Дзяжурны па станцыі Верайцы Асіповіцкага района заўважыла няспраўнасць аднаго з цягнікоў і аператыўна адрэагавала на сітуацыю

Галоўная ўмова паспяховай працы на любым месцы — адказныя адносіны чалавека да сваіх абавязкаў. Тое, што дзяжурны па станцыі Верайцы Інеса Якімчук майстар сваёй справы, пацвярджае нядаўні выпадак: чыгуначніца заўважыла няспраўнасць аднаго з цягнікоў і аператыўна адрэагавала на сітуацыю.
Адбылося здарэнне ўначы. Сустракаючы грузавы цягнік, што рухаўся праз станцыю, працаўніца ўбачыла іскрэнне ў хваставой частцы саставу. У адпаведнасці з інструкцыяй яна адразу паведаміла аб гэтым машыністу, а таксама калегам на станцыю Пухавічы, у напрамку якой рухаўся транспарт. Цягнік быў тэрмінова прыпынены, лакаматыўная брыгада аглядзела вагоны, знайшла няспраўнасць і выправіла яе.
Як адзначае кіраўніцтва станцыі Асіповічы-1, калі б Інеса Іванаўна своечасова не заўважыла непаладку і не паведаміла аб ёй, гэта магло б пагражаць бяспецы руху дадзенага і іншых саставаў. І толькі дзякуючы пільнасці дзяжурнага рызыка была своечасова ўстаранёна.
На чыгунцы Інеса Якімчук працуе амаль 14 гадоў. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту прыбыла на станцыю Асіповічы-1. Куды б ні накіроўвалі кваліфікаванага спецыяліста (а яна ў розныя часы працавала дзяжурным па станцыях Дзераўцы, Лапічы, Градзянка, дзяжурным па парку), на кожным участку выконвала даручанае на выдатна.
— Быццам бы адна і тая ж пасада, але на кожнай станцыі яна мае сваю спецыфіку, — разважае Інеса. — Напрыклад, станцыя Градзянка тупіковая, цягнікоў прыбывае і адпраўляецца мала, затое шмат часу займаюць пагрузачныя работы. Ідзе прыём заявак, перамовы з арганізацыямі, падача вагонаў пад пагрузку. Праз Верайцы ж ажыццяўляецца інтэнсіўны рух пасажырскіх і грузавых цягнікоў: за суткі па 35-40 пар праходзіць.
Якой бы работай ні была занята, Інеса ніколі не забывае пра бяспеку. Адзначае, што з калектывам станцыі рэгулярна праводзіцца тэхнічная вучоба, інструктажы, знаёмства з дакументацыяй, а калі да глыбокіх тэарэтычных ведаў і багатага практычнага вопыту дадаюцца ўважлівасць, назіральнасць і пільнасць, дык і вынікі адпаведныя.