Не прадаецца хата бацькоў: рэпартаж з вёскі Заняцечча

Не прадаецца хата бацькоў: рэпартаж з вёскі Заняцечча

Каля бацькоўскай хаты асіпаўчаніна Паўла Каваленкі захаваўся калодзежны журавель

Адзіная вуліца вёскі Заняцечча Дрычынскага сельсавета — Лясная. Трэба сказаць, што назва
гэта падабрана трапна, бо як яшчэ назваць вуліцу, што месціцца на ўлонні прыроды ў акружэнні
бяроз ды елак?

Хто ж насяляе гэтыя два дзясяткі акуратна абкошаных хацін? Каб высветліць, збочылі з дарогі Асіповічы-Дрычын, мінавалі поле і спыніліся ля першага дома.

Старэйшая жыхарка вёскі 96-гадовая Еўдакія Мошчына ўжо некалькі гадоў на зімні час перабіраецца да дачкі Зінаіды ў Салігорск, а ўвесну разам вяртаюцца ў родную хату.

Еўдакія Мошчына

На долю Еўдакіі Прохараўны выпала нямала выпрабаван­няў, ды такіх, што і вытрымаць цяжка. У час вайны разам з маці пабывала ў створаным фашыстамі ў вёсцы Шчыткавічы пера­сыльным лагеры. Цудам засталася ў жывых. Трое дзяцей з іх вялікай сям’і памерлі, астатнія як маглі змагаліся за месца пад сонцам. Вучыцца дзяўчын­цы давялося толькі дзве зімы: жыццё дыктавала свае ўмовы. Была ў няньках, працавала на маслазаводзе, а затым на ферме. Першыя гады даіла 26 кароў сваёй групы ўручную, затым з’явіліся даільныя апараты. Хадзіла і на палявыя работы. Водпуску па доглядзе немаўлят тады не існавала, таму, калі стварыла сям’ю і пачалі нараджацца дзеці, разам з імі ішла палоць ці жаць: давала кружку і лыжку замест цацак, саджала ў баразну і працавала. Але самае страшнае чакала наперадзе. У 1982 годзе, выконваючы інтэрнацыянальны доўг у складзе абмежаванага кантынгенту савец­кіх войск, загінуў яе сын Анатоль, другі — Уладзімір — быў ліквідатарам Чарно­быльскай аварыі, яго век таксама абарваўся нечакана…

Любоў Клунка

Лёс яе аднавяскоўкі Любові Клунка ў многім падобны да лёсу Еўдакіі. Так­сама пабывала ў фашысцкім палоне, перажыла смерць бацькі. Рана стала дарослай, разам з маці працавала ў калгасе, сеяла, палола, жала. Узгадвае, як пасля вайны прывез­лі ў гаспадарку двух валоў, на якіх аралі зямлю. Кволай дзяўчынцы даводзілася вадзіць іх у баразне. Жылося цяжка, і маці прывяла ў дом новага гаспадара. Адзін за адным нарадзіліся яшчэ шасцёра дзяцей, і, як толькі дзяўчына сустрэла васямнаццатую вясну, яе выдалі замуж у Жыцін. Нярэд­ка наведвалася яна да матулі, і кожнага такога прыходу сястры чакалі меншыя дзеці, бо яна заўсёды прыносіла ім няхітрыя пачас­тункі. Працавала на фер­ме, даглядала цялят, якіх таксама заўсёды шкадавала, можа, таму і прыбаўленні ў вазе былі добрыя, у ліку перадавікоў значылася.

— А зараз жыву цудоўна, — усміхаецца Любоў Міхайлаўна. — Дачка Галіна мяне добра даглядае. А прадукты набываем у аўталаўцы, не трэба, як раней, самім пячы хлеб, гадаваць кабанчыкаў, каб мяса было. Прасці і ткаць няма неабходнасці. Жыві і радуйся! А на зіму едзем у райцэнтр.

Расціслаў Дубіна

Жыхар Заняцечча Расціслаў Дубіна ўсё жыццё аседла пражывае тут, а зімой нават з’яўляецца адзіным насельнікам. Ахоўнік, як жартам называюць яго аднавяскоўцы. Дарэчы, працуе на ферме ў суседнім аграгарадку Дрычын. Да дачнікаў ставіцца з павагай.

Кацярына Еўдакімава

У родную вёску імкнецца вясной і Кацярына Еўдакімава. На малой радзіме і засталі яе разам з дачкой і зяцем. Тут жанчына вырошчвае квет­кі, агародніну. Бацька Кацярыны Іванаўны — удзельнік вайны, калісьці дабраўся сюды з Літвы з акружэння і на сабе вынес параненага таварыша. У вёсцы пасля вайны лічыўся самым пісьменным, да яго ішлі, калі трэба было напісаць якую паперу. Непадалёку ад дома знаходзілася кузня яе дзеда Міны Мошчына, да якога звярталіся, каб вырабіць серп, касу ці плуг. Днямі каваль завіхаўся каля горна, і заўсёды ў яго была работа. Больш за 30 калод налічвала дзедава пасека, адна з іх вісела на ліпе да нядаўняга часу, пакуль не звалілася з дрэва.

З заміраннем сэрца расказвае пра сваю малую радзіму і мінчанка Лідзія Васілеўская. Яна прызнаецца, што падтрымлівае тэлефонную сувязь з землякамі, дагаворваюцца, калі пачаць і закончыць чар­говы дачны сезон, бо душа просіцца ў родныя “пенаты”. Тут яна адчувае сябе спакойна і ўпэўнена. Агарод — у ідэальным парадку, на стале заўсёды свежыя агарод­ніна і садавіна, а праца лечыць ад усіх хвароб і настрой падымае.

Лідзія Васілеўская

Мясцовыя жыхары ахвотна ўзгадваюць пра былое жыццё Заняцечча. Ад іх даведаліся, што вёска калісьці налічвала 75 двароў, мела тры стат­кі кароў па 20 галоў. На перакрыжаванні, якое называлі Росстанькамі, стаяў клуб, куды збіраліся па выхад­ных на танцы. Танцавалі пад гармонік, на якім іграў спачатку Адам, а пасля яго ад’езду мясцовы хлопчык Валік Качан, які сам асвоіў мастацтва ігры і добра падбіраў мелодыі. Яго матуля была родам з Расіі, мела добры голас, цудоўна спявала прыпеўкі. Памятаюць тут і гарманіста Мікалая Мельніка. А яшчэ ў іх быў свой Капітан Валодзя Мошчын, які меў «нюх на грыбы». Чаму так звалі хлопца — невядома. Шмат чаго ўспомнілі ў гэты дзень жыхары Заняцечча. Унесла сваю лепту ў агульную гісторыю і фотакарэспандэнт нашай газеты Ніна Царык, дзяцінства якой таксама праходзіла ў гэтай вёсцы і кожная паездка ў якую — шчымлівы ўспамін пра родных і сяброў. А бацькоўская хата Ніны Данілаўны і дагэтуль стаіць — як захавальнік гісторыі роду, яго дасягненняў і маленькіх перамог, месца, якое нават адным сваім выглядам прыдае сіл і дапамагае справіцца з жыццёвымі нягодамі.

Канец лета багаты на ўраджай. Ва ўсіх падворках ружавеюць яблыкі, наліліся сокам слівы, гаспадынькі збіраюць памідоры і перцы, чырванеюць гронкі каліны, схіліліся ў паклоне важкія галовы сланечнікаў, а кветкі правяць пышны баль.

Бывай, Заняцечча, да марозаў яшчэ далёка!

Іна Заскевіч

Последние новости

Власть

Лукашенко пообещал «серьезно посмотреть на работу судебных исполнителей»

19 ноября 2026
Читать новость
Власть

Лукашенко подчеркнул важность качества правосудия: судья не «штамповщик» процессуальных документов

19 ноября 2026
Читать новость
Образование

Как в Осиповичах в СШ №3 воспитывают рачительных хозяев и экологов

19 ноября 2026
Читать новость
Профилактика

Я уволился месяц назад, занимаюсь поиском работы. Приходил милиционер и выдал мне направление в центр занятости. С чем это связано?

19 ноября 2026
Читать новость
Здравоохранение

19 ноября — Всемирный день некурения

19 ноября 2026
Читать новость
Общество

Осиповичский райисполком организует выездной прием работниками службы «одно окно» по месту жительства в городе и населенных пунктах района людей с инвалидностью

19 ноября 2026
Читать новость

Рекомендуем