Асіповіцкі доследны лясгас прыступіў да нарыхтоўкі бярозавага соку

Прыблізна з такой хуткасцю запаўняюцца прымацаваныя да падсочаных бяроз ёмістасці. Прычым кроплі аднолькавыя, важкія і празрыстыя, а інтэрвал паміж імі роўны. Заварожвае! Назіраць прыемна і цікава. Смак — драўнінна-мінеральны, крыху саладкаваты.
Распачалі збор вітаміннай сыравіны працаўнікі лесагаспадарчай установы напрыканцы мінулага тыдня. Сёлета ў планах прадпрыемства здабыць 250 тон бярозавіку. І асноўныя задачы тут ускладзены на Каранскае і Асіповіцкае лясніцтвы. Як арганізавана гэта справа ў апошнім, даведаліся ў лясным квартале № 20, які знаходзіцца непадалёку ад Верайцоў.
— У нас працуе брыгада з чатырох чалавек, з якімі заключаны дагаворы канкрэтна на сезон нарыхтоўкі. Ёсць сярод іх і трактарыст, і вадзіцель-міжнароднік, і будаўнік, і навучэнец каледжа, — расказвае памочнік ляснічага Сяргей Пышны. —Людзі зацікаўленыя, некаторыя спецыяльна бяруць водпуск на рабоце, каб прыняць удзел у зборы соку. Першыя бярозы падсачылі ў панядзелак, на сёння ўжо здалі пяць тон. Робім падсочку па ўсіх правілах, каб не нанесці шкоды дрэвам. Пад кожную бярозу прывязваецца спецыяльны трывалы поліэтыленавы мяшок. Напаўняецца ён прыблізна за двое сутак. Каб работа была бесперабойнай, задзейнічаюцца розныя ўчасткі. Пакуль на адным тара пустая, на іншым ужо можна збіраць “ураджай”. Зараз інтэнсіўнасць руху соку добрая. Як доўга працягнецца сезон, сказаць пакуль складана, усё залежыць ад надвор’я. Тут патрэбен баланс: надта холадна — справа замаруджваецца, вельмі цёпла — хутка завяршаецца. За сыравінай прыязджае спецыяльна абсталяваны трактар, які напрамую дастаўляе сок да пункта рэалізацыі.
Пацікавіліся ў лясгасе, дзе землякі могуць набыць сок. Спажыўцу даступна некалькі варыянтаў. Найбольш танна можна купіць прадукт непасрэдна на тэрыторыі лясніцтваў: у такім выпадку кошт літра складзе 42 капейкі. Арганізаваны і выязны гандаль у райцэнтры каля “Сіці Мола” штодзённа з 10 да 18 гадзін. Калі пакупнік са сваёй тарай, літр соку яму абыдзецца ў 44 капейкі, можна купіць і разліты ў пяцілітровыя бутэлькі бярозавік па 3 рублі 30 капеек за ёмістасць.
Супрацоўнічае лясгас і з вытворчымі прадпрыемствамі. Ужо не першы год у ліку асноўных партнёраў Асіповіцкі кансервавы завод, таксама прадукцыя будзе адпраўляцца на Старадарожскі плодаагароднінны завод, гандлёвую пляцоўку Бабруйскага лясгаса.
Пры жаданні нарыхтоўваць бярозавік самастойна чалавеку неабходна звярнуцца ў бліжэйшае лясніцтва і ўдакладніць месца, дзе дазваляецца такі від дзейнасці, а таксама атрымаць кансультацыю, як правільна рабіць падсочку, каб не пашкодзіць дрэвы.
Як расказаў вядучы інжынер па ахове і абароне лесу Генадзь Заяц, згодна з дзеючым заканадаўствам, а дакладней часткай 1 артыкула 16.19. Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, за самавольную нарыхтоўку бярозавіку ў недазволеных месцах прадугледжаны штрафы: на фізічных асоб — да 20 базавых велічынь, індывідуальных прадпрымальнікаў — да 100 БВ, юрыдычных асоб — да 500 БВ.
Так што не парушайце правілы — і атрымлівайце задавальненне. І ад працэсу на ўлонні прыроды, і ад самога соку, чыя карысць для здароўя людзей даўно ўжо даказана навукоўцамі.
Валентина Корбаль
