Калі работа па душы
Калі работа па душы
Чыгунка ў жыцці жыхароў ды дачнікаў вёскі Дзераўцы і навакольных населеных пунктаў адыгрывае немалую ролю. Адсюль у адносна недалёкі райцэнтр дабрацца можна толькі чыгуначным транспартам або на таксі.
Але за паслугі таксі давядзецца заплаціць 11 рублёў, а паездка на дызель-цягніку каштуе ўсяго 49 капеек. Ды і не надта апошняя саступае аўтамабільнай паездцы ў хуткасці і зручнасці. Так што пасажырапаток на мясцовай станцыі ажыўлены. Напрыклад, за ліпень у касе дзераўцоўскага вакзала прададзена 520 квіткоў, якімі скарысталіся 644 чалавекі.
Але недарэчнасці тут няма: калі набываецца білет “туды і назад”, ён улічваецца як паездка двух пасажыраў.
За суткі па лініі Асіповічы-Слуцк праходзіць у сярэднім 34 цягнікі. З іх два пасажыр-скія, шэсць дызель-цягнікоў, астатнія — грузавыя. Штогод з верасня па студзень колькасць грузавых саставаў адчувальна ўзрастае: у гэты перыяд ідзе ўборка буракоў, і дастаўка іх на Слуцкі цукроварафінадны камбінат праз Дзераўцы ажыццяўляецца і з Мінскай, і з Магілёўскай абласцей.
Доўгі час узначальвае станцыю Алена Туміловіч. На чыгунцы яна ўжо 23 гады. Пачынала аператарам пры дзяжурным па станцыі Асіповічы. Скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту.
Работа ў Дзераўцах пачалася для яе ў 2006 годзе. Спачатку працавала дзяжурным па станцыі, а потым заняла сённяшнюю пасаду. І гэта месца работы сапраўды прыйшлося ёй па душы. Падабаецца атмасфера ў калектыве, ды і ў сваёй справе ведае ўсе нюансы. Калі трэба кагосьці падмяніць, выконвае любыя абавязкі. І са сваімі спраўляецца выдатна. А іх нямала: забеспячэнне бяспекі руху цягнікоў, кантроль за работай падначаленых, рухам цягнікоў па станцыі, станам абсталявання і прылеглай тэрыторыі, ахова працы.
Алена Анатольеўна задаволена работай сваіх падначаленых, сапраўдных прафесіяналаў і надзейных людзей — дзяжурных Святланы Рыбсон, Аліны Козінай, станцыйнага рабочага Таццяны Яцкіх, дзякуючы якой тэрыторыя выглядае прыгожа, а пасажырам прыемна тут бавіць час у чаканні цягніка. Калі на работу прыходзяць маладыя спецыялісты, Алена з задавальненнем навучае іх, перадае свой багаты вопыт. Працуе ў цесным узаемадзеянні з усімі структурнымі падраздзяленнямі чыгуначнага вузла. Кантакт у іх цудоўны, усе пытанні рашаюцца аператыўна, бо робяць адну агульную справу. І гэта дачыненне да работы чыгункі ў жанчыны выклікае пачуццё гонару.
Алена Анатольеўна кажа, што Дзераўцы ёй падабаюцца за тое, што станцыя тут прыгожая, краявіды цудоўныя, пасажыры паводзяць сябе культурна. А калі ў іх узнікаюць якія цяжкасці, заўсёды ідзе на выручку. Напрыклад, нядаўна матуля з дзіцём пераблытала дызель-цягнік і замест Бабруйска накіравалася ў Слуцк. Зразумела, што памылілася, выйшла ў Дзераўцах, расплакалася. Алена заспакоіла небараку, напаіла чаем, малому нават абед свой аддала, а потым пасадзіла на цягнік і адправіла назад у горад. Нерашаемых праблем няма, галоўнае, не быць абыякавым — гэтыя словы можна лічыць жыццёвым дэвізам Алены Туміловіч.