ДЭУ № 73 актыўнымі тэмпамі вядзе падрыхтоўку да вясенне-летняга перыяду

Работы на галоўных транспартных артэрыях раёна плануецца завяршыць да канца красавіка. Пералік запланаванага ўключае шмат пунктаў. Гэта ачыстка дарог ад пясчана-салявой сумесі, уборка сігнальных вешак, ліквідацыя ямачнасці, ачыстка паласы адводу, афарбоўка бар’ераў, агароджы і шмат іншага.
Адной з самых працаёмкіх аперацый можна лічыць абнаўленне дарожнай разметкі. Як расказаў начальнік ДЭУ № 73 Генадзій Гарбачоў, з мэтай павышэння дарожнай бяспекі і зручнасці руху транспартных сродкаў і пешаходаў уся восевая разметка абнаўляецца штогадова, а на дарогах з найбольшай інтэнсіўнасцю руху двойчы ў год — там аналагічныя работы праводзяцца яшчэ і ўвосень, каб забяспечыць добрую бачнасць палос ва ўмовах памяншэння светлавога дня, а таксама ў час дажджу і снегападу.
Дарожныя рабочыя асвяжаюць афарбоўку ўсіх элементаў разметкі,
уключаючы стрэлы, піктаграмы, штучныя няроўнасці, знакі, якія папярэджваюць аб блізкім знаходжанні дзіцячых устаноў, і г.д. Дарэчы, спецыяльная машына, якая выкарыстоўваецца для абнаўлення дарожнай разметкі, паралельна выконвае гэтыя работы ў двух раёнах — Асіповіцкім і Глускім.
Разам з сезоннымі работамі працягваецца капітальны рамонт моста праз раку Свіслач на аўтадарозе Барысаў-Беразіно-Бабруйск у раёне аднайменнага з ракой аграгарадка. Рамонт адной паловы моста да канца красавіка плануецца завяршыць, пасля чаго рух будзе пераведзены на абноўленую паласу, а дарожнікі прыступяць да рамонту другой часткі. У цэлым жа аб’ект да канца года будзе здадзены.
Дарэчы, не ён адзін чакае абнаўлення. Хутка плануецца будаваць новы мост праз раку Пціч, які знаходзіцца на 32-м кіламетры дарогі Асіповічы-Баранавічы непадалёк ад вёскі Майсеевічы. Яго ўзвядуць побач з існуючым зараз, які потым цалкам разбяруць. Увод гэтага аб’екта запланаваны на наступны год. Яшчэ адзін аналагічны аб’ект — мост праз раку Жыцінку на 14-м кіламетры аўтадарогі Асіповічы-Свіслач. Так што работы наперадзе шмат. Але гэта толькі радуе дарожнікаў, бо яе вынікі вядуць да паляпшэння інфраструктуры населеных пунктаў, садзейнічаюць бяспецы дарожнага руху, дораць землякам і гасцям Асіповіччыны цудоўны настрой, а працаўнікам ДЭУ № 73 — задавальненне ад працы.
Іна ЗаскевІч.
