Гета ў Дараганаве. Помнік ахвярам Халакоста

Гісторыя, апісаная ў навукова-даследчай краязнаўчай рабоце “Вайна вачыма дзяцей: сведкі Дараганаўскага гета”, над якой на працягу навучальнага года працавалі нядаўнія 11-класнікі Дараганаўскай СШ Кірыл Кузьмінчук і Таццяна Новік разам з кіраўніком школьнага комплексна-краязнаўчага музея Антанінай Сцяпанавай.
Яны былі цеслярамі і кавалямі, бондарамі і шаўцамі, хлебаробамі і хлебапёкамі, настаўнікамі і ўрачамі… Яны радаваліся зеляніне дрэў і квецені траў, сонцу і дзецям. Яны жылі ў міры і ладзе з суседзямі і складалі большую частку насельніцтва мястэчка Дараганава. Яны былі яўрэямі.
І менавіта гэты апошні факт паслужыў галоўнай прычынай іх бяздушнага знішчэння. Варожая гітлераўская машына паклала іх усіх — старых, маладых і зусім маленькіх — у адну магілу.
У Дараганаве адразу пасля акупацыі была створана ўправа на чале з бургамістрам і паліцэйскі гарнізон з калабарацыяністаў. Паліцаі хутка разведалі, што мясцовая настаўніца гадуе сыноў-блізнят, якіх нарадзіла ад яўрэя. Дзяцей фашысты забілі, а іх маці страціла розум. Ужо восенню немцы, выконваючы гітлераўскую праграму, сагналі ўсіх яўрэяў у створанае гета на вуліцы Пясчанай. Мясцовыя жыхары называлі яе “Пясчанка”. Пакінутыя яўрэйскія дамы і маёмасць прысвоілі паліцаі. Тэрыторыя гета не ахоўвалася, але ўцёкаў не было, бо збегчы адтуль не было куды: у лесе чакала смерць ад голаду і холаду, партызанскі рух яшчэ не дзейнічаў, і існавала пагроза быць схопленымі паліцаямі або выданым мясцовымі жыхарамі.
У маі сорак другога ў Дараганава прыбыў атрад СС з Бабруйска колькасцю 30 чалавек. Фашысты акружылі вёску, паліцаяў расставілі па перыметры мястэчка, тым самым не далі магчымасці яўрэям уцячы. Паліцаі пачалі прыкладамі выганяць людзей з гета на вуліцу. Са-бралі ўсіх, пастроілі ў калону і адвялі да старой пякарні на ўскрайку вёскі, на поўнач ад Дараганава. Мясцовыя жыхары, баючыся за ўласнае жыццё, выглядалі з-за плоту і акон. Ахвяр групамі па пяць чалавек гналі да вялікай выкапанай ямы. Там карнікі прымушалі людзей распранацца і расстрэльвалі.
Многія мясцовыя жыхары ўспаміналі: “Той дзень нельга забыць. Яшчэ некаторы час былі чутны стогны, дзе закапалі расстраляных, зямля пачырванела ад людской крыві”.
Тамара Пятроўна Бараноўская — відавочца той трагедыі — расказвае, як гналі ворагі вуліцай вялікі гурт знаёмых людзей. Адна з жанчын кінула яе маці белую вязаную хусту, але тая, баючыся расплаты, не падняла яе. У вялікім людскім гурце былі яе сяброўкі і іх маленькія брацікі і сястрычкі, а таксама іх бацькі. Праз імгненне раздаліся кулямётныя чэргі… На наступны дзень разам з крыху старэйшымі дзецьмі Тамара Пятроўна пайшла паглядзець, што там адбылося… Шмат гадоў мінула з таго дня. Але і сёння з жахам успамінае пяцігадовая сведка трагедыі, як калыхалася-дыхала ў тым месцы некалькі дзён палітая крывёю зямля. Памятае, як разгневаўся бацька, даведаўшыся аб яе неразумным дзіцячым учынку, і яго словы: “Жадала, каб і цябе ў тую магілу засунулі?”
Пасля вайны на месцы расстрэлу яўрэяў паставілі невялікі помнік з надпісам “Мірным савецкім грамадзянам, загінуўшым ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў”, за ім даглядалі школьнікі і мясцовыя жыхары.
У 1976 годзе паўстаў новы пастамент, на ім значылася 73 прозвішчы, але гэта быў не поўны пералік ахвяр. Піянеры абышлі ўсе дамы, апыталі мясцовых жыхароў і склалі новы спіс загінуўшых — 105 чалавек, які быў надрукаваны ў кнізе “Памяць. Асіповіцкі раён”. Пазней удалося ўстанавіць 113 прозвішчаў яўрэяў. Пошукамі ахвяр нацызму заняўся вядомы журналіст і пісьменнік, наш зямляк Віктар Хурсік. З Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі яму прыслалі спіскі расстраляных у Дараганаве, сярод якіх былі як яўрэі, так і беларусы. Гэтыя дакументы захоўваліся ў яго асабістым архіве.
Вялікую работу па выяўленні абставін гібелі дараганаўскіх яўрэяў правёў пісьменнік, кандыдат эканамічных навук Уладзімір Кісялёў. Вынікі яго працы можна знайсці ў кнізе “Асколкі параненай памяці” (Мн., 2004 г.).
У 2008 годзе ў Дараганава прыехалі Рэгіна Эпштэйн (унучка расстраляных у 1942 годзе Сары і Рафаіла Эпштэйнаў ) са сваім сынам Ільёй Машанскім. Яе бацька, сын Рафаіла і Сары, Барыс Эпштэйн толькі ў 1944 годзе даведаўся аб лёсе сваіх бацькоў. З таго часу гэта стала незабываемым смуткам і болем іх сям’і. Наведаўшы брацкую магілу, дзе знайшлі апошні прытулак блізкія ім людзі, Рэгіна Эпштэйн выканала мару свайго бацькі і разам з сынам не толькі пакланіліся магіле продкаў, але і прапанавалі грашовую дапамогу на рэканструкцыю пахавання. І галоўнай умовай было нанесці на ім усе прозвішчы закатаваных вясной 1942 года.
Каб адшукаць імёны пахаваных тут грамадзян, спатрэбіў-ся не адзін год. Звесткі збіралі мясцовыя краязнаўцы. Значную дапамогу аказаў былы выхаванец дзіцячага дома ў Крынках, якому лёс наканаваў застацца ў жывых, Уладзімір Свярдлоў. Так 26 чэрвеня 2009 года з’явіўся манумент з чорнага мармуру. На ім выбіты прозвішчы ўжо 162 мірных жыхароў. Можна лічыць, што нарэшце сталі вядомы імёны ўсіх расстраляных вясной 1942 года ў гэтым месцы на “Пясчанцы”.