Геаграфія работ філіяла «Будаўніча-мантажны поезд № 761 на станцыі Магілёў» ААТ «Дарбудмантажтрэст» даволі шырокая

Геаграфія работ філіяла «Будаўніча-мантажны поезд № 761 на станцыі Магілёў» ААТ «Дарбудмантажтрэст» даволі шырокая.
Яго брыгады працуюць у Магілёве, Оршы, Мінску і іншых кропках краіны. Сярод аб’ектаў нямала сацыяльна значных. Напрыклад, не так даўно здалі ў эксплуатацыю аздараўленчы цэнтр “Энергетык” у Заслаўлі.
З мінулага года вядуць будаўніцтва адміністрацыйна-бытавога корпуса Аршанскага УМГ, сёлета чакаецца здача аб’екта. Працаўнікі будаўніча-мантажнага поезда шчыруюць таксама ў індустрыяльным парку “Вялікі камень” — новай высокатэхналагічнай міжнароднай пляцоўцы для вядзення бізнесу. Наперадзе чакае рэканструкцыя двух мастоў на Магілёўшчыне.
Але бадай самым галоўным аб’ектам для іх стала ўзвядзенне доўгачаканай жыхарамі вуліцы Чарняхоўскага школы, да якога сёлета прыступілі. Пабудаваць установу адукацыі належыць з нуля — на былой пустцы, парослай хмызняком, дзе не было ніякіх камунікацый.
Будаўнічая пляцоўка на вуліцы Чарняхоўскага падобная на вялікі мурашнік, дзе гудзяць экскаватары, у розных напрамках снуюць гружоныя пяском самазвалы, геадэзісты вядуць вымярэнні і тут жа гучна паведамляюць іх даныя, карэкціруючы работы ў катлаване. Зараз ідуць падрыхтоўчыя работы да мантажу калон. Усяго іх будзе 168. Але гэта толькі пачатак работ. Наперадзе чакае ўзвядзенне чатырохпавярховага будынка, які будзе складацца з трох блокаў.
Сёння на будоўлі задзейнічана больш за дзесяць адзінак тэхнікі, завіхаецца больш за паўсотні чалавек. Начальніка Асіповіцкага прарабскага ўчастка Аляксандра Захарава на аб’екце можна сустрэць часта. Ён не толькі кантралюе ход работ і дае распараджэнні, але, калі трэба, і дапаможа іх выконваць. Напрыклад, мы сустрэлі яго за тэадалітам у час геадэзічнага вымярэння. Побач працуюць майстар Дзяніс Міхалковіч, незамянімыя на любым будаўніцтве цясляр Васіль Жогаль, муляр Ігар Сядоў. Ды і іншыя работнікі са сваімі абавязкамі спраўляюцца добра. Акрамя падрадчыка — філіяла «БМП № 761 на станцыі Магілёў», — работы вядуць субпадрадчыкі: ТАА «Глобалстрой» з Гомеля і «КапиталАльфаСтрой» з Бабруйска.
Будзем сачыць за ходам работ!