Не парушаючы традыцыі, раёнка напярэдадні Дня маці правяла тэматычнае апытанне землякоў

Не парушаючы традыцыі, раёнка напярэдадні Дня маці правяла тэматычнае апытанне землякоў.
Праўда, на гэты раз змяніўшы фармат з віншавальнага на сямейна-выхаваўчы. Гутарылі з рэспандэнтамі аб тым, які галоўны жыццёвы ўрок яны атрымалі ад маці, які ўчынак матулі найбольш запомніўся.
Ірына Дзяцел, бібліятэкар Вязаўніцкай сельскай бібліятэкі:
— Як ні круці, а тое, што закладваецца ў сям’і, становіцца вызначальным у далейшым лёсе дзяцей. Напрыклад, мая матуля Святлана Міхайлаўна заўсёды любіла чытаць кнігі. Памятаю, як у дзяцінстве была традыцыя па пятніцах разам хадзіць у сельскую лазню, а пасля яе — у мясцовую бібліятэку. І вось цяпер я гаспадыня бібліятэкі, а кнігі не толькі мая цікавасць, але і работа. Мама заўсёды з асаблівым імпэтам адносілася да кветак. Прычым любых — і хатніх, і тых, што растуць на клумбе. У яе безліч самых розных, нават “пырскі шампанскага”. І цяпер кветкі таксама мая любоў. Удзячна матулі за ўсё добрае, што ад яе ўзяла.
Ілля Патапенка, сямікласнік СШ № 1:
— Усё, што я ўмею, — заслуга матулі. Перш за ўсё яна вучыць мяне ісці ў нагу з часам. Магу звярнуцца да мамы, калі раблю ўрокі: яна заўсёды падкажа. Мы з мамай аднадумцы ў многіх пытаннях: напрыклад, яна ніколі не забараняе дапамагаць бяздомным жывёлам, часам мы гэта робім разам. Таксама мама імкнецца паказаць мне каштоўнасць розных рэчаў і вучыць беражліва да іх ставіцца. Так, па парадзе матулі я здолеў сабраць грошы на гульнявую прыстаўку PlayStation. Цэлы год спатрэбіўся, але ж атрымалася.
Віталій Васько, інжынер па рамонце абсталявання, будынкаў і пабудоў ДДЛГУ “Асіповіцкі доследны лясгас”:
— Любоў і цярпенне — такія чалавечыя якасці ў матулі ў прыярытэце. Мама Марыя Фёдараўна — чалавек, дастойны прыкладу. Калі ў сям’і здарылася бяда і не стала таты, яна ўзяла ў свае рукі пасеку на 20 вулляў, якая знаходзіцца ў вёсцы Ставішча. І вось ужо на працягу 15 гадоў спраўляецца з доглядам пчол. Згадзіцеся, не любой жанчыне такі клопат па плячы. Ганаруся.
Лілія Ахрэмук, работнік ААТ “Асіповіцкі кансервавы завод”:
— “Стаўся да людзей так, як хацелася б, каб людзі ставіліся да цябе”, — так заўсёды гаварыла матуля Любоў Аляксандраўна. На такім прынцыпе яна выхавала нас траіх, такім пастулатам карысталіся мы, калі выхоўвалі сваіх дзяцей. Заўсёды трэба адносіцца да чалавека з разуменнем. Нават самыя неадназначныя ўчынкі маюць пэўныя прычыны.
Дзяніс і Юлія Загароўскія, слесар ААТ “АЗАА” і матуля ў дэкрэтным адпачынку:
Дзяніс:
— Быць самастойным, працалюбівым, сумленным — такі прыклад паказвала мама Святлана Барысаўна. Так як у сям’і я быў адзін, уся ўвага даставалася мне. Аднак для сябе вырашыў, што дзіцяці аднаму ўсё ж сумна, таму маю ўжо дваіх малышоў.
Памятаю, як матуля ў дзяцінстве заўсёды прыносіла з работы “зайчыкаў хлеб”: яна працавала на будоўлі, брала з сабою абеды, і мне на пачастункі заставалася. А як было смачна! І, канечне, цікава.
Юлія:
— Любоў да дзяцей можа праяўляцца па-рознаму. Да цяперашняга часу ўспамінаецца адзін выпадак. Неяк у школе, а вучылася я ў чацвёртай, праводзіўся папулярны конкурс “Міс Восень”, на якім я была вядучай. І мая матуля Людміла Віктараўна, каб дачка не расстройвалася з-за таго, што не трапіла ў лік удзельніц, узяла для мяне на пракат у шлюбным салоне шыкоўную сукенку. Канечне, у той вечар я адчувала сябе сапраўднай каралевай. Такая вось атрымалася падтрымка.
Аляксандра і Марыя Сідарчукі, сёстры і матулі ў дэкрэтным адпачынку:
Аляксандра:
— Мама навучыла нас таму, што найбольшая каштоўнасць для жанчыны — гэта дзеці. Нас у сям’і пяцёра. У мяне самой ужо трое. Галоўны ўрок мамы — быць добрым чалавекам, браць адказнасць за кожны свой учынак.
Марыя:
— Не баяцца цяжкасцей — гэтаму таксама вучыла матуля. Жыццёвыя складанасці толькі загартоўваюць.
Ад аўтара: Матуліны ўрокі заўсёды самыя каштоўныя. Няхай у кожнага жыццё складваецца так, каб мы вучыліся ў галоўнага чалавека толькі дабрыні, шчодрасці, уменню радавацца і шанаваць. Шчасця ўсім матулям і дзецям!