На мінулым тыдні Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ аб узнагароджанні ордэнам Маці 227 жанчын

На мінулым тыдні Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ аб узнагароджанні ордэнам Маці 227 жанчын.
Прыемна, што сярод іх і работніца Асіповіцкай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі Інга Мініч. Наша зямлячка атрымала галоўную адзнаку мацярынскай славы ва ўрачыстай абстаноўцы ў Магілёўскім аблвыканкаме.
Інга з мужам Сяргеем выхоўваюць чатырох сыноў і дачку. Старэйшы, Аляксей, ужо атрымаў адукацыю і прыступіў да прафесійнай дзейнасці, Канстанцін вучыцца ў каледжы, Максім і Кацярына — гімназісты, а маленькі Саша пакуль рыхтуецца да наведвання дзіцячага сада, бо яму толькі паўтара года.
Сваю сям’ю Інга лічыць дружнай, з’яднанай і спартыўнай. Тата — настаўнік фізкультуры і сваіх дзяцей прывучае да спорту з ранняга ўзросту. Плаванне і футбол, лодачныя паходы і прагулкі ў лес, рыбалка і песні пад гітару — усё гэта гарманічна ўплятаецца ў стыль жыцця сям’і, дзе матуля, нягледзячы на загружанасць хатнімі справамі, — актыўны ўдзельнік усіх сумесных заняткаў.
На пытанне, як яна спраўляецца, жанчына толькі ўсміхаецца:
— Цяжка з адным, калі няма каму прыйсці на дапамогу. А ў мяне ў дадатак да мужа пяцёра памочнікаў. Ці ж гэта не радасць? Дарэчы, дзеці выхоўваюць адзін аднаго ўласным прыкладам. Так, Максім рана пачаў гаварыць, чытаць, гуляць у шахматы, бо ў настаўніках у хлопчыка былі два старэйшыя браты. Нават Саша шмат чаго паўтарае за хлопцамі, цягнецца за імі. Аляксей і наогул лепшы памочнік на кухні, Каця музычная дзяўчынка, любіць спяваць і танцаваць. А я, гледзячы на нашу сям’ю, адчуваю радасць і гонар.