“АК” вырашыў пашукаць тутэйшыя прытулкі беларускага слаўца

“Не проста ў словы я гуляю — на мове роднай размаўляю”, — гэтыя радкі з верша айчыннага паэта Міколы Мятліцкага прыходзяць на памяць, калі гаворка заходзіць пра ўжыванне беларускай мовы ў паўсядзённым жыцці. На жаль, усё менш землякоў выкарыстоўвае сакавітую беларускую мову ў зносінах.

Ва ўстановы культуры яна таксама завітвае не так часта, і калі хто яе ўжывае, дык гэта народныя калектывы. “Люлечка”, “Дзівакі”, “Вязанка”, “Сузор’е”, “Вяселле” і іншыя — нават самі назвы гэтых калектываў дастаўляюць асалоду слыху.

А калі б паспрабавалі скласці карту пунктаў, дзе беларуская мова гучыць паўсядзённа, на ёй разам з Вяззеўскім сельскім Домам культуры было б памечана Дараганава — во дзе можна пачуць правільную беларускую гаворку. Аблюбавала яна мястэчкі і ў Карытным, Вязаўніцы… Дык ці ёсць у землякоў патрэба ў матчынай мове? Вырашылі пашукаць адказ у гарадской бібліятэцы № 2.

Як расказала загадчык Таццяна Кілбас, з 25 171 экзэмпляра бібліятэчнага фонду 3 005 (амаль 12%) кніг на беларускай мове. Айчынная літаратура прадстаўлена творамі як класікаў — Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Уладзіміра Караткевіча, — так і сучасных пісьменнікаў і паэтаў. Павагай карыстаюцца розныя жанры. Напрыклад, санеты Змітрака Марозава, аповесці Васіля Быкава, а бадай найбольшую папулярнасць атрымалі дэтэктывы Мікалая Чаргінца. Не губляюць папулярнасці кнігі Івана Шамякіна і Івана Мележа. А многія цікавяцца творчасцю мясцовых аўтараў, ім прапаноўваюцца зборнікі твораў Лёлі Багдановіч, Тамары Кавальчук, Станіслава Лукашэвіча, Таццяны Рудэнка. Бібліятэкар Марына Шурахайлава адзначае: “Прыемна, што беларускамоўнай творчасцю землякоў жыва цікавіцца моладзь. А яшчэ яна знаёміцца з выданнямі, якія расказваюць пра гісторыю нашай краіны, яе слаўных выхадцаў. Дарэчы, ёсць старшакласнікі, якія мэтанакіравана вывучаюць матэрыялы энцыклапедый, чытаюць слоўнікі. Напрыклад, днямі вучаніца СШ № 4 Юлія Гарбенка працавала над навукова-даследчай работай па тэме “Фразеалагічныя адзінкі з анамастычным* кампанентам па беларускай мове”. Так што сцвяр-джаць, што моладзь не чытае беларускамоўных кніг, лічу некарэктным”.

Пакуль мы гутарылі з бібліятэкарамі, ва ўстанову адзін за адным прыходзілі чытачы, здавалі ладныя стосікі кніг, нешта выбіралі ўзамен, абменьваліся навінамі. Па ўсім відаць, што яны частыя госці “кніжнай краіны”, многія ведаюць адзін аднаго, даўно наладзілі стасункі. Бібліятэка стала свайго роду культурным цэнтрам. Так і павінна быць. Але, пагутарыўшы з заўсёднікамі, даведаліся, што яны бяруць кнігі пераважна на рускай мове. Тлумачаць, што часцей звяртаюцца да жаночага рамана, дэтэктыва, а гэтыя жанры найбольш прадстаўлены расійскімі аўтарамі. Хаця Марына Сяргееўна паказвае, што, запаўняючы фармуляр, заўсёды запісвае ў яго, якімі мовамі валодае чытач, і затым прапаноўвае творы на той, якая наведвальніку бліжэй. А яшчэ да ўвагі кожнага перыядычны друк. Напрыклад, “Беларускі гістарычны часопіс”, газеты “Рэспубліка”, “Звязда”, большасць матэрыялаў якіх друкуюцца на нацыянальнай мове.

Для папулярызацыі роднай мовы калектыў бібліятэкі праводзіць многа мерапрыемстваў. Традыцыйнымі сталі творчыя вечарыны, канферэнцыі, гасцёўні. Прысвячаюцца яны юбілейным датам пісьменнікаў і паэтаў. Напрыклад, правялі мерапрыемства, прысвечанае 500-годдзю твора Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”, да Дня роднай мовы — літаратурную сустрэчу “Са слова пачынаецца Радзіма”, віртуальную прэзентацыю творчасці Алены Васілевіч. Летась прайшлі юбілейныя вечарыны, прысвечаныя Якубу Коласу, Янку Брылю, Максіму Танку і г.д.

У бібліятэцы афармляюцца тэматычныя выставы, прысвечаныя роднай мове, паэтам-беларусам, памятным датам. І кнігі беларускіх аўтараў заўсёды прапаноўваюцца ўсім жадаючым. Выбар — за чытачом!

“Я гавару на мове роднай”, — гэтымі словамі заканчваецца апошняя страфа ўзгаданага ў пачатку верша. Фразу гэту можна вымавіць з рознай эмацыянальнай афарбоўкай: грэбліва, летуценна, абыякава або з гонарам. Якую інтанацыю выбера кожны, залежыць ад самасвядомасці. Дык можа настаў час наведаць бібліятэку, узяць томік Караткевіча ці Шамякіна ды перачытаць?

Анамастыка (ад грэч. onomastike — майстэрства даваць імёны) — раздзел мовазнаўства, які вывучае ўласныя імёны і геаграфічныя назвы.

Последние новости

Новости

В Осиповичском районе проходит Неделя детской безопасности

21 апреля 2025
Читать новость
Актуальнае

Жыхарка Асіповіцкага раёна Наталля Малая з павагай ставіцца да матулінай спадчыны

19 апреля 2025
Читать новость
Культура

У Асіповіцкім раённым цэнтры народных рамёстваў праходзяць майстар-класы па падглазураваным роспісе керамікі

19 апреля 2025
Читать новость
Новости

Расписание пасхальных богослужений

18 апреля 2025
Читать новость
Новости

А ведь кто-то из них победит

18 апреля 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко рассчитывает на наращивание динамики межгосударственных отношений с Зимбабве

18 апреля 2025
Читать новость

Рекомендуем