Каб прадпрыемства стабільна працавала і паступальна развівалася, калектыў, які на ім працуе, павінен быць здаровым, работнікі — актыўнымі, жыццярадаснымі і поўнымі сіл, лічаць кіраўніцтва і прафкам ТАА “Асіповічыгазбуд”
![Каб прадпрыемства стабільна працавала і паступальна развівалася, калектыў, які на ім працуе, павінен быць здаровым, работнікі — актыўнымі, жыццярадаснымі і поўнымі сіл, лічаць кіраўніцтва і прафкам ТАА “Асіповічыгазбуд”](https://osipovichi-region.by/wp-content/uploads/2025/02/photo_2025-02-14_11-13-59.jpg)
На гэтым прадпрыемстве заахвочваецца здаровы лад жыцця, яго тэрыторыя свабодная ад курэння, у пашане любыя віды рухомай актыўнасці. Работнікі ўдзельнічаюць у турнірах па шахматах і шашках, спаборнічаюць у бегу, стральбе, плаванні, настольным тэнісе і іншых відах спорту — ні адны спаборніцтвы, што праводзяцца ў раёне ці холдынгу, не абыходзяцца без удзелу “Асіповічыгазбуда”. Найбольш актыўныя спартсмены арганізацыі — Мікалай Андрыевіч, Таццяна Грудовіч, Ірына Жордачкіна, Алена Злобіч, Арцём Качалін, Аляксей Малаковіч, Іван Руднеў, Вольга Тарасевіч, Васілій Цімафееў.
У раённай спартакіядзе газбудаўцы летась занялі ганаровае другое месца.
Праводзяцца спартландыі і ў сваім калектыве, што павышае зацікаўленасць працаўнікоў, і, як следства, яны менш хварэюць, становяцца больш бадзёрымі. Прычым балельшчыкамі ў такіх спаборніцтвах нярэдка становяцца сем’і работнікаў, бо іх дзецям таксама дазваляецца прыходзіць у спартыўную залу ТАА “Асіповічыгазбуд”, каб пагуляць у валейбол ці, напрыклад, папрактыкавацца ў трапнасці ў час гульні ў дартс. Такі клопат прыводзіць і да вынікаў у розных спаборніцтвах. Так, сям’я Таццяны і Юрыя Грудовіч з дзецьмі Кірай, Ярамірам і Міхаілам атрымалі кубак пераможцы ў абласным этапе конкурсу “Мама, тата, я — спартыўная сям’я”, дзе каманда матуль прадпрыемства, дарэчы, таксама заняла першае месца. Наперадзе — фінальная гульня ў Мінску.
Кіраўніцтва прадпрыемства ўкладвае нямала сродкаў у заахвочванне работнікаў да вядзення здаровага ладу жыцця і заняткаў спортам. Устаноўлены тэнісны і більярдны сталы, закуплены мячы, ракеткі для вялікага тэніса, лыжы, дартс, спартыўнае адзенне і абутак для каманды.
Немалаважны складнік здароўя калектыву — правільнае харчаванне. Аб гэтым у “Асіповічыгазбудзе” таксама клапоцяцца. Пакой прыёму ежы аснашчаны халадзільнікам, чайнікам, мікрахвалевай печчу.
Усё гэта разам садзейнічае не толькі здароўю людзей, але і аб’ядноўвае калектыў і паляпшае імідж арганізацыі.