Два берагі — адна назва
Прыцерпа. Не аднаму з жыхароў Асіповіччыны добра вядома назва населенага пункта — яго ваколіцы прывабліваюць да сябе рыбакоў, грыбнікоў, паляўнічых, а летам жадаючых пажыць на ўлонні прыроды пару-тройку дзён, падыхаць свежым паветрам ды пакупацца ў Бярэзіне — цераз край. Шляхі-дарогі не раз прыводзілі сюды і журналістаў “АК”. Ехаць у суседні, Бярэзінскі, раён і не завітаць у знаёмую вёсачку, якая мяжуе з аднайменнай, але ўжо іншага рэгіёна — несправядліва.
На жаль, сустракае яна маўклівасцю і бязлюднасцю. Толькі напрыканцы вуліцы каля дома сацыяльных паслуг сядзелі на лаўцы і радаваліся веснавому сонцу і цяплу Галіна Баранава, Ніна Вікторчык і Валянціна Мірановіч — чакалі прыезду аўталаўкі. Жывуць яны тут пастаянна. Першыя дзве — карэнныя прыцярпянкі. Толькі адна нарадзілася тут, а другая ў той — “рускай” — зарэчанскай Прыцерпе.
— Чаму рускай? Бо на гэтым баку ракі жылі шляхецкія сем’і, — гаворыць Ніна Міканораўна. — Ціхановічы, Таміловічы, Шпілеўскія, Юшкевічы. Святкавалі каталіцкія святы, былі больш заможныя. А там жылі людзі рускай праваслаўнай веры. У тым ліку і мае бацькі, якія пераехалі сюды да вайны. Цяпер у жывых засталася толькі Ціхановічыха, і тая ў дзяцей зімуе.
— Ва ўсе часы мы як адно цэлае, — уступае ў размову Галіна Фёдараўна. — Ведаем адзін пра аднаго ўсё. Танцы ладзілі сумесныя. Усё больш на нашым баку, бо тут клуб быў. А зараз што ў нас, што там засталося па чатыры чалавекі, астатнія ўсе дачнікі. Нядаўна папрасіла сына, каб завёз на экскурсію да суседзяў. Прыемна здзівілася. На месцы некаторых старэнькіх дамоў — прыгожыя катэджы. У нас такі толькі адзін, хаця ходзяць чуткі, што хутка з’явіцца база адпачынку “газпрамаўцаў“. Нават участак ужо выбралі. І газ сюды правядуць. Можа, і дажывём яшчэ да таго часу. Тады і наша Прыцерпа ажывіцца. Паедзеце на той бок — перадавайце прывітанне. Іхнія пеўні кожнай раніцы пяюць, як бы вітаюцца з намі…
Спатрэбілася некалькі хвілін, каб апынуцца ў бярэзінскіх прыцярпян. На вуліцы таксама ні душы. Старыя, але дагледжаныя дамы сапраўды мяжуюцца з новымі прыгожымі пабудовамі.
Дарога ўзнімаецца ўсё вышэй. Перад вачыма з правага боку — прыгожае люстра Бярэзіны, якая змейкай уецца па кустах-вербалозінах. На небасхіле за ракой узвышаецца яшчэ адна вёска, але ўжо Клічаўскага раёна. Па левы бок — малады сасоннік, што прытуліў да сябе вуліцу з катэджамі. Паздымаць краявіды — мара любога фатографа.
Пабачыўшы машыну з надпісам “прэса”, на вуліцу выйшаў гаспадар аднаго з дачных дамоў.
— Любуецеся прыгажосцю? — уступае ў размову. — Мне таксама спадабаліся калісьці гэтыя мясціны. Не вытрымаў, купіў у 90-х гадах тут участак, пабудаваў дом. Адсюль родам жонка, жывём зараз у Смаленску, сам вырас на Кубані, а палюбіў Беларусь. Трое маіх суседзяў–дачнікаў — мінчане, ёсць і з Беразіно. Летам вуліца поўніцца дзіцячымі галасамі. Сонца, вада, лес, лазня. Усё — без мітусні і загазаванасці, а што больш патрэбна чалавеку для адпачынку?
З гараджан — у фермеры
Вёскі Чыжаха і Бычын да нядаўняга часу знаходзіліся ў Якшыцкім сельсавеце. Былі часы, калі некаторыя з жыхароў дабіраліся на працу ў нашы Каменічы: хто рабіў у калгасе, а хто ў лясніцтве. Ды і зараз ёсць такія. Наогул, сяброўства паміж вёскамі існуе даўно. Напрыклад, фермер з Бычына, былы мінчанін Уладзімір Сідаровіч, мае 600 гектараў зямлі, вырошчвае сельскагаспадарчыя культуры, у тым ліку і агародніну, прапануе яе камянчанам. Раней тыя прыязджалі да яго за садовай малінай.
— Восьмы год у бізнесе, — гаворыць Уладзімір. — Прадаў катэдж пад Мінскам, за выручаныя грошы пабудаваў тут дом, узяў у арэнду 90 гектараў. Зараз, як бачыце, гаспадарка вырасла ў разы. Ёсць сучасная тэхніка, дабротны склад на 600 “квадратаў“, малады сад. Трымаю авечак, цасарак. Забяспечваю рабочымі месцамі тутэйшых жыхароў. Акрамя агародніны, вырошчваю траву на насенне і прадаю яе, у тым ліку і расіянам. Планы на будучае? Ёсць цікавыя ідэі, але раскрываць не буду, каб не сурочыць.
Гаспадарлівасць фермера адчувалася ва ўсім. Радавалі вока новыя трактары ў гаражы, у складзе жаўцела на сонцы проса, працавала зернесушылка, акуратна ляжалі мяшкі з насеннем, якое ўжо чакае заказчык, на полі працаваў “Беларус”, пасвіліся авечкі. Ад усяго павявала надзейнасцю,упэўненасцю ў заўтрашнім дні…
З настаўнікаў — у прадпрымальнікі
Чаго не скажаш пра школу ў Чыжасе, якая сіратліва паглядае на падарожнікаў сваімі вялікімі вокнамі. Ні колішняй чысціні вакол будынка, ні дзіцячых галасоў…
— Зачынілі летась, — гаворыць былы настаўнік 47-гадовы Андрэй Бакум. — 40 вучняў аўтобусам возяць у Багушэ-вічы, за 18 кіламетраў адсюль. Стала нязручна, пачаў шукаць работу на месцы. Вырашыў паспрабаваць сябе ў ролі прадпрымальніка — адкрыў гандлёвы павільён. Плануем з жонкай пераехаць у Асіповічы — ужо і дом купілі на вуліцы Карла Маркса. Чаму не ў Беразіно? Там з работай праблемы, чыгункі няма. Мяркую ўладкавацца педагогам, а бізнес перадам дзецям. Хаця і шкада: мясціны тут прыгожыя, душой прыкіпеў да іх. Але без любімай работы чалавеку не надта камфортна, таму прыходзіцца рабіць выбар. На жаль, падобная з’ява па закрыцці малакамплектных сельскіх школ існуе па ўсёй краіне. І тут нічога не зробіш: моладзь на вёсцы не застаецца, збягае туды, дзе ёсць заробкі…