Да сённяшняга часу беражліва захоўваецца ў сям’і настаўніцы Ірыны Юшкевіч з Ялізава цікавы вінтажны выраб — ступка для здрабнення перцу

Да сённяшняга часу беражліва захоўваецца ў сям’і настаўніцы Ірыны Юшкевіч з Ялізава цікавы вінтажны выраб — ступка для здрабнення перцу

Падобныя прадметы ў свой час былі папулярнымі і вырабляліся з розных матэрыялаў. Сяляне часта рабілі такое прыстасаванне з дрэва, выкарыстоўваючы цвёрдыя пароды.

Прылада ў гаспадарцы запатрабаваная, аднак цэняць яе Юшкевічы не толькі за карысны функцыянал: сёння ёсць і больш зручныя аналагі.

Справа ў тым, што гэтую самую кухонную рэч, якая і сёння захоўвае асаблівы водар, гадоў трыццаць пяць таму назад зрабіў і падарыў унучцы дзед Мікалай Акімавіч Шкор. І цяпер яна служыць не столькі ў якасці здрабняльніка спецый, колькі як светлы напамінак пра дарагога сэрцу чалавека. Дарэчы, добра памятаюць яго не толькі родныя і блізкія, але і многія жыхары пасёлка: шмат часу працаваў у мясцовай школе, аддаючы ўсяго сябе справе выхавання юных ялізаўчан.

— Дзядуля быў рознабакова цікавым чалавекам з шырокай душою, — дзеліцца Ірына Барысаўна. — І выдатным педагогам. Прынамсі, ён і даў пачатак нашай педагагічнай дынастыі. Настаўніцай была наша мама Тамара Мікалаеўна Мілько, а потым і мы, тры сястры: я, Святлана і Вольга. Педагагічную сцежку з мастацкім ухілам абрала і мая дачка Вераніка — зараз таксама працуе ў Ялізаўскай СШ. Ды і ўнук Станіслаў, думаю, з цягам часу выйдзе на настаўніцкую прафесію. Вельмі любіць гісторыю. У тым ліку захапляецца і генеалагічным дрэвам нашай сям’і. Таму заўсёды з задавальненнем слухае ўсялякія аповеды пра бабуль-дзядуль.

Лёс у Мікалая Акімавіча быў няпросты і цікавы. Некалі разам з жонкай Ганнай Цімафееўнай, малодшым лейтэнантам медыцынскай службы, прайшлі баявы шлях ад Ржэва да Бярліна. Дзядуля быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “За адвагу” і “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” Пра ліхалецце расказваць не любіў. Неяк толькі раз пад Новы год удалося разгаварыць. Тады і даведаліся, што дзядуля, наводчык гарматы ў 873 знішчальна-процітанкавым артылерыйскім палку, збіў пяць варожых самалётаў. У наступальных аперацыях на Ржэў у сакавіку 1943 года, кіруючы гарматай прамой наводкай, знішчыў каля ўзвода варожай пяхоты. За ўдакладненнем звестак звярталіся да інтэрнэт-партала “Памяць народа”. Ёсць у сям’і і партрэты бабулі і дзядулі, спецыяльна зробленыя для таго, каб у Дзень Перамогі выходзіць з імі на свята, такім чынам таксама далучаючы родных да агульнай урачыстасці.

— Добра памятаю прадзядулю, — успамінае праўнучка Вераніка. — Жыў ён у невялікім доміку, які стаіць і зараз. Калі не стала прабабулі, другую жанчыну нават і не шукаў, захоўваючы вернасць сэрцу. У яго былі дзеці, унукі, сябры. Усе любілі да яго наведвацца. Парадак заўсёды быў як у доме, так і на агародзе — уласнаручна палоў кожную граду. Увогуле, усё ўмеў рабіць сам. А смак “сэндвічаў” з хлеба і цукру, самага найлепшага пачастунку, не забыўся да цяперашняга часу.

— Дзядуля быў строгім настаўнікам, асабліва ў дачыненні да сваіх, — працягвае ўспаміны Ірына Барысаўна. — Патрабавальным, справядлівым. Увогуле, сапраўдным прыкладам ва ўсім: высакародны чалавек, добры муж, увішны гаспадар, заядлы рыбалоў. Развіваў рознабакова і ўсіх нас. Ва ўсялякай справе любіў парадак і паслядоўнасць. Цаніў кожны пражыты дзень, магчыма таму, што давялося пераадолець нямала ваенных дарог, дзе сустракалася рознае, умеў ставіць дастойныя мэты і ісці да іх.

Застаецца толькі быць удзячным лёсу за такога дзядулю і прывіты ім смак да жыцця.

Последние новости

Общество

Сегодня в ходе Единого дня информирования населения председатель Осиповичского райисполкома встретился с коллективом филиала «Елизово» ОАО «Гродненский стеклозавод»

17 июля 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко: профсоюзы должны быть мощной базой для поддержания стабильности в белорусском обществе 

17 июля 2025
Читать новость
Образование

Заманчивая перспектива. О возможности изучения китайского языка в школах Осиповичского района

17 июля 2025
Читать новость
80 лет Великой Победе

В музее Дарагановской СШ Осиповичского района создана экспозиция “Горький хлеб войны”

17 июля 2025
Читать новость
Общество

Гороскоп на 17 июля для всех знаков зодиака

17 июля 2025
Читать новость
Общество

Теплотравматизм – реальная опасность!

16 июля 2025
Читать новость

Рекомендуем