Калі пад’езд ператвараецца ў паркоўку. Карэспандэнт АК аб праблеме захоўвання веласіпедаў

Кожны выбірае свой спосаб перамяшчэння: адны не ўяўляюць жыцця без аўтамабіля, іншыя аддаюць перавагу аўтобусу ці маршрутцы, хтосьці прынцыпова дабіраецца “на сваіх дваіх”, а частка людзей лічыць лепшым сродкам веласіпед.
Калі справа тычыцца жыхароў шматпавярховак, перад імі абавязкова ўзнікае пытанне: дзе захоўваць двухколавую тэхніку? І не заўсёды проста знайсці на яго адказ.
Напрыклад, многія жыхары дома № 81 на вуліцы Сумчанкі размяшчаюць веласіпеды ва ўласных пад’ездах, у чым мы пераканаліся, наведаўшыся ў парадныя. Дарэчы, гэта адзін з нямногіх жыллёва-будаўнічых кааператываў, жыхары якога не жадаюць пераходзіць на аб-слугоўванне УКП ЖКГ, бо прывыклі рашаць усе бытавыя і будаўнічыя пытанні ўласнымі сіламі — як і ўзводзілі калісьці гэту пабудову.
У калідорах першага, другога, трэцяга, пятага, шостага пад’ездаў радамі выстраілася дзіцячая і дарослая тэхніка: веласіпеды, самакаты, дзіцячыя каляскі. А ў чацвёртым пад’ездзе — ніводнай лішняй рэчы.
Вырашылі разабрацца ў прычынах.
— Будынку 34 гады, пражывае ў ім 411 чалавек, — расказвае старшыня кааператыва Наталля Папова, якая на дадзенай пасадзе два гады, але папярэдне працавала ў камунальнай арганізацыі, таму сфера для яе не новая. — Веласіпедаў у жыльцоў нямала. Для іх захоўвання ў кожным пад’ездзе абсталявана калясачная, куды можна ставіць дробны “транспарт”. Толькі, на жаль, не ўсе жыхары карыстаюцца ёй: лянуюцца спусціцца на чатыры прыступкі ўніз.
Бездакорны чацвёрты пад’езд, дзе заўсёды пануюць чысціня і парадак. І каляскі з веласіпедамі там захоўваюцца ў належным месцы, чаго не скажаш пра астатнія пяць. Стараюся трымаць на кантролі гэта пытанне. Каб былі старшыя па пад’ездзе, яны змаглі б аказаць істотную дапамогу, але зараз ніхто з жыльцоў на гэту грамадскую пасаду катэгарычна не згаджаецца: навошта лішнія клопаты? Безумоўна, ад веласіпедаў у пад’ездах лішні пясок, але абедзве нашы прыбіраль-шчыцы старанна выконваюць сваю работу.
Дарэчы, жыхары ставяцца да такой паркоўкі па-рознаму: адны скардзяцца на захламленне, іншыя кажуць: “Абыходжу і іду далей”.
Паднятая праблема актуальная ў той ці іншай ступені для большасці асіповіцкіх шматпавярховак. Як расказвае намеснік начальніка вытворча-тэхнічнага аддзела УКП ЖКГ Алена Сямёнава, майстры ЖЭУ рэгулярна развешваюць у пад’ездах аб’явы, якія нагадваюць правілы паводзін у месцах агульнага карыстання. Згодна з заканадаўствам захоўваць штосьці на лесвічных маршах, а таксама загрувашчваць пад’езды забараняецца і з’яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем, за якое прадугледжаны штраф да 20 базавых велічынь (ч. 4 арт. 22.12 Кодэкса краіны аб адміністрацыйных правапарушэннях). Таксама велатранспарт перашкаджае руху ў выпадку экстраннай эвакуацыі. Перамяшчаючы веласіпеды і каляскі па лесвічных маршах, можна папсаваць сцены, а рамонт пад’ездаў зараз ажыццяўляецца за сродкі саміх жыхароў. Акрамя таго, пакінутыя на лесвічных пляцоўках рэчы перашкаджаюць правядзенню ўборкі, ужо не кажачы пра тое, што і хадзіць, чапляючыся за колы, людзям не вельмі прыемна.
Як адзначае начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Андрэй Гарадзецкі, з 21 крадзяжу, зарэгістраванага за першае паўгоддзе, чатыры склалі ўгоны веласіпедаў. І знікаюць двухколавыя сродкі перамяшчэння часцей за ўсё з пад’ездаў. Відаць, гаспадары спадзяюцца, што параднае — самае на-дзейнае месца для іх захоўвання. Аднак, як сведчаць факты, памыляюцца.
Дык дзе ж ставіць веласіпеды? Дазваляецца ў падвалах, але не на агульнай тэрыторыі, а ў асабістай ячэйцы. Аднак такі варыянт падыходзіць не ўсім: з 292 дамоў жылфонду УКП ЖКГ толькі 139 маюць падвальныя памяшканні. У некаторых, пераважна старых, дварах яшчэ захаваліся хлявы або іншыя гаспадарчыя пабудовы, якія таксама добра падыдуць у якасці міні-гаража. Асобныя жыхары размяшчаюць свае “велікі” на балконах, у калідорах або каморах. Аднак не вельмі зручна цягнуць перад сабой мабільны сродак перамяшчэння, напрыклад, на пяты паверх і назад. Да таго ж такая фіззарадка, асабліва штодзённая, таксама пагражае падрапанымі сценамі і дзвярамі. У новых дамах на вуліцы Міхалкіна абсталяваны спецыяльныя калясачныя, што актуальна для маладых сямей і зручна ўсім. Яшчэ адзін прыдатны варыянт: сіламі аматараў велапрагулак уладкаваць каля дома крытую пляцоўку для захоўвання веласіпедаў і калясак, як гэта робяць жыхары некаторых сталічных дамоў. Але ў УКП ЖКГ пакуль з такімі прапановамі ніхто не звяртаўся.
У РАНС таксама падкрэслілі, што правілы пажарнай бяспекі не прадугледжваюць захоўванне веласіпедаў, калясак і іншай маёмасці ў аб’ёме лесвічных клетак, тамбураў, ліфтавых холаў і г.д. Таму што ў экстранных сітуацыях менавіта гэта бяскрыўдная маёмасць можа стварыць пера-шкоду для выратавальнікаў-пажарных, якія спяшаюцца на дапамогу пацярпелым.
Так што сітуацыя такая: калі хтосьці бачыць, што суседзі, насуперак усім правілам, загрувашчваюць месцы агульнага карыстання, трэба паспрабаваць з імі дагаварыцца. У выпадку, калі парушальнік просьбу ігнаруе, можна звярнуцца ў УКП ЖКГ або паведаміць участковаму міліцыянеру. А яшчэ памятайце: перш чым набыць веласіпед, добра падумайце, дзе яго “прапісаць”, каб прыемны набытак не стаў галаўным болем.