Памежная рэчка Каменка
Да нашага Свіслацкага сельсавета на поўначы прымыкае Багушэвіцкі Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці. Мяжу паміж адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі добра бачна, бо яна праведзена па рэчцы Каменка.
Невялічкую рачулку перасякае шаша Барысаў-Беразіно-Бабруйск. “Памежны мост” у дзень нашай вандроўкі рамантавалі бярэзінскія дарожнікі. За тым, як ідзе справа, пільна сачыў Ігар Медушэўскі. Кіраўнік філіяла ДЭУ № 6 РУП “Мінскаўтадар-Цэнтр” і стаў нашым першым суразмоўцам з “блізкага замежжа”.
Па яго словах, аб ДЭУ № 73, якое наглядае за асіповіцкім участкам шашы, бярэзінскія калегі ведаюць мала, хаця адносяцца да вынікаў іх справы з павагай. З Беразіно ў Бабруйск ездзяць многія жыхары Бярэзіншчыны, таму аб арганізацыі дарожнай гаспадаркі ў нашым краі пэўная інфармацыя да суседзяў трапляе. Хаця і неафіцыйна: сустракаюцца дарожнікі рэдка і выпадкова.
Каменка ж ніжэй моста і да ўпадзення ў Бярэзіну выглядае так. З нашага, больш высокага, боку амаль да яе рэчышча падыходзіць узаранае поле. Багушэвіцкі бераг нізкі і, відаць, забалочаны — буяе рознае пустазелле ды тырчаць “скелеты” вялікіх парасонавых раслін. Мяркуючы па магутнасці сухіх сцяблоў, гэта той самы баршчэўнік Сасноўскага — небяспечная інвазійная расліна.
Цераз рэчышча, дзе да яго набліжаюцца размешчаныя паблізу вёскі з аднолькавай назвай Прыцерпа, хоць і ляжаць у розных раёнах, пракладзены ў дзвюх мясцінах масткі. Адны даўнія і ўжо падгніўшыя, затое з дыхтоўных бярвенняў, сцягнутых металічнымі клямарамі, другія — новыя, з доўгай дошкі. Характэрна, што натаптаных сцежак да перапраў няма ні са свіслацкага, ні з багушэвіцкага боку.
У самым нізоўі Каменка пачынае “хуліганіць” — выгінаецца, нібы змяя, і цячэ не столькі ў бок Бярэзіны, колькі паралельна ёй, прычым адлегласць паміж рэчкамі складае ўсяго каля сотні метраў. Амаль палову — па шырыні — гэтага “міжрэчча” займае шыкоўны пляж. Месца адпачынку, мяркуючы па наезджанай дарозе, якая сюды вядзе з “багушэвіцкай” Прыцерпы, і па колькасці вогнішчаў, яўна карыстаецца папулярнасцю.
Сама ж Бярэзіна тут вузкая, нібы Свіслач каля вёскі Вяззе, і надзіва маляўнічая. Адметнасці ландшафту дадае рэльеф. У адрозненне ад нашага, ён больш выразны: хвалісты і не такі лясісты.