Будаўнікі новага пакалення. Хто рыхтуе кадры для будаўнічых арганізацый рэгіёна, вырашылі даведацца напярэдадні іх прафесійнага свята.

Адна са спецыяльнасцей, якую атрымліваюць навучэнцы Асіповіцкага дзяржаўнага каледжа, — аддзелачныя будаўнічыя работы.
За тэарэтычную падрыхтоўку будучых маляроў, тынкоўшчыкаў, плітачнікаў і электрагазазваршчыкаў адказвае Андрэй Цыганкоў. Менавіта ён дае фундаментальныя веды, неабходныя для фарміравання прафесійнага мыслення, знаёміць з характарыстыкамі будаўнічых матэрыялаў, інжынернымі разлікамі і рознымі тэхналогіямі.
А майстры вытворчага навучання Кацярына Клімовіч, Надзея Ліннік і Марына Забродзіна перадаюць юнакам і дзяўчатам практычныя навыкі, неабходныя непасрэдна для работы на будаўнічых пляцоўках.
Кацярына Клімовіч працуе ў каледжы ўжо шэсць гадоў.
— Сёлета выпусцілі 25 маладых спецыялістаў, якія былі размеркаваны на розныя аб’екты, напрыклад, будаўнічы трэст № 3 горада Салігорска, будаўніча-мантажны поезд № 761, — расказвае майстар. — Наша спецыяльнасць наогул карыстаецца папулярнасцю сярод абітурыентаў. За месяц прыёму ўжо набралі 27 заяў.
Як прызнаецца Кацярына Аляксандраўна, яе работа заключаецца не толькі ў тым, каб паказаць пэўныя метады і прыёмы. Майстар павінен стаць старэйшым таварышам для сваіх навучэнцаў, дапамагчы ім адаптавацца ў новых умовах, пасябраваць, зацікавіцца справай, навучыцца рабіць усё правільна і дакладна. Майстры тлумачаць вучням, што добры будаўнік заўсёды на вагу золата, ён ніколі не застанецца без работы і пры жаданні можа атрымліваць годны заробак. Тыя, хто паказвае добрыя вынікі ў працы, могуць працягнуць навучанне на другой ступені і атрымаць спецыяльнасць тэхніка-тэхнолага, што адкрывае прастору для кар’ернага росту.
Цікава, што па дадзенай спецыяльнасці навучаюцца не толькі хлопцы, але і дзяўчаты, і электрагазазварку яны асвойваюць не горш за юнакоў.
— Больш за ўсё маім навучэнцам падабаецца наносіць дэкаратыўную тынкоўку “Карта свету”, якая цудоўна выглядае на сценах, — дзеліцца майстар Надзея Ліннік. — З дапамогай гэтай тэхналогіі яны патынкавалі многія кабінеты, пакоі ў інтэрнаце, дзе пражываюць. І наогул рамонтныя работы ў каледжы стараемся максімальна рабіць сваімі сіламі. Гэта дае магчымасць рабятам адчуць карысць сваёй справы.
Нашы выпускнікі працуюць на АЗТМ, у ТАА “ЗубрМонтажСтрой”, УКП ЖКГ, іншых прадпрыемствах раёна і за яго межамі.
Марына Забродзіна расказвае, што ўсе тры майстры не толькі вучаць юнакоў і дзяўчат правільна тынкаваць і фарбаваць, але і самі нярэдка займаюцца рамонтнымі работамі на тых ці іншых аб’ектах, каб удасканальваць уласнае майстэрства і потым знаёміць навучэнцаў з новымі матэрыяламі і тэхналогіямі, якія пастаянна з’яўляюцца.
— У першыя месяцы вучобы не стаўлю адмоўных адзнак, — дзеліцца прафесійнымі сакрэтамі Марына Генадзьеўна. — Нават калі спачатку штосьці ў іх не атрымліваецца, навучэнцы павінны ведаць, што ім дапамогуць, падкажуць, ёсць магчымасць пастарацца і справіцца з заданнямі. А потым, калі спецыяльнасць зацікавіць, з’явіцца і матывацыя да вучобы. Каб рабяты творча ставіліся да сваёй будучай работы, стараемся праводзіць прафесійныя конкурсы, майстар-класы, дні адчыненых дзвярэй, тыдні прафмайстэрства, у ходзе якіх навучэнцы дэманструюць атрыманыя ўменні і навыкі. І калі штосьці добра ўдаецца, радуюцца і ганарацца вынікамі.
Калі хтосьці з выпускнікоў яшчэ не вызначыўся з выбарам будучай прафесіі, варта разглядзець перспектыву стаць будаўніком. Атрыманыя ўменні ў жыцці дакладна спатрэбяцца!