачы, дзе яна з імпэтам дапамагае мужу на пасецы. А ў пчол, аказваецца, таксама своеасаблівая вытворчасць з адмысловай арганізацыяй, толькі трэба ўмець гэта заўважаць. Так што мёд заўсёды дома ёсць. З сырам — проста смак. Сваё!