Асіповіцкі вытворчы ўчастак ААТ “Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў” запяспечвае сваёй прадукцыяй не толькі наш і Бабруйскі раёны

Асіповіцкі вытворчы ўчастак ААТ “Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў” запяспечвае сваёй прадукцыяй не толькі наш і Бабруйскі раёны.
Яго пастаянныя партнёры — ААТ “Булачна-кандытарская кампанія «Дамачай»”, хлебазаводы ў Рэчыцы, Магілёве, Горках і шэрагу іншых рэгіёнаў.
Для таго каб зерне пераўтварылася ў муку, неабходна прыкласці немалыя намаганні, ды і не з усякага зерня можна атрымаць добрую муку.
З асноўнымі этапамі тэхналагічнага працэсу карэспандэнтаў раёнкі пазнаёмілі галоўны інжынер Сяргей Сушко і старшы майстар участка мукамольнай вытворчасці Наталля Вавула.
Пшанічная і жытняя лініі функцыянуюць паасобку. На першай вырабляецца мука вышэйшага, першага і другога гатункаў, на другой — сеяная і абдзірная. Зерне з элеватара адразу паступае ў зернеачышчальнае аддзяленне, дзе праводзіцца працэс падрыхтоўкі да памолу: ачышчаецца ад прымешак і, калі гэта пшаніца, увільгатняецца і адлежваецца каля 12 гадзін. Далей яно падаецца ў размольнае аддзяленне — “сэрца млына”, як яго называюць работнікі. У залежнасці ад патрабуемай якасці гатовай прадукцыі размол праводзіцца ў некалькі этапаў.
За суткі на абсталяванні ўчастка можна перапрацаваць 80 тон зерня пшаніцы і 150 — жыта. Вотруб’е, атрыманае падчас перапрацоўкі, ідзе на далейшае выкарыстанне, напрыклад, камбікорм ці прадукты здаровага харчавання.
Гатовы прадукт паступае ў бункеры бястарнага захоўвання, а потым размяркоўваецца на мукавозы ці фасоўку. У выбойным аддзяленні мука паступае ў мяхі, якіх за адну змену работнік адбівае каля тысячы — усяго 30 тон — і адпраўляе па канвееры ў склад. Частка пшанічнай мукі фасуецца ў дробную тару па адным-два кілаграмы. За адну змену наладчык расфасоўвае каля пяці тон прадукту.
Цікавая асаблівасць пераўтварэння зерня ў муку — вертыкальнае размяшчэнне абсталявання. На самым версе (трэці паверх) вытворчага корпуса зерне ачышчаецца, ніжэй — перапрацоўваецца і фасуецца.
Увесь працэс вытворчасці ў рэальным часе адсочваецца на маніторах камп’ютараў у аператарскай. Тут праводзіцца ўключэнне ўсяго шматпавярховага “канвеера” і кантроль за яго работай.
Цяжка ўявіць, што дзясяткі тон зерня за адну рабочую змену перапрацоўваюць усяго шэсць чалавек, сярод іх адзіны мужчына. Хоць праца нялёгкая, але заслугоўвае павагі, бо дзякуючы ёй на кожным стале ёсць хлеб.