Беражліва і па-гаспадарску

Ацаніць прыбытковасць праекта, вызначыць кошт работ, аптымізаваць выдаткі, сфарміраваць бюджэт прадпрыемства і прасачыць яго выкананне — усё гэта функцыі эканамістаў. На многіх прадпрыемствах створаны эканамічныя аддзелы, а вось у дыстанцыі пуці гэтыя абавязкі выконвае адзін спецыяліст — Алена Чыгалейчык.
У Асіповічы жанчына прыехала ў 1988 годзе з Расіі, калі выйшла замуж за нашага земляка. А чыгунка для яе зусім не новая сфера: на стальной магістралі працаваў калісьці і яе тата. Першым месцам работы Алены Уладзіміраўны стаў “Рампуць”, дзе яна працавала галоўным бухгалтарам, а праз чатыры гады пасля пераўтварэння прадпрыемства стала эканамістам дыстанцыі пуці.
Сённяшнюю прафесію атрымала ў дадатак да дыплома інжынера, а гэта толькі плюс, таму што ў межах службовых абавязкаў неабходна арыентавацца не толькі ў ліках, але і ў развіцці вытворчасці.
Найбольшы аб’ём даходаў прадпрыемства звязаны са здачай у арэнду чыгуначных пуцей. А галоўны партнёр у гэтым кірунку — ААТ “Беларуськалій”. Але і пра свой асноўны абавязак — бягучае ўтрыманне і рамонт верхняй будовы пуці — на прадпрыемстве не забываюцца. Займаюцца і падсобна-дапаможнай дзейнасцю, напрыклад, аказваюць паслугі па рамонце пуцей староннім арганізацыям, прадастаўляюць тэхніку. Так, па выніках пяці месяцаў атрымалі 200 тысяч рублёў ад іншых відаў дзейнасці (так у пуцейцаў называюцца справы, не звязаныя з асноўнымі абавязкамі), што на 25% вышэй за планавае заданне.
Усе работы эканаміст аналізуе, пралічвае. А яшчэ, што вынікае з самой назвы яе прафесіі, шукае шляхі эканоміі, што ў сучасных умовах вельмі важна. З гэтай мэтай на прадпрыемстве праводзяць аптымізацыю колькасці працуючых, скарачаюць віды работ, не звязаных з бяспекай руху; для падтрымання пуцей у тэхнічна спраўным стане разам з новымі матэрыяламі выкарыстоўваюць і былыя ў эксплуатацыі, але захаваўшыя эксплуатацыйныя кандыцыі. І ў той жа час пуці знаходзяцца ў належным стане, графік руху захоўваецца, яго бяспека гарантавана. І ва ўсім гэтым — вялікая заслуга эканаміста прадпрыемства.
Граматны спецыяліст, сапраўдны прафесіянал, які добра валодае нарматыўнай базай і мае багаты вопыт работы, камунікабельны чалавек, які кожнаму даступна растлумачыць любое фінансавае пытанне, а яшчэ уважлівая жонка, клапатлівая матуля і любячая бабуля, якая любіць падарожнічаць і гадаваць кветкі — вось лаканічны партрэт Алены Чыгалейчык, якая нядаўна адзначыла прафесійны юбілей — 30 гадоў работы ў дыстанцыі пуці.