Амаль два дзясяткі гадоў узначальвае пярвічку, якая зараз налічвае 200 удзельнікаў, Лідзія Раманенка

Пярвічка ААТ “ЖорнаўкаАГРА” — адна з самых актыўных у райарганізацыі прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. І гэта прасочваецца ў розных справах — ад працоўнага першынства да спартыўных спаборніцтваў.
Лідзія — чалавек, якога ў калектыве паважаюць, якому давяраюць і чыё меркаванне мае вагу. Яна ў курсе ўсіх спраў гаспадаркі, у тым ліку і ўсялякіх надзённых праблем. Канечне, для таго, каб па магчымасці дапамагаць вырашаць іх. Заўсёды выступае абаронцай інтарэсаў працаўнікоў і проста добрым дарадчыкам. Спагадлівая, справядлівая. І, канечне, яна вельмі кампетэнтны спецыяліст у сваёй прафесіі. Яна — бухгалтар гаспадаркі.
Як становяцца прафсаюзнымі лідарамі? Галоўная ўмова — не быць абыякавым да таго, што адбываецца ў калектыве, як развіваецца прадпрыемства. А гэта заўсёды клапаціла Лідзію Мікалаеўну. У свой час яна прыйшла працаваць у калгас “Чырвоны ўдарнік” яшчэ маладой дзяўчынай, адразу пасля заканчэння школы. Ужо тады выконвала бухгалтарскія абавязкі, паралельна набываючы веды ў Смілавіцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Шмат з тае пары адбылося рознага і з гаспадаркай, і з калектывам, аднак галоўнае — яго згуртаванасць — не страчана. І немалая заслуга ў гэтым прафкама.
Любоў да роднага сельгаспрадпрыемства перадала і дачцэ Юліі, якая працуе таксама тут у аддзеле кадраў. Жыве маладая сям’я ў Жорнаўцы. Таму для бабулі Ліды даступна задавальненне бачыць штодня ўнучак Надзейку і Лізачку. А гэта заўсёды крыніца натхнення: адчуваеш, дзеля каго і дзеля чаго выкладваешся на рабоце. Дарэчы, малыя добра ведаюць, дзе працуе бабуля, часам бываюць у канторы і нават спрабуюць рабіць на паперы свае “разлікі”.
Заўсёды адна з прыемных місій прафсаюза — вітаць імяніннікаў-юбіляраў. А днямі якраз была нагода віншаваць з прыгожай датай саму Лідзію Мікалаеўну. І гэта зрабілі не толькі родныя, сябры, калегі, але і райкам прафсаюза: яна — адзін з самых вопытных прафсаюзных кіраўнікоў. А гэта якасць мае асаблівы кошт.