Носьбіт карысных пасланняў

Носьбіт карысных пасланняў

Чаму ў адны пад’езды заходзіць прыемна, радуе знешні выгляд сцен, парэнчаў, чысціня і нейкая хатняя ўтульнасць, а трапляючы ў іншыя, прабягаеш хуценька лесвічныя маршы, не жадаючы доўга затрымлівацца на недагледжанай прасторы?

Патрэбны ці не?

Складнікаў парадку ў пад’ездзе нямала, і стан паштовых скрынак — адзін з іх. Кожнаму даводзілася бачыць скрынкі з пагнутымі, абпаленымі, а то і наогул адламанымі дзверкамі, многія з якіх не зачыняюцца і гойдаюцца, нібы нейкі недарэчны аксесуар. На пытанне да жыхароў, чаму яны не звяртаюць на гэта ўвагі, даводзілася чуць: “А навошта нам тыя скрынкі? Газет і часопісаў мы не выпісваем. Перапіску вядзём у “Вайберы”. А ўсё рэкламнае смецце, якое нам рэгулярна прыносяць, не чытаючы, выкідаем у кантэйнер”.

Але хочацца запярэчыць: хоць сучаснікі амаль не пішуць папяровых пісем і паштовак і ўжо не чакаюць такіх ад іншых, тым не менш калі-нікалі прыходзіцца атрымліваць афіцыйныя лісты з нейкіх інстанцый, уведамленні, розныя квіткі, запрашэнні, рэкламныя лістоўкі, а часам і вы-пісаць перыядычнае выданне захочацца. Словам, спісваць паштовыя скрынкі ва ўтыль, думаецца, ранавата: яны працягваюць выконваць сваю функцыю. А вось хто павінен сачыць за станам гэтага сродку дастаўкі інфармацыі, разабрацца не перашкодзіць.

Клопат жыльцоў

Хоць яшчэ сустракаюцца выпадкі, калі скрыні размяшчаюцца ў дварах, але абсалютная большасць даўно перабралася ў  пад’езды і асталявалася на сцяне паміж першым і другім паверхамі. А таму ніякія свавольствы надвор’я ўплыву на захаванасць гэтай маёмасці не аказваюць, і ўсё залежыць выключна ад адносін насельнікаў. Да таго ж па заканадаўстве краіны адказнасць за ўтрыманне паштовых скрынак і іх цэласнасць самі жыхары і нясуць. Яны могуць самастойна гэту рэч адрамантаваць або замяніць. Калі скрынка мае зусім непрывабны выгляд, прыйдзецца рамантаваць або мяняць увесь блок. Але рабіць гэта са згоды жыльцоў і за іх сродкі.

Дарэчы, РУП “Белпошта” прапаноўвае паслугі па ўстаноўцы, замене і рамонце паштовых скрынак, размешчаных у пад’ездах жылых дамоў і прыватным сектары. Для гэтага неабходна звярнуцца ў аб’ект паштовай сувязі, які вас абслугоўвае, для афармлення і аплаты адпаведных паслуг. Кошт залежыць ад ступені рамонту (у сярэднім ад 5 да 21 рубля). Але ў аддзяленні сувязі Асіповіччыны на працягу некалькіх гадоў падобных зваротаў не паступала.

Некаторыя індывідуальныя прадпрымальнікі таксама працуюць у гэтым кірунку. Давялося пагутарыць з адным з іх. Станіслаў Бельскі размяшчае паведамленні аб паслугах на дошках аб’яў у пад’ездах шматкватэрных дамоў, але, як ён адзначыў, у Асіповічы папярэдні раз прыязджаў гадоў пяць таму, калі паступалі заяўкі. Дарэчы, зараз зноў наведаўся. Кошт рамонту адной ёмістасці для газет вагаецца ў сярэднім ад 20 да 30 рублёў. Малады бізнесмен можа замяніць замок, дзверцы або ўсю секцыю. Але зваротаў з нашага райцэнтра не так і многа, хоць стан многіх скрынак вымушае жадаць лепша-га.

Погляд з іншага ракурсу

Як расказваюць работнікі камунальнай службы, у ходзе эксплуатацыі замкі ёмістасцей для карэспандэнцыі выходзяць са строю не так і рэдка, губляюцца і ключы. Але акуратныя жыльцы звычайна самастойна спраўляюцца з праблемай: калі неабходна, замяняюць замок, набываюць новы ключ, раўняюць або падфарбоўваюць дзверцы. Майстар УКП ЖКГ Таццяна Раманоўская адзначае: “На маім участку каля 70 шматкватэрных дамоў. Размешчаны яны на вуліцах Чарняхоўскага, Патоцкага, у Верайцах, на паўднёвым баку горада. Прычым менавіта ў дамах старой забудовы выгляд скрынак часта засмучае. У  новабудоўлях яны, зразумела, больш акуратныя. На жаль, не ўсе жыхары захоў-ваюць правілы догляду маёмасці, здараецца, што шкоднічаюць дзеці або  безадказна ставяцца іх бацькі”.

А вось старшыня таварыства ўласнікаў “Чыгуначнік-5” Уладзімір Міха-дзюк пазначыў, што там, дзе ёсць гаспадары, і стан  пад’ездаў адрозніваецца: “За 22 гады, што існуе наш дом, ні разу не даводзілася мяняць або рамантаваць паштовыя скрынкі. Калі хто ключ згубіць — закажа новы, і больш ніякіх праблем. І наогул хуліганскіх выхадак у нас не назіраецца, тым больш пасля таго, як устанавілі відэакамеры”.

Без сувязі

Калі падумаць, выгляд скрынак служыць свайго роду індыкатарам ладу жыцця жыхароў: адламаныя ці сапсаваныя дзверцы сведчаць аб тым, што ў дадзеную кватэру не толькі не прыходзіць перыёдыка, але і насельнікі кватэры абыякава да ўсяго ставяцца. Як паведаміла начальнік участка паштовай сувязі Бабруйскага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Магілёўскага філіяла РВПС “Белпошта” Надзея Багачова, у сапсаваныя скрынкі паштовыя адпраўленні і газеты не кладуцца. Адрасату пакідаецца апавяшчэнне, каб наведаў паштовае аддзяленне, дзе яму і ўручаць карэспандэнцыю.

Вядома, у добраўпарадкаванні нашых дамоў і дваровых тэрыторый нямала недапрацовак. А паштовая скрынка — драбнота ў параўнанні з іншым. І тым не менш раз яна ёсць, то павінна быць спраўнай.

Последние новости

Культура

Кинотеатр «Родина» в Осиповичах : Афиша

27 августа 2025
Читать новость
Общество

Ці можна прымусіць мужа, які не аказвае дзецям ніякай матэрыяльнай дапамогі, выдзяляць грошы на ўтрыманне трох сыноў? Адказвае ўчастковы інспектар міліцыі

27 августа 2025
Читать новость
Общество

Хроника происшествий в Осиповичском районе с 18 по 24 августа

27 августа 2025
Читать новость
Общество

На днях председатель Осиповичского районного отделения партии Юрий Даненков посетил многодетную семью Галины Бородиной

27 августа 2025
Читать новость
Общество

Гороскоп на 27 августа для всех знаков зодиака

27 августа 2025
Читать новость
Общество

Вальщики Осиповичского района – лучшие!

26 августа 2025
Читать новость

Рекомендуем