Цікавую рэч ваеннага часу захоўваюць нашчадкі былога жыхара вёскі Мязовічы Рыгора Іванавіча Балоцькі

Цікавую рэч ваеннага часу захоўваюць нашчадкі былога жыхара вёскі Мязовічы Рыгора Іванавіча Балоцькі
Далёка не ў кожнага ёсць у гаспадарцы такое спецыфічнае прыстасаванне, як лапа для рамонту абутку. Упэўнена, што многія і ўвогуле ні разу не бачылі, як яна выглядае. Што і нядзіўна: няма зараз у людзей патрэбы самім ладзіць боты. А некалі гэта быў каштоўны інвентар. І трапіў ён да Балоцькаў пры асаблівых абставінах. Расказаў жа гэтую гісторыю зяць Рыгора Іванавіча, Сяргей Мікалаевіч Пінчук, які нядаўна адзначыў сваё 95-годдзе.
— Было гэта ў 1942-м. Неяк у Мязовічы прыйшлі фашысты. Крыкамі, прыкладамі вінтовак сталі зганяць людзей у калону. І пагналі ў Асіповічы. Ішоў туды з дзецьмі і мой цесць. Зразумела, шлях быў і цяжкі, і страшны: невядома, што чакае. Можа павязуць на катаргу ў Германію ці ўвогуле расстраляюць? Фашысты зачынілі прыгнаных жыхароў у бараках, а праз дзень нечакана адпусцілі. Павольна, з аглядкай выходзілі людзі: а раптам у спіну пачнуць страляць? Потым, калі зразумелі, што ўратаваліся, усе кінуліся хто куды. Дык вось па дарозе дадому, каля вёскі Дварок, убачылі ў кувеце тую самую металічную прыладу. Важыла яна кілаграмаў дзесяць, але тут у Рыгора ўключылася сялянская практычнасць: раз засталіся жыць, значыць, патрэбен будзе абутак. А дзе яго ў такія часы набрацца новага? А з такім прыстасаваннем можна і стары рамантаваць. І вось стомлены, галодны, знясілены Рыгор цягнуў гэтую лапу з дзясятак кіламетраў. Праўда, аб гэтым ніколі потым не пашкадаваў: рыштунак не раз саслужыў добрую службу. Калі мы з яго дачкой пажаніліся, перадаў знаходку мне. І на працягу ўсяго жыцця лапу мы часцяком выкарыстоўвалі, свой абутак рамантавалі, тым больш што сын Віктар працаваў у Мінску на абутковай фабрыцы і прывозіў сякія-такія матэрыялы. Карысталіся ёй і аднавяскоўцы. І нават зараз час ад часу гэтая рэч аказваецца запатрабаванай.
Не мог утрымацца суразмоўца, каб не ўспомніць і той трагічны дзень, калі на яго вачах — а сам ён ураджэнец вёскі Крынка — фашысты забілі прама ў хаце тату, сцягнуўшы яго хворага з печы і пераламаўшы прыкладам вінтоўкі хрыбет, а потым застрэ-ліўшы. За тое, што заступалася за мужа, расстралялі і маму. Так асірацела адразу шасцёра дзяцей. Выгадавала ўсіх старэйшая сястра Надзя. Можна толькі здагадвацца, якім галодным і бязрадасным аказалася дзяцінства. Але бог потым кампенсаваў страты, даўшы Сяргею добрую жонку і доўгі век. Жыццё, як ні круці, штука справядлівая. Хоць часам бывае і жорсткая.