Атрымаўшы ў Клічаўскім тэхнікуме сярэднюю спецыяльную адукацыю, Павел Мацюшонак асвоіў работу аўтамеханіка і не ведаў, што праз нейкі час будзе мець стасункі не з аўтамабілямі, а з чыгуначным транспартам

І хоць сам лакаматыў не водзіць, але прынцыпы яго руху ведае добра, бо займаецца падтрыманнем у належным стане верхняга страення пуці.
Дзесяць гадоў назад, папрацаваўшы крыху загадчыкам майстэрні аднаго з сельгаспрадпрыемстваў, а затым аператарам на АЗАА, прыйшоў Павел у дыстанцыю пуці, дзе яму прапанавалі асвоіць новую для яго работу. Так ён стаў манцёрам пуці. Неабходныя веды атрымаў у Баранавіцкім аддзяленні Дарожнага цэнтра па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кадраў, а ўжо вопыт прыйшоў з гадамі, ды і калегі падсабілі. І цяпер Павел можа нават візуальна вызначыць стан пуці, правесці любыя неабходныя работы па рамонце або замене рэек, шпал і іншых элементаў.
Уваходзіць у склад восьмага акалотка, у сферы адказнасці якога знаходзіцца частка пуцей ад пад’ездаў да райцэнтра з боку Магілёва і Бабруйска да прыпыначнага пункта Юбілейны. Здавалася б, у межах горада і працаваць лягчэй: не трэба штодзённа пераадольваць вялікую дыстанцыю, але работа ў дадзеных умовах і складанасцей дадае. Па-першае, гэта вялікая колькасць пуцей, стрэлак, па-другое, землякі, які снуюць туды-сюды, дадаюць смецця, ды і з касьбой чакаць нельга, бо ў гарадскім асяроддзі заўсёды павінен быць парадак.
— Асабліва цяжка працаваць у зімовы час, — дзеліцца Павел Уладзіміравіч. — Ападкі падкідваюць дадатковай работы. У снежнае надвор’е даводзіцца і ноччу выходзіць з лапатай, каб ачысціць пуці і пераводы ад наліпанняў і наледзі.
Павел мае чацвёрты разрад — прафесіянал высокага класа. Нездарма яго назначылі брыгадзірам. Дарэчы, жонка Надзея таксама працуе на чыгунцы. Яна раз’язны касір: ездзіць у тым ліку і па пуцях, якія абслугоўвае яе муж.