“Аўталаўка — гэта свята!” — так лічаць жыхары малых населеных пунктаў Асіповіцкага раёна

Каля месяца назад на Асіповіччыне пачаў дзейнічаць яшчэ адзін магазін на колах. За непрацяглы час працы аўталаўка ТАА “Прусакоў” набыла папулярнасць сярод насельніцтва. Пераканаліся ў гэтым, праехаўшы па адным з яе маршрутаў з прадаўцом Святланай Касалапавай і вадзіцелем Васіліем Сямёнавым.
Забяспечаць прадуктамі ўсіх
Рабочы дзень экіпажа аўтамагазіна пачынаецца а палове восьмай з загрузкі тавару. Калі ўсе скрыні з прадуктамі занялі належныя месцы, прадавец атрымлівае свежапасечаную свініну, і машына накіроўваецца на хлебазавод, дзе папаўняецца цёплымі яшчэ боханамі і батонамі.
І толькі пасля гэтага аўталаўка пачынае свой шлях. На календары серада, таму чакае маршрут № 2. Па дарозе Святлана расказвае аб сваёй рабоце:
— Усяго распрацавана пяць маршрутаў, такім чынам, каб ахапіць увесь раён. У працэсе работы яны крыху карэктыруюцца. Напрыклад, спачатку прадугледжвалася заязджаць у садаводчае таварыства “Гай”, але аказалася, што тамашнія насельнікі не маюць патрэбы ў паслугах нашага аўтамагазіна, затое жыхары Ясянёўкі і Грынёўкі, да якіх першапачаткова не заязджала крама, папрасілі наведвацца і ў іх паселішчы. Наша задача — забяспечваць свежымі прадуктамі менавіта тых, хто мае ў іх патрэбу.
Ёсць магчымасць выбару
Першы пункт прыпынку — вёска Прудок. Васілій Міхайлавіч праязджае да канца вуліцы, час ад часу парушаючы вясковую ціш пранізлівым гукам аўтамабільнага клаксана, па якому жыхары беспамылкова вызначаюць: прыбыў аўтамагазін. І выходзяць да ўмоўленага месца гандлю. У Прудку такіх, напрыклад, тры. У першым да аўталаўкі падышоў Уладзімір Цвырко. Спрактыкавана аглядзеў вітрыну, хутка вы-значыўся з выбарам.
— Цудоўны магазін, — адзначае пакупнік. — Усё, што трэба, ёсць. Асартымент мяне задавальняе. Не трэба ездзіць у горад.
На другім прыпынку за прадуктамі завіталі адна за адной тры жанчыны. Кожная атаварвалася даволі доўга, выбіраючы малочную, мясную прадукцыю, агародніну. Не забываліся і пра чацвераногіх сяброў, для якіх набывалі ліверку і косткі. Святлана цярпліва нагадвала кожнай, тавары якіх груп яны яшчэ не ўзялі.
На апошнім прыпынку да магазіна на колах не выйшаў ніхто, хоць чакалі дзвюх пакупніц: раз на раз не прыходзіцца.
Машына накіроўваецца ў Коханаўку. Святлана расказвае, што вялікім попытам вяскоўцаў карыстаецца свежая свініна, “пальцам піханая” каўбаса. Таксама свежая выпечка і паўфабрыкаты, такія як галубцы. Гэтыя тавары раскупляюцца хутчэй за іншыя. Добра бяруць землякі малочную прадукцыю, прычым розных прадпрыемстваў, у тым ліку і Рагачоўскага малочна-кансервавага камбіната. Ахвотна набываюць хлеб — асіповіцкі, слуцкі. Дарэчы, аўталаўка райста, якая абслугоў-вае населеныя пункты, прапаноўвае глускі, а прыватнага прадпрымальніка — бабруйскі. Такім чынам, пакупнікі маюць магчымасць выбара, і гэта цудоўна. Прадавец адзначае, што хлеб “Панскі” і батоны мясцовага прадпрыемства карыстаюцца асаблівым попытам.
Каўбасы ў халадзільніках крамы таксама прадстаўлены ў шырокім асартыменце і розных вытворцаў.
“З такім прадаўцом набудзеш усё”
Летам гандаль ідзе актыўна, бо колькасць жыхароў у населеных пунктах павялічваецца ў разы, а бабулі і дзядулі стараюцца пачаставаць унукаў рознымі ласункамі, таму ад мабільнага магазіна адыходзяць з асабліва важкімі сумкамі.
Пад’язджаем да Каранаў. Зноў па той жа схеме: праезд па вуліцы з “музыкай”, разварот — і назад, ужо з прыпынкамі. Ва ўмоўленым месцы аўталаўку чакалі некалькі сабак, якія паглядалі на транспартны сродак ў спадзяванні, што і ім штосьці перападзе. Тут жа з-за веснічак выбягае двое дзяцей, за імі падцягваюцца і старэйшыя.
— Дадзены аўтамагазін з’явіўся на нашых вуліцах нядаўна, але ўжо заслужыў павагу, — разважае Вольга Старавойтава. — Тут ёсць усё, што неабходна дачнікам і іх унукам. Прадукты заўсёды свежыя, разнастайныя.
Аўталаўка — гэта наогул свята для вёскі: кожны імкнецца да яе, каб набыць неабходнае і парадаваць родных, а таксама пагутарыць з аднавяскоўцамі.
— А калі яшчэ такі прадавец, як наша, дык і тое, чаго не збіраўся, набудзеш, — дадаюць яе суседкі.
Пакупнікі грунтоўна атаварваюцца, некаторыя прыхо-дзяць двойчы, успомніўшы, што не ўсё купілі. А метраў праз 100 ўжо чакае новая партыя жадаючых нешта набыць. Іван Пацкевіч, які калісьці працаваў на хлебазаводзе, разам з іншымі таварамі набывае і хлеб свайго прадпрыемства. Адзначае зручнасці аўталаўкі: не трэба ездзіць за прадуктамі ў горад, асартымент задавальняе, усе тавары і цэннікі — навідавоку, калі што трэба, прадавец падкажа.
Дзейнічаюць скідкі
Тым часам заімжыў дождж, і на наступным прыпынку людзі чакалі магазін на калёсах, прыкрыўшыся парасонамі і даж-джавікамі. Але атаварвацца не спяшаліся: выбіралі, як кажуць, са смакам.
— У графік укладацца не атрымліваецца, — пазней пракаменціраваў эпізод Васілій Сямёнаў. — На населены пункт адводзіцца 20 мінут. А прыпынкаў некалькі. Падганяць лю-дзей не можам і абслужыць павінны кожнага. Здараецца, замест 17 гадзін рабочы дзень заканчваем і ў 22. Асабліва напружаная субота: людзей у выхадны шмат. Затое суботні маршрут асабліва прыбыльны.
Вадзіцелю дапамагае ў рабоце тое, што ён чвэрць веку круціў баранку “хуткай дапамогі”, а потым працаваў вадзіцелем смеццявоза УКП ЖКГ, і за гэты час вывучыў раён як свае пяць пальцаў, таму манеўраваць на прасёлачных дарогах умее. На пытанне аб якасці шляхоў зносін адказвае, што бывае рознае. Напрыклад, вёску Татаркавічы наскрозь праязджаць на грузавой машыне не вельмі зручна, таму даводзіцца заязджаць паасобку з кожнага канца. Але ўсе пытанні рашаюцца. Кожны, хто мае патрэбу, атрымлівае тавар.
У Старым Сяле робім два прыпынкі. У агульнай колькасці падыходзяць пяць пакупніц, набываючы неабходнае.
У Коханаўцы гандаль больш ажыўлены. Да аўталаўкі спяшаюць прадстаўнікі некалькіх пакаленняў: малыя выбіраюць прысмакі, на якія людзі больш сталага веку не звяртаюць увагі, аддаючы перавагу звыклым малаку, каўбасе, капусце, сыру. Дарэчы, вялікая перавага аўтамагазіна ТАА “Прусакоў” у тым, што пенсіянерам ён прадстаўляе скідку ў памеры пяці працэнтаў. І калі ў гарадскіх магазінах дадзенай гандлёвай сеткі такая ільгота толькі ў першую палову дня, то ў аўтамагазіне — увесь час.
Хутка, якасна, ветліва
Назіраючы за работай Святланы Пятроўны, можна ад-значыць, што яна паспявае і пакупнікоў абслугоўваць, і за парадкам на паліцах сачыць, і на тэлефонныя званкі адказваць. А жыхары нярэдка тэлефануюць, задаюць пытанні, заказваюць пэўны тавар. Напрыклад, адна жыхарка Заельніка папрасіла прывезці ёй заўтра торт. А яшчэ і пагутарыць многія хочуць, бо часта прадавец — звязуючае звяно з навакольным светам. І хоць часу не стае, прадавец заўсёды вы-слухае і падтрымае.
За дзень аўталаўка абслугоўвае 100-150 пакупнікоў — хутка, якасна, ветліва. Здараецца, пад’язджаюць літаральна да брамы, калі вясковаму жыхару самому праблематычна падысці да патрэбнай кропкі. Па-сапраўднаму індывідуальны падыход!
Прайшло толькі тры з паловай гадзіны рабочага часу, наперадзе чакалі жыхары Дземенкі, Сухлава, станцыі Ясень і іншых населеных пунктаў, якіх працавітаму экіпажу аўтамагазіна трэба забяспечыць неабходнымі таварамі…