Осиповчане рассказывают как встречают Новый год

Сямейныя традыцыі
Новы год імчыць да нас
Пацікавіліся ў нашых землякоў, як яны сустракаюць Новы год: дзе, з кім, па якім сцэнарыі?
Кожны чалавек нясе з сабой у дарослае жыццё памятныя ўспаміны, цікавыя звычаі бацькоўскай сям’і. А, утварыўшы ў свой час новую ячэйку грамадства, двое людзей з розным уяўленнем аб сямейным укладзе фарміруюць уласны — са сваімі традыцыямі і звычаямі, адным з якіх з’яўляецца правядзенне свят. Новы год лічыцца сямейнай урачыстасцю, якая мае асаблівы настрой і нават свой, памятны з дзяцінства, пах — ёлкі і мандарынаў. Ноч з 31 снежня на 1 студзеня валодае чароўнай уласцівасцю аб’ядноўваць людзей, умацоўваць сямейныя сувязі.
Наталля Шырокая:
— Усе збіраюцца ў нас: дзеці, сваты, іншыя родныя. Справа ў тым, што жывём мы ў Зборску, вельмі маляўнічым месцы, на беразе ракі. На двары ўпрыгожваем жывую прыгажуню ялінку, а ў доме — штучную. Свята праводзім вельмі весела: запускаем салюты, водзім карагоды. Не абыходзіцца і без загадвання жаданняў. Кожнаму рыхтуем падаруначкі, але атрымаць іх няпроста: для гэтага трэба выканаць пэўныя заданні і знайсці, дзе схаваны пакунак, які прызначаецца менавіта табе. Дзеці гуляюць у нарды, смажым шашлыкі. Адным словам, святкуем так, каб стварыць добры настрой на ўсю зіму.
Аляксандр Жукавец:
— Святочныя дні праводзім дома. З любай жонкай. Дзеці ўжо выраслі, сталі дарослымі. Усіх родных і блізкіх віншуем па скайпе. Упрыгожваем не толькі штучную ёлачку, але і пахучыя сасновыя галінкі, якія доўга не абсыпаюцца і нагадваюць пра Новы год. Рыхтуем святочны стол, глядзім тэлевізар — як і ўсе. А асаблівых, незвычайных традыцый у нас няма.
Крысціна Дзяжурка з сынам Арцёмам:
— На сягоння запланавалі ўпрыгожыць ялінку. Наогул, Новы год, як ні адно іншае свята, вельмі любяць дзеці. А ў нас з мужам іх трое: у Арцёмкі — дзве малодшыя сястрычкі Ганначка і Палінка. Праўда, дзяўчынкам толькі па тры месяцы, гэта першы Новы год у іх жыцці, а таму святочны вечар, мы, безумоўна, правядзём дома. На ёлку ў парк не пойдзем. Арцём вельмі чакае свята, рыхтуецца да ранішніка, які ў дзіцячым садзе № 9, куды ён ходзіць, адбудзецца 29 снежня, падрыхтаваў касцюм. І ў навагоднюю ноч не засне, пакуль стрэлкі не дойдуць да запаветных дванаццаці гадзін і неба не асвеціцца салютам.
Дзяніс Назаровіч:
— Сустракаем Новы год за святочным сталом з жонкай і бацькамі. Упрыгожваем кватэру. А яшчэ стараемся ў апошні дзень года з’ездзіць у Мінск. Катаемся на каньках, гуляем па сталіцы. А наогул, гэта самае лепшае свята, якое прыносіць шмат сюрпрызаў і прыемных нечаканасцей.
Кожны адзначае свята па-свойму. Але дзе б вы ні знаходзіліся ў запаветныя 12 гадзін — дома за сталом або ў гасцях, у заснежаным лесе ці вагоне цягніка, — галоўнае, каб ва ўсіх быў добры настрой, станоўчыя ўражанні, наперадзе — прыемныя падзеі, а ў родных і блізкіх усё ладзілася.