Днямі тры зямлячкі ўзнагароджаны ордэнам Маці

Таццяна і Канстанцін Пужэвічы выхоўваюць Магдаліну і Марыйку, якія сёлета скончылі першы клас, шасцігадовага Мішу, а яшчэ трохгадовага Паўліка і Матвейку, якому хутка споўніцца два гады. Маці працуе фельчарам на станцыі хуткай медыцынскай дапамогі ў Беразіно, тата — на хлебазаводзе.
Але самае галоўнае для іх — гэта сям’я. Рабяты не наведваюць яслі і сад, у іх свой дзіцячы калектыў, дзе старэйшыя вучаць малодшых, дапамагаюць бацькам даглядаць за імі. Тата з матуляй не забараняюць дзецям спрабаваць выконваць любую новую работу: няхай зробяць спачатку не так, затое набудуць вопыт. Галоўнае, лічаць бацькі, любая праца павінна быць у радасць. Напрыклад, на піяніна дзеці іграюць не па прымусе, а таму, што гэты занятак даспадобы. А стравы, прыгатаваныя дзецьмі, заўсёды здаюцца больш смачнымі. Увесь вольны час дарослыя прысвячаюць сям’і, у якой некалькі пакаленняў жывуць у згодзе ды ладзе.
Барыс, Элеанора, Канстанцыя, Эдвард і Рычард — такія прыгожыя імёны носяць сыны і дочкі Юліі Забаўскай са Свіслачы. На пытанне, якая ваша сям’я, жанчына не задумваючыся адказвае: “Дружная!” І гэта менавіта так, бо, хоць матуля і карыстаецца бясспрэчным аўтарытэтам у сваіх дзяцей, але не злоўжывае гэтым і не навязвае ім уласнага меркавання, якім бы правільным тое ні было. Усё рашаецца на сямейным савеце, у якім кожны мае права голасу. Старэйшы сын Барыс ужо працуе на АЗАА, меншыя вучацца ў школе, а Рычард яшчэ зусім маленькі. Рабяты ў гэтай сям’і паважаюць зімовыя віды спорту, любяць катацца на каньках і лыжах, але найбольш цікавым лічаць для сябе занятак маляваннем. Іх маці па спецыяльнасці мастак-афарміцель, да любімай справы яна далучыла і дзяцей.
Таццяна Сідарчук не баіцца ніякай працы. Мужчынскага пляча побач не мае, таму ўсю дамашнюю работу можа выканаць самастойна. Ды ў кватэры яе не так многа, як у прыватным доме, дзе сям’я раней пражывала. А цяпер старэйшыя дочкі дарослыя, ужо і яны могуць прыгатаваць матулі ежу і раздзяліць з ёй іншыя хатнія абавязкі.
Гэты год для Таццяны і яе сям’і значны. Чакае нараджэння трэцяга ўнука, якога падорыць ёй старэйшая дачка Аляксандра. Марыя атрымала прафесію швачкі, зараз вырашыла вывучыцца яшчэ і на повара, Наталля здае экзамены і марыць набыць адукацыю гандлёвага работніка, Дзмітрый перайшоў у 9 клас, а малодшы Уладзіслаў рыхтуецца да паступлення ў дзіцячы сад. А самай важнай падзеяй стала атрыманне матуляй ганаровай дзяржаўнай узнагароды — за любоў да сваіх дзяцей, самаадданасць і мацярынскі подзвіг.