Аграсядзіба “Свіслач” прымае гасцей з Беларусі і блізкага замежжа на працягу 16 гадоў

“На узбярэжжы ракі шумнацечнай”
Гэтым радком з паэмы Янкі Купалы і пачнём расповед пра адну са свіслацкіх сядзіб. Схаваная ў адным са шматлікіх завулкаў аграгарадка якраз на краю стромкага берага Свіслачы, сядзіба Марыі Пішчык прываблівае тых, хто у наш высокатэхналагічны век аддае перавагу цішыні і спакою.
— Ідэя стварэння аграсядзібы не была выпадковай, — расказвае Марыя Васільеўна. — Выраслі і раз’ехаліся дзеці, не стала мужа — і ў вялікім доме пуста і занадта няўтульна. Мне, як былому настаўніку, чалавеку, які прывык да людзей побач, цяжка пераносіць адзіноту, таму і рашылася на гэты крок. Звярнулася ў “Белаграпрамбанк”, дзе на выгадных умовах давалі крэдыт на адкрыццё аграсядзібы. За атрыманыя сродкі дадала дому і падворку большай утульнасці і пачала працу.
Для прыёму турыстаў адведзены тры вялікія пакоі з асобным уваходам, санвузлом і кухняй, дзе ў наяўнасці ўсё неабходнае для камфортнага адпачынку. Нягледзячы на тое, што пастаяльцы ў асноўным самі гатуюць ежу, Марыя Васільеўна заўжды рада прапанаваць на дэгустацыю стравы з экалагічна чыстых прадуктаў: кансервацыю з памідораў, агуркоў, капусты, грыбоў, напоі, стравы беларускай кухні, сырадой, тварог, смятану, яйкі.
На тэрыторыі сядзібы ёсць альтанка са стацыянарнымі мангалам і ачагом, лазня. Таксама на ўчастку шмат кветнікаў, пладовых дрэў і кустоў: яблыні, чарэшні, вішні, грушы, слівы, абрыкосы, чорныя парэчкі, ірга, агрэст, маліны, клубніцы. Госці могуць уволю ласавацца гэтай смакатой, а жадаючыя — паўдзельнічаць у майстар-класах па размнажэнні шматгадовых раслін і чаранкаванні кветкавых кустоў.
Аднак не ежай адзінай… Гаспадыня праводзіць цікавыя экскурсіі па аграгарадку з наведваннем знакавых мясцін.
Не засумуюць тут і мужчыны. Дзякуючы выгаднаму размяшчэнню на беразе ракі, “Свіслач” можна лічыць сапраўдным раем для рыбакоў: патрэбна толькі спусціцца па прыступках да вады і закінуць вудачку. Таксама непадалёк знаходзіцца месца для платнай рыбалкі, якое кожнаму рыбаку забяспечвае багаты ўлоў. А тым, каму сачыць за паплаўком не даспадобы, Марыя Васільеўна з задавальненнем пакажа грыбныя і ягадныя палянкі мясцовых лясоў.
— За час працы вось такі спакойны адпачынак стаў сапраўднай адметнасцю і брэндам сядзібы, — лічыць яна. — Таму асноўны кантынгент наведвальнікаў “Свіслачы” — сем’і з дзецьмі і людзі пенсійнага ўзросту. Былі і запамінальныя выпадкі. Напрыклад, пяць гадоў запар летам да мяне з расійскага Навасібірска прыязджалі дарослыя дзеці са старэнькай матуляй, якая была родам з нашых мясцін. Гэткі давер значыць многае.
Пакідалі дом Марыі Васільеўны з упэўненасцю: аграсядзіба “Свіслач” — гэта месца для душы, дзе гасцей чакае шчырая гасціннасць, утульная атмасфера і магчымасць дакрануцца да беларускай прыроды і культуры. Гэта месца, дзе час запавольвае свой бег, дазваляючы атрымаць асалоду ад простых радасцей жыцця і напоўніцца энергіяй спакою.