Па якіх правілах “жыве” вулічная рэклама ў нашым горадзе

Па якіх правілах “жыве” вулічная рэклама ў нашым горадзе
Нават самыя сучасныя сродкі камунікацыі пакуль не могуць замяніць лісты паперы з рэкламнай інфармацыяй, якія прымітыўна прыклейваюцца дзе можна і дзе нельга. Паспрабуем разабрацца, хто адказвае за гэты працэс і як ён кантралюецца.
Грунтоўны падыход
На абслугоўванні УКП ЖКГ знаходзіцца шэсць тумб, спецыяльна прызначаных для размяшчэння ў найбольш людных мясцінах афіш, анонсаў і аб’яў. Як расказала майстар прадпрыемства Людміла Бань, рабочыя па ўборцы тэрыторыі штомесячна правяраюць стан рэкламных канструкцый, здымаюць абрыўкі паперы і аб’явы, якія страцілі актуальнасць або маюць непрывабны выгляд, паверхню тумб ачышчаюць ад напластаваных кавалкаў паперы. Раз у год яны фарбуюцца і пры неабходнасці рамантуюцца. За месяц на кожнай тумбе з’яўляецца каля сотні новых аб’яў.
Дарэчы, рэкламныя збудаванні УКП ЖКГ агульнадаступныя і бясплатныя ў карыстанні, таму яны ўтрымліваюць найбольшую колькасць разнапланавай інфармацыі: афішы культурных, спартыўных ці іншых падзей, наборы ў гурткі, прапановы паслуг, продаж маёмасці…
Спецыяліст адзначае, што рэкламадаўцы часта схільныя да некарэктнай канкурэнцыі: наклейваюць свае аб’явы паверх іншых або адрываюць нумары тэлефонаў, каб перацягнуць увагу жыхароў менавіта на сваю інфармацыю камерцыйнага зместу.
Такія разнастайныя дошкі
Наступным сродкам размяшчэння рознага роду паведамленняў з’яўляюцца дошкі, шчыты ды стэнды. Яны сталі неадменным атрыбутам кожнага аўтобуснага прыпынку, сустракаюцца і каля ўваходаў у пад’езды дамоў.
Намеснік начальніка вытворча-тэхнічнага аддзела УКП ЖКГ Алена Сямёнава зазначыла, што інфармацыйныя панэлі ёсць толькі ў дамах жыллёва-будаўнічых кааператываў, дзе рэгулярна змяшчаюцца важныя для ўласнікаў кватэр звесткі. Жылфонд УКП ЖКГ зараз такімі канструкцыямі не забяспечваецца. І толькі дзе-нідзе захаваліся старыя дошкі або самі жыльцы размясцілі ўласна вырабленыя. За іх станам таксама сочаць дворнікі.
А вось шматлікія стэнды на прыпыначных пунктах — гэта ўжо прыватная маёмасць.
Нейкі час таму ТАА “Рэмага” заключыла дагавор з камунальнай арганізацыяй на размяшчэнне ў грамадскіх месцах стэндаў, у тым ліку з сацыяльнай рэкламай і інфармацыяй дабрачыннага характару. Як паведаміла намеснік дырэктара ТАА “Рэмага” па рэкламе і сувязях з грамадскасцю Таццяна Малахоўская, іх стэнды, якіх у Асіповічах 220, маюць адну асаблівасць — яны жоўтага колеру. А матэрыялы там размяшчаюцца ў пэўным парадку: зверху — інфармацыя ЖКГ і дабрачынных арганізацый, у цэнтры — рэклама, а знізу — лістоўкі, флаеры і іншая паліграфія.
Трэба адзначыць, што стэнды гэтай кампаніі выглядаюць прыстойна, а аб’явы на іх замацаваны акуратна. Аб гэтым клапоцяцца спецыяльныя работнікі, яны ж паведамляюць, калі дзесьці патрабуецца рамонт ці замена канструкцыі, пазначаныя работы адразу і праводзяцца. “Рэклама малых гарадоў” — так расшыфроўваецца назва гэтай кампаніі. Яна імкнецца зрабіць жыццё жыхароў больш зручным і выконвае сваю задачу паспяхова.
А вось каму належаць інфармацыйныя шчыты сіняга колеру, вызначыць не ўдалося. Прадпрымальнік, які першапачаткова ствараў іх сетку, даўно не займаецца гэтым бізнесам; другі ўладальнік у тэлефанаванні паведаміў, што некалькі гадоў таму перадаў дадзены бізнес іншаму прадпрымальніку, а той — яшчэ камусьці…
Стэнды гэтыя выглядаюць так сабе, а часта нават псуюць выгляд грамадскіх месцаў. Ствараецца ўражанне, што гаспадар — калі ён ёсць — ніякага інтарэсу да ўзгаданай дзейнасці не праяўляе.
Калі нельга, але вельмі хочацца…
Ёсць і яшчэ адзін спосаб размяшчэння вулічных аб’яў — стыхійны, на ўсім, што сустракаецца: апорах ліній электраперадач, парканах, сценах…
У нашым горадзе падобным чынам па большасці рэкламуюцца так званыя “грошы ў доўг”, інакш кажучы, “шэрыя” схемы атрымання мікрапазык.
Аўтар правяла наступны эксперымент: на шляху ад “бамаўскага” Дома быту да чыгуначнага вакзала гэтая крыклівага колеру аб’яўка сустрэлася 38 разоў — на слупах, прыпынках, агароджы, траве, светлафорах…
Такі від фінансавай дзейнасці супярэчыць закону, але зараз гаворка не пра змест аб’яў, а пра іх размяшчэнне. Згодна з артыкулам 21.14 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, за расклейку рэкламных матэрыялаў у не прызначаных для гэтага месцах прадугледжаны штраф. Для грамадзян — да 25 базавых велічынь (925 руб.), для індывідуальных прадпрымальнікаў — удвая больш, у адносінах да юрыдычных асоб — 100 БВ (3 700 руб.).
Як расказаў намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Андрэй Гарадзецкі, перыядычна міліцыя праводзіць рэйды, у ходзе якіх выяўляе такіх правапарушальнікаў і прыцягвае іх да адказнасці. Так, днямі быў затрыманы адзін з “рэкламадаўцаў”, які прапанаваў паслугу “грошы ў доўг” землякам.
* * *
Вулічныя аб’явы… Пражыць без іх немагчыма. Але размяшчацца яны павінны ў строга адведзеных месцах. Нерэгламентаваная расклейка стракатых паперак як мінімум не надае прыгажосці вуліцам.
Навесці парадак у гэтай справе магчыма: гаспадары нагляднай камерцыйнай агітацыі не хаваюцца, пад кожным паведамленнем — тэлефон. Ці мэтазгодна ўсе дошкі аб’яў перадаць у адны рукі? Гэта няпростае пытанне. Але, як здаецца, займацца размяшчэннем вулічнай рэкламы ўсё ж павінны прафесіяналы.