Нерухомы страж памяці

Нерухомы страж памяці

“Сілачом стаіць / Дуб разложысты, / I здалёк відаць / Пышны верх яго” — гэтыя радкі Якуба Коласа прыгадваюцца, калі бачыш прыгожае дрэва-асілак, што вольна раскінула галлё, абыякава паглядаючы на зацягнутае снежаньскімі хмарамі неба і незадаволена — на пахіленыя дахі і шэрыя пабудовы, што паціху ўрастаюць у зямлю: маўляў, чаго губляеце былую самавітасць? Калісьці тут завіхаліся жыхары: капалі, палолі, аралі, малацілі, жалі. Зараз жа нішто не парушае цішыню вясковай вуліцы…

На ствале дуба, нібы медаль, паблісквае шыльдачка, якая паведамляе ўсім цікаўным, што пасадзіў яго ў 1969 годзе Анатоль Доўгі.

Вырашылі знайсці чалавека, які даў жыццё дрэву-волату.

Анатоль Мацвеевіч ужо не адзін дзясятак гадоў пражывае ў райцэнтры. А яго малая радзіма — вёска Тарасавічы. Менавіта там ён нарадзіўся ў 1949 годзе ў працавітай сям’і, у якой выхоўвалася шасцёра дзяцей. Скончыў Тарасавіцкую пачатковую школу, далейшую вучобу працягнуў у Карытным, а потым у Бабруйскім СПТВ № 8, дзе атрымаў прафесію трактарыста — адну з самых шаноўных у той час. Працаваў у саўгасе, пазней перабраўся ў райцэнтр. Набыў спецыяльнасць вадзіцеля аўтакрана і шмат гадоў рабіў спачатку ў “Міжкалгасбудзе”, затым на КРЗ, у ПМК № 95. Прымаў удзел у будаўніцтве школ, дзіцячых садоў, клубаў, малочнатаварных комплексаў. З жонкай Галінай выгадавалі дваіх дзяцей, маюць траіх унукаў і праўнучку.

І хоць у сям’і ёсць дача на Трубінцы, бацькоўскую хату ў Тарасавічах Анатоль Мацвеевіч не прадае: тут яго месца сілы.

Прыязджаючы з сынам у вёску, наведвае могілкі, дзе знайшлі спачын яго родныя, а потым ідзе да свайго дуба.

Дваццацігадовым хлопцам вёз ён неяк дадому дровы і на тарфяніку ўбачыў кволае дрэўца. Анатоль спыніўся, выхапіў расліну з зямлі, у якую тая яшчэ не паспела ўпэўнена пусціць карані, і, вярнуўшыся дадому, пасадзіў дубок на мяжы агарода і палетка. А пасля ўважліва сачыў за яго ростам.

Дрэву, відаць, спадабалася месца, яно па-гаспадарску асталявалася па-за сядзібай, рашуча ахапіўшы галінамі абсяг і трывала ўкараніўшыся ў глебу.

Карытненшчына для сям’і Доўгіх — мілы сэрцу край, дзе нарадзіўся не толькі Анатоль, але і Галіна — яна родам з суседняга Старога Сяла. Таму муж і жонка часта адлятаюць думкамі-ўспамінамі ў маладыя гады. Тады ўзгадваюць дзяцінства і маладосць. І хоць яны былі нялёгкімі, але пакінулі светлы след.

Анатоль Мацвеевіч расказвае пра Старыя і Новыя Тарасавічы, вясковых сяброў, ларок, у які з Ясеня вазілі хлеб, статак кароў у 74 галавы, што трымалі сяльчане. Узгадвае кінаперасоўку — прыезд яе быў святам. Кінамеханік прыбываў на кані, нацягваў экран і паказваў фільм, на прагляд якога збіраліся і дарослыя, і дзеці. Расказвае пра раку Карытнянку, дзе калісьці лавілі рыбу і якая потым была накіравана ў іншае рэчышча.

Памятае зямляк і пра вайну, якая паўплывала на лёсы яго родных. Ведае, што на мясцовых могілках пахаваны чатыры кавалерысты, якія загінулі ў час баёў. А яшчэ пра аднаго мужнага воіна даведаўся ад яго вайсковага таварыша, што наведаўся ў вёску ў час падарожжа па баявым шляху праз многа гадоў пасля вызвалення. Менавіта ён расказаў пра разведчыка Мікалая Кучара з дыверсійнай групы Ігара, з якой быў звязаны легендарны Фёдар Крыловіч. Мікалая злавілі ўласаўцы, дапрасілі ў хаце мясцовага жыхара Пігулеўскага, а нічога не даведаўшыся, расстралялі. Месца яго пахавання і наведваў баявы таварыш.

…Раз’ехаліся дачнікі. Пры­ціх­лі Тарасавічы, але гэта толькі да вясны. Дуб бачыць, чым жыве вёска. Ён маўклівы сведка шматгадовай гісторыі. Хаця для самога дрэва 56 гадоў — амаль юначы ўзрост. Значыць, шмат наканавана яму яшчэ ўбачыць.

Дуб прастаіць многа гадоў, — разважае Анатоль Доўгі. — Як памяць, як сведка, як сімвал чалавечай моцы, маладосці, кіпучай жыццёвай сілы.

Іна ЗАСКЕВІЧ

Последние новости

Общество

Гороскоп на 24 апреля для всех знаков Зодиака

24 апреля 2026
Читать новость
Общество

Гороскоп на 23 апреля для всех знаков Зодиака

23 апреля 2026
Читать новость
Культура

Что посмотреть на неделе в Осиповичах? Афиша кинотеатра «Родина»

22 апреля 2026
Читать новость
Власть

Филигранная точность на скорости 200 км/ч. Лукашенко показали возможности дронов и их операторов

22 апреля 2026
Читать новость
Власть

Лукашенко поручил ужесточить подготовку водителей в автошколах

22 апреля 2026
Читать новость
Происшествия

Неосторожность с огнем – причина пожаров

22 апреля 2026
Читать новость