90 гадоў адзначыла сёлета жыхарка Татаркі Ларыса Жмыхава

Акрамя рускай і беларускай, Ларыса Аляксандраўна ведае польскую мову, на якой яе калісьці вучылі размаўляць і пісаць. Бо ў школу дзяўчынка пайшла яшчэ тады, калі яе малая радзіма, Мядзельшчына, была часткай Польшчы. Але аднавяскоўцы карысталіся пры зносінах больш роднай, беларускай, мовай.
На вачах гэтай жанчыны стваралася гісторыя, якую зараз унукі-праўнукі вывучаюць ва ўстановах адукацыі. У 1939 прыйшлі савецкія войскі. Тэрыторыя ўвайшла ў склад БССР. Аднавяскоўцы сталі перабірацца на хутары, а Ларысе падабалася жыць усім разам: з бабуляй і дзедам, бацькамі і сям’ёй татавага брата ў роднай вёсцы з такой пяшчотнай назвай Васюлькі.
Калі пачалася вайна, тата адправіўся абараняць краіну, вярнуўся толькі ў 1945 годзе. Нягледзячы на цяжкі час, бацькі дазволілі Ларысе атрымаць сярэднюю адукацыю. Пасля школы дзяўчыну, якая добра вучылася і актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці, пакінулі ў школе працаваць піянерважатай.
Займаючыся ў Мінску на курсах, пазнаёмілася са сваім будучым мужам, які атрымліваў у сталіцы лесатэхнічную адукацыю. Згуляўшы вяселле, маладыя паехалі ў Дубраўскае лясніцтва, якое месцілася воддаль ад населеных пунктаў. У акружэнні дрэў і пад птушыныя песні маладая сям’я пачала павялічвацца. Адзін за адным на свет з’явіліся два сыны і дзве дачкі.
А праз некалькі гадоў Жмыхавы пераехалі ў Асіповічы, дзе пражывала свякроў Ларысы. Муж узначальваў спачатку Градзянскае, а затым Татаркаўскае лясніцтва.
Больш за 60 гадоў Ларыса Аляксандраўна ў Татарцы. 30 гадоў працавала на пошце, насіла жыхарам пасёлка газеты і часопісы, якіх раней выпісвалі шмат. Заўсёды любіла чытаць і зараз з цікавасцю знаёміцца з навінамі сваёй краіны, а таксама раёна.