Печ

Спрадвеку людзі лічылі, што менавіта печ з’яўляецца сэрцам дома. Пра гэту неад’емную частку дома и пойдзе гаворка
Па словах мясцовага краязнаўцы Юрыя Клеванца, у славянскіх дамах печ знаходзілася ўнутры памяшкання ў куце, тады як у балтыйскіх плямёнах быў ачаг, які размяшчаўся ў цэнтры і ў яго не было перакрыцця, як у печкі.
У паўднёвых славян печ ставілі каля процілеглай уваходу сцяны, а тыя, хто жыў у лясной зоне ўсходняй Еўропы, размяшчалі яе злева ад дзвярэй, на тэрыторыі ж сучаснай Расіі печ была справа. Першапачаткова печы былі бясформенныя, толькі паверхня роўнай, каб можна было штосьці паставіць. Пазней яе сталі рабіць прамавугольнай. Коміну ў сялянскіх хатах звычайна не было — дым выходзіў праз акенца на гарышцы. Таму агонь у печы моцна не распальвалі, а падтрымлівалі, каб ледзьве курыўся. Па дыяганалі ад печы — “чырвоны кут”, дзе вісеў абраз. Каля печы размяшчаўся бабін кут — там захоўвалі ўсякае начынне, посуд, ды і было дзе гаспадыні прысесці з працай. У другой палове ХIХ ст. у дзяржаўных маёнтках сяляне пачалі рабіць печы з цаглянымі трубамі, якія навісалі над печчу.
На поўдні, дзе не было лесу, часцей за ўсё выраблялі каркас з вербалозу, які аблеплівалі глінай. У месцах, дзе было шмат камянёў, складалі каменкі. Спачатку будавалі драўляны каркас, складалі канструкцыю з камянёў і гліны, а потым каркас разбіралі.
Цікава, што беларусы будавалі ў сваіх хатах не толькі печы, але і “балтыйскія каміны”, якія падвешвалі на раструб і выкарыстоўвалі толькі для асвятлення памяшкання.
У большасці хат падлогі былі глінабітныя. Печы ўсталёўваліся на магутных калодах ці на падмурку з бруса. Прастору паміж печчу і фасаднай сценкай займаў насціл для адпачынку, над якім да столі прымацоўваліся палаці — там звычайна спалі. Вакол печы былі размеркаваны хатнія атрыбуты: венік, вілы, качарга і г.д.
У нашых продкаў агонь у печы быў фактычна вечным: ён падтрымліваўся ўвесь час, выступаў своеасаблівай сямейнай святыняй, сімвалам дабрабыту, шчасця, ды і ўсяго жыцця. Па старажытных звычаях увечары, перад тым як засланіць печку, гаспадыня абавязкова зграбала некалькі яшчэ тлелых вугольчыкаў і старанна прысыпала іх попелам, каб падтрымаць агонь і рані-цай распаліць новы. Згасанне вугля ў печцы лічылася дрэнным знакам.
У нашых старажытных продкаў новы год адлічваўся з вясны. Яе першы дзень выпадаў на беларускае свята Грамаўніцы. Тады самая старэйшая жанчына ў родзе ўрачыста “забівала” стары агонь і адпаведным рытуалам з песнапеннямі запальвала новы, даруючы яго захоўваць адной з малодшых сваячак — кожнай свой. Захоўванне агню было вельмі адказнай справай. Лічылася, што тую, хто не справіцца, дапусціць згасанне агню да тэрміну, вышэйшыя сілы пакараюць маланкай.
А вось што гавораць пра печ паданні.
Вопытныя гаспадыні ведалі: каб захаваць прыбытак і дабрабыт у сям’і, нельга аддаваць вугельчыкі са сваёй печы, а перад тым як ад’ехаць у новую хату, трэба было абавязкова перанесці іх туды.
Белы колер печы і яе знаходжанне каля парога сведчылі аб ролі пасрэдніка паміж жывымі і памерлымі. Калі вярталіся з могілак, неабходна было пры ўваходзе ў хату абавязкова дакрануцца рукамі да печы — сагрэць іх, затым зазірнуць у печ, каб пазбавіцца тугі па памерлым.
Пры першым рытуальным купанні ў ваду абавязкова кідалі дзевяць вугельчыкаў. На працягу першага года жыцця дзіцяці ваду пасля купання вылівалі ў падпечак.
Падчас заручын дзяўчына ўзлазіла на печ і сыходзіла з яе толькі ў тым выпадку, калі была згодная на вяселле.
Пад ахову печы аддавалі і хатнюю жывёлу: нованароджанае цяля прыкладалі да печы, што называлася “падоміць”, прывязаць да дому.
Печ заўсёды імкнуліся трымаць зачыненай засланкай; лічылася, што шлях будзе нядобры, калі перад выхадам з хаты не зачыніць печ.
Калі вымалі хлеб або іншую ежу з печы, яе адразу ж зачынялі, паперад паклаўшы ў яе некалькі паленцаў, каб “дабро не пераводзілася”.
І вельмі добра ведалі: пакуль у печы хлеб, на яе нельга ўзлазіць і сядзець на ёй.