Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь замацавала статус рэспублікі як унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы, устанавіла прынцыпы дэмакратычнага строю, прыярытэт праў і свабод чалавека, главенства міжнароднага права

Канстытуцыя 1994 года дзейнічае са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах 24 лістапада 1996 г., 17 кастрычніка 2004 г. і 27 лютага 2022 г.
Сёння, згодна з Асноўным законам, праяўленне патрыятызму — доўг кожнага грамадзяніна краіны. У Канстытуцыю ўнесены палажэнні, накіраваныя на захаванне гістарычнай праўды і памяці пра Вялікую Айчынную вайну і масавы гераізм народа.
Вучань выпускнога класа СШ № 1 Лаўрэнцій Чарапко і дзесяцікласніца гэтай жа школы Ганна Шчэрба ўжо атрымалі пашпарты і ведаюць свае грамадзянскія правы і абавязкі. А яшчэ яны з’яўляюцца выдатнікамі вучобы і растуць сапраўднымі патрыётамі. Ганна — сакратар школьнай пярвічкі БРСМ, актыўны ўдзельнік агітбрыгады, сцяг-шоу, флэшмобаў, валанцёрскага руху. Удзельніца тэлепраекта “Я знаю” выдатна праявіла сябе ў “Брэйн-рынгу”, займаецца даследчай работай па фізіцы. Лаўрэнцій — вучань фізіка-матэматычнага класа, неаднаразовы пераможца абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў па вольнай барацьбе, чэмпіён вобласці 2022 г., кандыдат у майстры спорту, удзельнік факультатыва “Гатовы Радзіме служыць”.
Па традыцыі ў Дзень Канстытуцыі лепшыя вучні, школьныя актывісты атрымліваюць галоўны дакумент асобы. Сёння таксама ва ўрачыстай абстаноўцы будуць уручаны пашпарты 30 хлопчыкам і дзяўчынкам. А яшчэ дзесяць маладых людзей папоўняць рады БРСМ. У раёне пройдзе шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных дзяржаўнаму святу. Так, у лясгасе з членамі школьных лясніцтваў СШ №№ 1, 2, 3, 4 і Дараганаўскай сярэдняй школы будзе праведзена віктарына, прысвечаная 30-годдзю Асноўнага закона нашай краіны.