Дзе гэта вуліца? Дзе пэўны дом?
У рэдакцыю звярнуўся чытач газеты Юрый Рудзінскі, які агучыў наступную недарэчнасць: на мікрараёне “Паўночны” многія дамы не маюць таблічак з нумарамі, і калі ён патрапіў на адну з вуліц, не мог знайсці патрэбнага адраса.
Вырашылі праехаць па вуліцах горада, каб усвядоміць, наколькі гэта праблема актуальна ў райцэнтры. Непранумараваных шматкватэрных дамоў знайсці не ўдалося. Затое ў прыватным сектары такіх — хоць адбаўляй!
Аднак не ўсюды гэта праблема аднолькава вострая. Напрыклад, на завулку Заводскім, вуліцы Чарняхоўскага і некаторых іншых сустракаюцца толькі адзіночныя экзэмпляры пабудоў без пазначанага нумара, і дзякуючы надпісам на суседніх дамах загадкавую лічбу ўстанавіць нескладана. Але ёсць і такія вуліцы, дзе па некалькі дамоў запар не падпі-саны, а з-за таго, што сядзібы займаюць даволі вялі-кія плошчы, каб знайсці патрэбны дом, даводзіцца абысці амаль усю вуліцу з канца ў канец. Напры-клад, такое адзначаецца на вуліцах Магістральнай, Дружнай, Шамякіна, Вішнёвай. У гэтым раёне, дарэчы, вельмі многа новабудоўляў, і часта гаспадары яшчэ нават незаселеных дамоў вывешваюць шыльды з назвай вуліцы і нумара дома, некаторыя — проста на агароджы, што вельмі зручна, бо за высокім парканам наогул нічога, акрамя даху, не відаць. Але не ўсе праяўляюць такую свядомасць, хаця гэта і ў інтарэсах гаспадароў, бо ў кожны дом нехта час ад часу наведваецца: сябры, сваякі, урач, страхавы агент, сантэхнік…
Пацікавіліся ў паштальёна Валянціны Пахомавай, якая абслугоўвае дадзены мікрараён, як яна арыентуецца ў ім.
— Ужо прывыкла, але спачатку даводзілася нялёгка. Пыталася ў суседзяў, але тыя не заўсёды ідуць на кантакт. Не ўсе дамы маюць паштовыя скрыні, а чатырохногія ахоўнікі часта не дазваляюць зайсці ў двор, таму гэты раён даволі складаны для наведвання.
Загадчык аддзялення скорай медыцынскай дапамогі Юлія Трусевіч таксама пацвердзіла, што ўрачам, якія спяшаюць да хворых, нярэдка даводзіцца ўдзельнічаць у квэсце “Знайдзі патрэбны дом”, а ў поцемках гэта бывае даволі праблематычна. Тое ж тычыцца і іншых службаў экстраннага рэагавання.
Хацелася б пачуць меркаванне кіраўніцтва Асі-повіцкага бюро Бабруйскага філіяла РУП “Магілёўскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры”, хто адказвае за “легалізацыю” дамоў і ці плануецца штосьці зрабіць, каб такія “ўраўненні” з трыма і больш невядомымі ні перад кім не ўзнікалі.
Р.S. А яшчэ на сцяне аднаго з дамоў заўважылі сапраўдны рэбус. Як называецца гэта вуліца? Хто здагадаецца?