Осиповчанка Наталья Гуринович рассказывает о счастье многодетной семьи

#Сям’Я
Дом, у якім хапае месца кожнаму
Мнагадзетная сям’я — шчасце, лічыць жыхарка Вязаўніцы Наталля Гурыновіч
Гэты куточак Асіповіччыны зачароўвае сваімі цудоўнымі краявідамі, імі любуюцца не толькі тыя, хто наведаў вёску ўпершыню, але і людзі, якія жывуць тут. Наталля Гурыновіч з іх ліку. Асіпаўчанка прыехала на малую радзіму сваіх бацькоў, тут разам з мужам Аляксеем і звілі агульнае гняздо. Менавіта гэты чароўны край спрыяе стварэнню вялікіх і дружных сямей, мяркуе жанчына.
Зараз і ўявіць не можа сябе з мужам гараджанамі. Расказвае, што ад шуму, мітусні стамляецца, знаходзіцца ў стане пастаяннага стрэсу. У горадзе шмат штучнага, паказнога, а Наталля за натуральнасць, чысціню і шчырасць. Усяго: навакольнага асяроддзя, чалавечых узаемаадносін, пачуццяў.
Разам з мужам купілі і ўвесь час уладкоўваюць свой дом. Вялікі, утульны, каб хапіла месца кожнаму з іх шматдзетнай сям’і.
У складзе сям’і Наталля і Аляксей перасягнулі нават сваіх бацькоў: у гаспадыні два старэйшыя браты, у яе мужа — старэйшы брат і малодшая сястра, а яны падарылі жыццё двум сынам і дзвюм дачушкам. Што важна — дзеці сябруюць паміж сабой. Нават у час нашай сустрэчы Іван і Аляксандр трымаліся разам і ўвесь час аб нечым стрымана нягучна перамаўляліся: адразу адчуваецца, што ў іх шмат агульных тэм. А няўрымслівая Варвара круцілася побач з матуляй, наглядаючы за малодшай сястрычкай Валянцінай — у іх свае, дзявочыя справы. Хлопчыкі дапамагаюць тату ў розных хатніх клопатах, а іх у вёсцы нямала, тым больш што Гурыновічы трымаюць гаспадарку: ёсць куры, качкі, гусі, агарод. Таму дзеці растуць працавітымі, у клопаце аб іншых. Другакласніца Вара і посуд як трэба памые, і пры гатоўцы ежы матулі заўсёды дапамагае.
Ваня, старэйшы з чатырох, ужо скончыў школу, вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце харчовых і хімічных тэхналогій, атрымоўвае спецыяльнасць праграміста. Саша пакуль выбірае будучую прафесію. Абодва хлопцы скончылі музычную школу па класе баяна, але сур’ёзна музыкай займацца не сталі, яна засталася на ўзроўні захаплення.
Зараз канікулы, таму ўсе знаходзяцца дома. Ходзяць на рэчку, разам рыхтуюць ежу. Але лепш за ўсё гэта атрымоўваецца ў мамы: нездарма яна працуе поварам. Дарэчы, ва ўстанове адукацыі, і зараз пасля доўгага перапынку збіраецца выходзіць на работу: Валя паступае ў дашкольную групу педагагічнага комплексу, там жа вучацца Варвара і Аляксандр. Зручна: на працу — усе разам, кожны на сваю. Толькі тата выключэнне: ён ваенны, служыць у Вялікай Гарожы.
Сям’я Гурыновічаў у вёсцы не сумуе: наведваюць усе канцэрты ў мясцовым Доме культуры, ездзяць у горад, балазе, як тата, так і маці — вадзіцелі са стажам. І сваім жыццём цалкам задаволены.