Каханню ўсе ўзросты пакорныя

“Восень жыцця цёплая, калі побач родныя, блізкія людзі, а па лёсе крочыш, надзейна трымаючыся за моцную руку спадарожніка”, — лічыць асіпаўчанка Людміла Жураўлёва. І з ёй нельга не пагадзіцца.
Анатоль і Людміла пазнаёміліся на вечары ў Чэрвеньскім Доме піянераў яшчэ калі вучыліся ў школе. Праз нейкі час хлопец паступіў у тэхналагічны інстытут, а дзяўчына стала працаваць на гадзіннікавым заводзе. Сутыкнуўшыся выпадкова на вакзале, паглядзелі адзін аднаму ў вочы і зразумелі, што гэта сустрэча не апошняя. З таго дня студэнт пасля заняткаў стаў спяшацца да прахадной завода, каб убачыць любую. Гулялі па вячэрнім горадзе, весяліліся, гутарылі аб будучым…
30 жніўня 1974 года для іх стала векапомным днём: Людміла і Анатоль пабраліся шлюбам.
Атрымаўшы дыплом, малады інжынер прыехаў па размеркаванні ў Асіповіцкі лясгас, а выпускніца фінансава-эканамічнага тэхнікума стала працаваць бухгалтарам камбіната хлебапрадуктаў.
…Паўвека праляцела неўпрыкмет: за шчырай працай, хатнімі і бацькоўскімі клопатамі. Можна падсумаваць здабыткі, самыя важныя сярод якіх — цудоўныя сыны Вячаслаў і Аляксандр, унукі Мікола, Алена, Варвара. І шмат цікавага наперадзе!