Да працы і абароны — аднолькава сумленна

Нагодай для гэтай публікацыі стала паведамленне, што паступіла ў чат-бот газеты ад педагога сацыяльнага гімназіі № 192 г. Мінска Ірыны Кулагінай аб тым, што ў музеі ўзгаданай установы адукацыі “Памяць пакаленняў” захоўваецца медаль “За працоўную доблесць” і пасведчанне да яго, якое сведчыць, што высокая ўзнагарода была ўручана асіповіцкаму машыністу Паўлу Янушэўскаму.

Такім медалём у СССР узнагароджваліся лепшыя работнікі розных галін народнай гаспадаркі, якія самааддана працавалі на карысць дзяржавы, пры гэтым перавыконвалі нормы, планавыя заданні і сацабавязкі.
Безумоўна, зацікавіліся: хто ж ён — Павел Янушэўскі? Савет ветэранаў чыгуначнага вузла не змог праліць святло на гэта пытанне. Старажылы лакаматыўнага дэпо ўзгадваюць гэта імя, але калі прыйшлі на работу, самога Янушэўскага ўжо не засталі.
На старонках кнігі “Памяць. Асіповіцкі раён” таксама гэты чалавек не ўзгадваецца. А вось у кнізе “Памяць” Магілёўскага аддзялення Беларускай чыгункі ў спісе ўдастоеных ордэна Леніна значыцца і прозвішча нашага героя.
Інтэрнэт-рэсурс “Памяць народа” таксама выдаў звесткі пра Паўла Янушэўскага. Аказваецца, ён яшчэ і кавалер двух ордэнаў Чырвонай Зоркі. Атрымаў і медаль “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”.
Павел Антонавіч прайшоў слаўны франтавы шлях. Калі пачалася вайна, юнаку толькі споўнілася шаснаццаць гадоў. У снежні 1943 г., калі яшчэ не завяршылася Жытомірска-Бердычаўская вызваленчая аперацыя, васямнаццацігадовы жыхар Дзяржынскага раёна Жытомірскай вобласці быў залічаны ў 97 гвардзейскі стралковы полк 31 гвардзейскай стралковай дывізіі. І прайшоў з баямі да самай Перамогі.
Тое, што ваяваў хлопец дастойна, сведчаць дакументы. Вось выпіскі з узнагародных лістоў: “Пры фарсіраванні ракі Нёман у раёне горада Алітус Вільнюскай вобласці 14.7.44 г. тав. Янушэўскі з узбраеннем і боепрыпасамі першым дасягнуў заходняга берага ракі, з замацаваннем на беразе знішчыў 8 нямецкіх салдат і далей гнаў адыходзячага праціўніка. Захапіў 1 нямецкага салдата ў палон”, “У перыяд штурму горада і крэпасці Пілаў Усходняй Прусіі з 24.4.45 па 28.4.45 года тав. Янушэўскі праявіў мужнасць і адвагу. <…> пры прарыве дужа ўмацаванай абароны праціўніка ён трапным агнём свайго мінамёта падавіў агонь дзвюх кулямётных кропак і аднаго мінамёта праціўніка, чым забяспечыў хуткі захоп гэтага рубяжа. <…>. 27.4.45 года ён падтрымліваў безупынным агнём стралковае падраздзяленне, знішчыў аўтамашыну з боепрыпасамі і адзін кулямёт, <…> забяспечыўшы прасоўванне падраздзялення наперад…”
Калі і як гераічны гвардыі яфрэйтар трапіў у Асіповічы, застаецца загадкай.
А аб тым, што ў канцы саракавых гадоў ён працаваў у нашым горадзе, сведчыць і яшчэ адзін цікавы дакумент, які захоўваецца ў музеі сталічнай гімназіі № 192, больш правільна, яго чарнавік. На тэлеграмным бланку невядомая тэлеграфістка запісала змест будучай тэлеграмы, якія ў той час прымалі на слых і занатоўвалі ад рукі (таму ў некаторых словах маглі сустракацца памылкі), знакі прыпынку ў такіх паведамленнях не ўжываліся.
А змест такі:
13.20 =Машыністам дэпо Асіповічы Крыцук Сакалову Юўшык Руткоўскаму
Тамкову Янушэўскаму Давыдаву Каспяровіч Патапейка=
Кіраўніцтва Белчыгункі віншуе вас і вашы сем’і з высокімі ўрадавымі ўзнагародамі якімі вы ўзнагароджаны за доўгагадовую і бездакорную работу ў якасці паравознага машыніста Выказваю ўпэўненасць што сваёй далейшай выдатнай працай вы апраўдаеце давер партыі і ўрада будзеце безупынна перадаваць свой багаты вопыт маладым паравознікам адкажаце на бацькоўскі сталінскі клопат датэрміновым выкананнем пяцігадовых заданняў Жадаю вам поспехаў ў рабоце
= Начальнік Белчыгункі дырэктар палкоўнік цягі Камароў=
Дата адпраўлення тэлеграмы невядомая, але прозвішча яе адрасанта дае пэўныя падказкі. Намеснік начальніка дарогі дырэктар-палкоўнік цягі т. Камароў узгадваецца ў нумары газеты “Чыгуначнік Беларусі” ад 27 студзеня 1946 года. Мяркуючы па тым, што ў нашым дакуменце ён ужо фігурыруе як начальнік, дзея адбывалася крыху пазней. Відаць, у 1949-м. Як занатавана ў кнізе “Памяць” Магілёўскага аддзялення чыгункі, менавіта тады Павел Янушэўскі, Захар Юшчык, Міхаіл Тамкоў, Віктар Каспяровіч і Пётр Крыцук атрымалі ордэн Леніна. Астатнія трое з узгаданай у тэлеграме суполкі, напэўна, былі прадстаўлены да іншых узнагарод. На жаль, не ўсё захавалася ў чыгуначных архівах. Як і невядомы далейшы лёс Паўла Янушэўскага. А хацелася б больш ведаць пра гэтага сумленнага чалавека. Нават калі ён і нядоўга пражыў у нашым горадзе.
Будзем рады, калі хтосьці з чытачоў дапаможа ў гэтай справе. Чакаем водгукаў! І з радасцю перададзім атрыманую інфармацыю ў мінскую гімназію № 192, каб дзеці ведалі, узнагарода якога чалавека захоўваецца ў іх музеі.