Майстры сваёй справы: як Вольга Дзмітровіч і Ніна Мандрыкава ствараюць утульнасць у дамах

Ніна Мандрыкава і Вольга Дзмітровіч фарбуюць цокаль дома
УКП ЖКГ аказвае цэлы шэраг усемагчымых камунальных паслуг для насельніцтва і арганізацый. У іх ліку ўнутраныя і вонкавыя рамонтна-будаўнічыя работы.
Утульны і прыгожы выгляд дамоў стварае добры настрой і робіць горад, рабочыя пасёлкі i вёскі зручнымі для жыцця. А складаецца ён з чысціні фасадаў, акуратных пад’ездаў, прывабнай інфраструктуры. Да ўсяго гэтага прыкладаюць рукі работнікі ўчастка бягучага рамонту жылфонду УКП ЖКГ маляр 4 разраду Вольга Дзмітровіч і тынкоўшчык 4 разраду Ніна Мандрыкава. Яны вядуць рамонт шматкватэрных дамоў жылфонду, разнастайных іншых пабудоў, офісаў, будынкаў. Тынкуюць і фарбуюць сцены, лаўкі, абсталяванне дзіцячых пляцовак, абнаўляюць фасады, адмостку, рамантуюць казыркі над уваходамі ў пад’езды, праводзяць рамонтныя работы ў падвалах, дапаможных памяшканнях і г.д.
— Гэтыя жанчыны ўмеюць усё, — адзначае начальнік участка Алена Чмыхава, — фарбаваць, шпакляваць, тынкаваць, клеіць шпалеры, ліквідаваць падцяканні. Без іх не абысціся ні на адным будаўнічым аб’екце. Адметна, што справу сваю выконваюць якасна.
Аб’ектаў у работніц хапае. Зараз, напрыклад, яны прыводзяць у парадак шматкватэрныя дамы ў рабочых пасёлках Ялізава, Татарка, абнавілі фундамент дома № 49 на вуліцы Сумчанкі ў райцэнтры.
Кацярына Іванова
