Адзначым тых, хто сваёй працай, мудрасцю і імпэтам унёс істотны ўклад у развіццё і росквіт Асіповічаў

Адзначым тых, хто сваёй працай, мудрасцю і імпэтам унёс істотны ўклад у развіццё і росквіт Асіповічаў

У гісторыі кожнага горада ёсць імёны і лёсы, якія ззяюць асаблівым святлом, натхняюць і пакідаюць яркі след у яго развіцці. Сярод тых, хто фарміраваў аблічча і лёс нашага райцэнтра, немалую ролю адыгралі жанчыны — адукаваныя, таленавітыя, адданыя сваёй справе. Сёння адзначым тых, хто сваёй працай, мудрасцю і імпэтам унёс істотны ўклад у развіццё і росквіт Асіповічаў.

Больш за 5 700 жыхароў раёна з’явілася на свет дзякуючы акушэру-гінеколагу Асіповіцкай цэнтральнай раённай бальніцы Раісе Акуліч, чый агульны прафесійны стаж складае 51 год.

— Першыя роды прымала ў Бабруйскай радзільні, — успамінае Раіса Карпаўна. — Увесь працэс павінен быў праходзіць пад кантролем вопытнай акушэркі, аднак ёй давялося дапамагаць іншай жанчыне, і я засталася адна ў даволі напружаны момант: трэба было дапамагчы нарадзіцца чатырохкілаграмоваму хлопчыку, таму патрабавалася хірургічнае ўмяшанне. Пасля здаралася прымаць і шматплодныя роды: у нашай бальніцы з’явіліся на свет дзве тройні. Зараз дапамагаю жанчынам у паліклініцы. Па маіх назіраннях, сённяшнія асіпаўчанкі грунтоўна і сур’ёзна ставяцца да свайго рэпрадуктыўнага здароўя: своечасова праходзяць неабходныя абследаванні, здаюць аналізы, пры неабходнасці наведваюць вузкіх спецыялістаў. Гэта радуе!

Настаўніка гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 2 імя М.Р. Абросімава Неанілу Цыганок ведаюць далёка за межамі горада. На працягу 23 гадоў педагог актыўна займаецца краязнаўчай работай адразу ў некалькіх кірунках. Разам з вучнямі яна даследавала скрыжаванне гісторый двух гарадоў-пабрацімаў — Асіповічаў і Кранштата — у гады Вялікай Айчыннай вайны, упершыню ўстанавіла імёны 29 жыхароў раёна, якія абаранялі Ленінград і Кранштат у той суровы час або перанеслі блакаду, даследавала факты генацыду ў дачыненні да насельніцтва цяперашняй вёскі Градзянкі, гісторыю мясцовага падпольнага руху.

Асноўная навуковая цікавасць краязнаўцы — Халакост у Асіповіцкім раёне. Збор і сістэматызацыя інфармацыі па гэтай тэме вядзецца з 2005 года. Неаніле Львоўне ўдалося ўстанавіць прозвішчы 154 яўрэяў — жыхароў райцэнтра, якія загінулі ад рук фашыстаў, але адсутнічаюць у спісах кнігі “Памяць”. Разам з вучнямі яна хадайнічала аб прысваенні ветэрынарнаму ўрачу Аляксею Дзянісаву і святару Стэфану Кучынскаму, якія ратавалі яўрэяў у гады вайны, звання “Праведнік народаў свету”.

Атрыманая падчас даследавання інфармацыя друкавалася ў СМІ і была аб’яднана ў кнігі — трылогію “Вайна вядомая… і невядомая” і “Асіповічы: трагічныя старонкі”. Шмат гадоў пад кіраўніцтвам Неанілы Львоўны працавалі лектарскія групы з ліку навучэнцаў СШ № 2, створаныя для інфармавання насельніцтва па тэме Халакоста. Зараз функцыянуе лектарская група, члены якой расказваюць школьнікам пра подзвіг Героя Савецкага Саюза Міхаіла Абросімава, імя якога носіць школа.

Дзякуючы ініцыятыве асіпаўчанкі ў лістападзе 2021 года быў устаноўлены по­мнік на месцы расстрэлу ў 1942 годзе яўрэяў станцыі Ясень, а ў ліпені 2022 года — мемарыяльная дошка на месцы перапахаван­ня расстраляных нацыстамі ў 1941 годзе яўрэяў мястэчка Лапічы.

Сёння Неаніла Цыганок сумесна з работнікамі райвыканкама займаецца пошукам доказаў па фактах генацыду ў гады Вялікай Айчыннай вайны, працуе над наданнем статусу воінскіх тым пахаванням, якія яго не маюць, правядзеннем рэстаўрацыі і ўстаноўкі новых помнікаў героям вайны.

Наталлю Пахоменка многія землякі ведаюць як жанчыну дзелавую, актыўную, мэтанакіраваную і паспяховую. Яе шлях у бізнес пачынаўся з адкрыцця кіёска з прадуктамі харчавання на прывакзальнай плошчы. Крыху пазней з’явілася гандлёвая кропка на рынку ў цэнтры горада, затым — арэнда ў краме “Авангард”, а праз некаторы час — і ўласны прадуктовы магазін на паўднёвым баку горада. Паступова сфера дзейнасці Наталлі пашырылася: набыццё нерухомасці, будаўніцтва.

— Зараз я заснавальнік ААТ “Камбінат грамадскага харчавання”, — адзначае асіпаўчанка. — Наш цэх вырабляе і пастаўляе прадукцыю ў гандлёвыя кропкі на вакзале, у райбальніцы, а таксама булачную ў цэнтры горада. Асноўны ж бізнес — прадастаўленне памяшканняў у арэнду. Нядаўна адчыніў дзверы новы гандлёвы цэнтр “Пралеска”, куды таксама запрашаем патэнцыяльных арандатараў. Планаў па далейшым развіцці шмат, але нездарма ж існуе прымаўка, што калі хочаш рассмяшыць бога, раскажы яму пра свае планы. Проста веру, што ўсё будзе своечасова і ўдала.

Неафіцыйнае званне самай шматдзетнай мамы раёна з гонарам носіць асіпаўчанка Раіса Шамак. Праўда, дзетак у яе сям’ю прыносіў не бусел…

— Родныя дачка з сынам выраслі, а нерастрачаных любові і клопату засталося яшчэ шмат, — распавядае жанчына. — Да таго ж у краіне пачаўся працэс рэарганізацыі інтэрнатаў, выхаванцаў якіх прапаноўвалі ўзяць у сем’і. Пасля нядоўгіх роздумаў мы з мужам Аляксандрам рашыліся на такі адказны і няпросты крок. Так у нас з’явілася Кацярына. З часам стала зразумела, што малой адной сумна, але жылплошча не дазваляла ўзяць яшчэ адно дзіця.

Сітуацыя змянілася ў 2005 годзе, калі раённай уладай было прынята рашэнне аб адкрыцці новага дзіцячага дома сямейнага тыпу. Пары прапанавалі пасаду бацькоў-выхавальнікаў і пяць рознаўзроставых дзяцей пад апеку. Раіса і Аляксандр пагадзіліся і за 21 год змаглі выхаваць 46 дзяцей, многія з якіх ужо абзавяліся сваімі сем’ямі, але не забываюць дарогу ў дом, які стаў ім родным.

— Быць бацькам-выхавальнікам — гэта не толькі велізарная адказнасць, але і неверагоднае шчасце, — усміхаецца Раіса Мікалаеўна. — Кожнае дзіця — асобная гісторыя, і кожная гісторыя ўнікальная.

Агата ЗІМІНА

Последние новости

Общество

На Асіповіччыне ўручылі «Бацькаву кашулю»

17 сентября 2026
Читать новость
Общество

Горячая линия по вопросам соблюдения нанимателями требований законодательства об охране труда

17 сентября 2026
Читать новость
Власть

Лукашенко: День народного единства символизирует национальное достоинство и историческую справедливость

17 сентября 2026
Читать новость
Здравоохранение

О профилактике острых респираторных инфекций

17 сентября 2026
Читать новость
Общество

Гороскоп для всех знаков на 17 сентября

17 сентября 2026
Читать новость
Общество

«Вместе мы — сила: осиповичане о значении Дня народного единства

17 сентября 2026
Читать новость

Рекомендуем