Галоўнае месца адпачынку асіпаўчан на свежым паветры — гарадскі парк

Галоўнае месца адпачынку асіпаўчан на свежым паветры — гарадскі парк
Галоўнае месца адпачынку асіпаўчан на свежым паветры — гарадскі парк.
Тут у цеснай еднасці суіснуюць аб’екты прыроды і малыя архітэктурныя формы, штучны вадаём і сучасная спортпляцоўка.
Калі стваралася ўсё гэта хараство, насельніцтва быццам бы было задаволена. Вось толькі да эксплуатацыі не ўсе ставяцца па-гаспадарску.
Да такой высновы прыйшлі карэспандэнты раёнкі, якія прайшлі сонечным днём па цяністых алеях.

Незвычайны падарунак гораду зрабіла ў свой час ЗТАА “Дахавы завод «ТэхнаНІКОЛЬ»”, у выніку чаго асіпаўчане ўжо некалькі гадоў бясплатна наведваюць міні-стадыён пад адкрытым небам. Наведваюцца і вулічныя вандалы, ад якіх трэнажорам дасталася: адзін ужо выведзены са строю, поручань другога пераматаны ізастужкай, на трэцім зверху адкручана накрыўка, а ўнутры насыпана смецце.

Летась у парку з’явілася пляцоўка для варкаўта і адразу прыйшлася па душы юным экстрэмалам. На ёй безупынна носяцца хлопчыкі і дзяўчынкі на веласіпедах, самакатах, роліках ды скейтах. Засталі і мы цінэйджараў, якія заўзята практыкаваліся ў розных труках. А зусім маленькія наведвальнікі спартыўнай зоны, з усіх сіл падскокваючы, цягнуліся да турніка. Калі не даставала спрыту, нібы па канаце, кемліва ўзбіраліся на перакладзіну па бакавой стойцы. Радуе, што не ўся дзятва “зраслася” з гаджатамі, многія надзяляюць увагу і рухомай актыўнасці.

Пра сцэну, на якой праходзяць буйныя раённыя мерапрыемствы, газета ўжо не раз пісала. Са скрухай адзначылі, што глум над месцам культурнага адпачынку гараджан працягваецца. І прыкладаюць да гэтага руку тыя ж дзеці: надпісы і малюнкі яскрава аб гэтым сведчаць. Абшыўка бакавін сцэны ўся залатаная-заштопаная — камунальнікі ледзьве спраўляюцца з яе рамонтам. Чаму б аматарам вострых адчуванняў не псаваць створанае кімсьці, а папрактыкавацца на турніку, трэнажорах, заняцца варкаўтам ці проста паганяць на веліку? Усё пад рукой. Але гэта рука замест спартыўнага абсталявання чамусьці бярэцца за сцізорык, каб рэзаць і нішчыць…

Парк займае даволі вялікую плошчу. Здаецца, што занятак па душы ў вольны час там можа знайсці кожны. Для самых маленькіх ёсць паляна казак з млынам, хаткамі, пянькамі і мядзведзямі, дзеці ўсіх узростаў з радасцю наведваюць арэлі, горкі і розныя гушкалкі, нярэдка карыстаюцца паслугамі і платных забаў ад заезджых прадпрымальнікаў.

Прыроднае асяроддзе парка быццам бы даволі сімпатычнае: беластволыя бярозкі перамяжоўваюцца з каржакаватымі таполямі і мініяцюрнымі клёнамі, газоны акуратна падстрыжаны. Смецце прыбрана, урны не перапоўнены. Словам, умовы для адпачынку добрыя, а гэта, безумоўна, садзейнічае таму, што ў парку гуляюць не толькі школьнікі. Многа сямей, прыходзяць і пенсіянеры, каб пагутарыць, паназіраць за малымі ды і наогул адпачыць ад хатніх спраў на ўлонні прыроды. Але на самай зручнай пляцоўцы для стасункаў, дзе тры лаўкі размешчаны паўколам, а від на фантан навейвае прыемныя ўспаміны, плітка скрозь усцелена сланечнікавым шалупіннем: па ўсім відаць, папярэднюю кампанію не клапаціла, што яна пакіне пасля сябе. Таму тры жанчыны сталага ўзросту доўга на лаўцы не затрымаліся: непрыемна, калі вакол брудна.

Шыльда на ўзбярэжжы сажалкі вяшчала, што лоўля рыбы забаронена, але гэта зусім не перашкаджала хлопцу з вудай сядзець на беразе і глядзець на паплавок…

Тры гады таму асіпаўчане хадзілі ў парк палюбавацца сямейкай аленяў, вырабленых умельцамі УКП ЖКГ. А зараз самае меншае аленяня знішчана, а дзве другія фігуры пашкоджаны аматарамі асядлаць нават скульптуры, хоць яны знаходзяцца на подыуме, куды забірацца наогул забаронена. Але ж ці існуюць перашкоды для людзей, у якіх нямерана сіл, а вось розуму, каб іх прымяніць з карысцю, не стае?

Ці настане такі дзень, калі ў парку будзе ўзорны парадак, а яго наведвальнікі задаволены цудоўным адпачынкам? Верыцца, што так. Безумоўна, рамантаваць абсталяванне трэба рэгулярна, убіраць таксама. Усё гэта і робіцца. А вось што неабходна змяніць? Культуру паводзін у грамадскіх месцах і павагу да працы іншых. Калі не я рабіў — гэта не маё, а не маё — і шкадаваць не варта. Час ужо разарваць гэты ланцужок спажыўца. Наша асяроддзе робяць прыгожым людзі, укладваюць туды час, працу, грошы, у тым ліку і нашы агульныя — падаткаплацельшчыкаў. А ці ж будзе карысць з разбурэння, знішчэння і безгаспадарчасці? Наўрад.

Последние новости

Общество

Прокуратура Осиповичского района потребовала устранить нарушения в сфере увековечения памяти о погибших при защите Отечества и сохранении памяти о жертвах войн

24 апреля 2026
Читать новость
Общество

Гороскоп на 24 апреля для всех знаков Зодиака

24 апреля 2026
Читать новость
Общество

Гороскоп на 23 апреля для всех знаков Зодиака

23 апреля 2026
Читать новость
Культура

Что посмотреть на неделе в Осиповичах? Афиша кинотеатра «Родина»

22 апреля 2026
Читать новость
Власть

Филигранная точность на скорости 200 км/ч. Лукашенко показали возможности дронов и их операторов

22 апреля 2026
Читать новость
Власть

Лукашенко поручил ужесточить подготовку водителей в автошколах

22 апреля 2026
Читать новость