Акно, у якое заглядваюць многія

Кабінет падзелены на чатыры кабінкі, у кожнай з якіх ідзе ўласнае жыццё: наведвальнікі дзеляцца праблемамі, а спецыяліст збірае патрэбную інфармацыю, каб падрыхтаваць для сваіх візіцёраў неабходны дакумент. Так працуе служба “адно акно”, якая знаходзіцца ў 2 корпусе райвыканкама. Але так выглядае яна з вонкавага боку ад акенцаў. Пра сутнасць жа работы даведаліся ў спецыялістаў.
Як расказвае Алена Каспяровіч, “адно акно” працуе як з фізічнымі, так і юрыдычнымі асобамі. Першапачаткова спектр паслуг быў абмежаваны 108 адміністрацыйнымі працэдурамі, але паступова пашыраўся і зараз дасягнуў 205. Таму і штат спецыялістаў павялічыўся ўдвая — цяпер іх чатыры.
Грамадзяне і прадпрыемствы атрымоўваюць тут розныя даведкі з дзяржаўных рэгістраў, рэестраў, кадастраў, спісаў, каталогаў, баз, банкаў даных і іншых інфармацыйных рэсурсаў і сістэм. Найбольш запатрабаваныя звароты звязаны з пастаноўкай на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў; назначэннем сямейнага капіталу і датэрміновым распараджэннем ім; атрыманнем дзяржаўнай адраснай дапамогі. Распаўсюджаны запыты дакументаў аб жыллёвай квоце; дазволе на будаўніцтва, рэканструкцыю і выдачу тэхумоў на гэту працэдуру; рэгістрацыі дагавораў найму; назначэнні дапамогі па догляду інваліда I групы і г.д.
З мінулага года тут яшчэ і ставяць на ўлік дзяцей для наступнага залічэння іх у яслі-сад. А таму асабліва ажыўлена ў гэтым кабінеце ў ліпені-жніўні, калі маладыя мамы з малымі масава атрымоўваюць накіраванні ва ўстановы адукацыі.
У кожнай працэдуры свой тэрмін выканання. Напрыклад, даведкі, якія не патрабуюць дадатковага ўдакладнення ці адпраўлення запытаў, рыхтуюцца ў дзень звароту. Наведвальнікам у такім разе паведамляецца, праз які час можна забраць патрэбную паперку. Але ёсць і дакументы, на якія неабходны дадатковы час для збору інфармацыі. Максімальны тэрмін, які на гэта можа быць задзейнічаны, — месяц.
У дзень “адно акно” наведваюць 30-40 чалавек, часам разам з “групай падтрымкі”, таму спецыялісты прывыклі мець пастаянныя стасункі з насельніцтвам, умеюць грунтоўна і карэктна ўсё растлумачыць. А весці дыялог даводзіцца часам і больш за гадзіну.
Існаванне службы спрашчае збор дакументаў многім людзям, эканоміць іх час і сілы, бо для гэтага не трэба ездзіць па розных рэгіёнах краіны і блукаць па інстанцыях — дастаткова звярнуцца ў адно месца і прадаставіць неабходныя паперы.
Служба “адно акно” райвыканкама падсправаздачная і падкантрольная кіраўніку спраў райвыканкама Юрыю Данянкову, які каардынуе яе дзейнасць, ажыццяўляе агульны кантроль за захаваннем заканадаўства ў службе.
Непасрэднае кіраўніцтва арганізацыяй дзейнасці службы “адно акно” ажыццяўляе начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Ала Некрашэвіч (1 корпус райвыканкама, каб. № 33, тэл. 66-008).
Аказанне кансультацыйнай дапамогі па пытаннях адміністрацыйных працэдур ажыццяўляецца па адзіным даведачна–інфармацыйным нумары 142.
Папярэдні запіс, кансультацыя па пакеце дакументаў, неабходных для падачы заяў у службу “адно акно” райвыканкама, ажыццяўляецца па тэлефонах: 56-998, 66-191, 56-614, 27-786.
Рэжым работы: панядзелак — 8.00-20.00; аўторак-пятніца — 8.00-17.00.